Дом Мікалая Статкевіча знясуць

Стала вядома, што дом, у якім жыве былы палітвязень Мікалай Статкевіч, усё-такі будзе знесены.

“Лічу, што гэта не простае супадзенне, – распавёў палітык сайту palitviazni.info. – Гэта помста…”

3 траўня прынеслі паведамленне аб тым, што наш дом будзе знесены “в связи с изъятием земли для государственных нужд”, – напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбук Марына Адамовіч – жонка Мікалая Статекіча. – Рашэнне, нібыта, канчатковае. Форма паведамлення – хамская. Спачатку УКС даслаў ўльтыматыўнае патрабаванне прыбегчы да іх і дакументы “правоустанавливающие” ім выдаць, інакш яны на цябе ў суд пададуць, і толькі потым ужо родная дзяржава субожылася паведаміць, што вельмі ёй спатрэбілася лошыцкая зямля – панэлькамі ўпрыгожыць вырашылі?..”

“Яшчэ ў мінулым годзе было прынята рашэнне змяніць генплан, – распавядае перадгісторыю  Мікалай Статкевіч. – Пры гэтым дзіўным чынам супала, што рашэнне прынялі на наступны дзень пасля акцыі супраць фальсіфікацый падчас так званых парламенцкіх выбараў. А зараз пацвярджэнне аб зносе дома прыйшло ў дзень, як я выйшаў з “сутак”, хаця рашэнне было прынята значна раней. Прыблізна ў той час, калі мне давалі 5 сутак арышту”.

Палітык мяркуе, што “такія супадзенні невыпадковыя, улады любяць рабіць намёкі”.

“Нам раяць рыхтавацца да пераезду, а ўзамен будуць прапаноўваць кватэру, як кажуць, “тыпавых спажывецкіх якасцей”, – працягвае ён. – Натуральна, што не параўнаць з домам. У той жа час перанесці яго ў іншае месца ў Мінску не прапаноўваецца. Да канца месяца павінны вызначыцца з варыянтам, які будзе прапанаваны. А зараз трэба добраахвотна прынесці ўсе дакументы на маёмасць”.

Са слоў Статкевіча, рашэнне можна было б абскардзіць, але наўрад ці гэта дасць нейкі эфект.

“Вы ж ведаеце, як суды разглядаюць справы, калі там прысутнічае палітыка. Суддзя там нічога не вырашае, – дадае Мікалай Статкевіч. – Таму дом знясуць”.

palitviazni.info

Фота: tut.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Барыс Гарэцкі
  • Уладзімер Лыско
  • Алесь Стральцоў
  • Мікола Статкевіч