Ці кампенсуюць Андрэю Бандарэнку ўрон за яго турэмныя “прыгоды”?

Былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн» Андрэй Бандарэнка, які не так даўно выйшаў з турмы,  будзе судзіцца з дзяржаўнымі органамі.

18 мая ў судзе Ленінскага раёна Магілёва адбудзецца разгляд заявы Бандарэнкі аб прызнанні за ім права на кампенсацыю маральнага, маёмаснага і фізічнага ўрона, нанесенага незаконнымі дзеяннямі дзяржаўных органаў, якія фальсіфікавалі крымінальную справу па арт.411 КК Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, што былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення, у 2014 годзе прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Тэрмін пакарання ў Бандарэнкі заканчваўся 31 сакавіка 2017 года, аднак яго маглі прызнаць вінаватым па крымінальнай справе, якую завялі за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Андрэю Бандарэнку было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне па ч.2 арт 411 УК – “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства”. Яму пагражала пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Праваабаронцы раней заяўлялі: калі Андрэй Бандарэнка атрымае новы тэрмін зняволення па гэтым артыкуле, то ён можа быць прызнаны палітзняволеным. Аднак суд яго апраўдаў.

“18 мая пройдзе фармальнае паседжанне суда, падчас якога прызнаюць за мной права на кампенсацыю, – распавёў Андрэй Бандарэнка сайту palitviazni.info.Такая працэдура прадугледжана дзеючым заканадаўствам. Але асноўныя падзеі пачнуць разгортвацца пасля таго, як мы з адвакатам пададзім ужо рэальныя іскі да казны і Міністэрства фінансаў, нягледзячы на тое, што ўрон мне нанесены фактычна УСК па Магілёўскай вобласці і ПУ “Турма №4″. У далейшым Мінфін мае права падаць рэгрэсны іск да таго, чыімі дзеяннямі мне нанесены ўрон, але, як правіла, дзяржава не спаганяе грошы са сваіх органаў, бо тыя не маюць уласнага фінансавання”.

Са слоў Бандарэнкі, супрацоўнікаў турмы таксама наўрад ці прыцягнуць да адказнасці.

“Па-першае, яны выконвалі загад, – кажа ён. – Па-другое, дзяржава пабаіцца ствараць прэцэдэнт і палохаць іншых сілавікоў адказнасцю за супрацьпраўныя дзеянні. Але больш за любую кампенсацыю мне хацелася б пабачыць на лаве падсудных супрацоўнікаў турмы №4. Гэта стала б для мяне самай каштоўнай кампенсацыяй і поўнай рэабілітацыяй. Тым не менш, створаны добры прэцэдэнт, якія дазваляе прадэманстраваць, якім чынам артыкул 411 выкарыстоўваецца супрацоўнікамі пенітэнцыярнай сістэмы. Абсалютна зразумела, што сёння, пры поўнай адсутнасцю грамадскага кантролю і фармалізацыі наглядных функцый пракуратуры, гэты артыкул выкарыстоўваецца для рэпрэсій і пераследу іншадумцаў. Гэты крымінальны артыкул – праблема, з якой трэба змагацца”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юры Казак
  • Віктар Івашкевіч
  • Андрэй Абозаў
  • Кацярына Садоўская