Вячаслаў Касінераў: Сядзець за свае перакананні не страшна

На мінулым тыдні палітвязню Вячаславу Касінераву была зменена мера стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе. 27 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска распачнецца разгляд крымінальнай справы актывіста.

Напярэдадні суда Вячаслаў Касінераў распавёў сайту palitviazni.info пра сваё затрыманне, знаходжанне ў СІЗА і перспектывы сваёй справы.

Нагадаем, Вячаславу Касінераву прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за праведзены ім 12 сакавіка 2017 г. каля будынку МУС перформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога, выказаўшы такім чынам свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Праваабарончыя арганізацыі выступілі з заявай аб прызнанні Вячаслава Касінерава палітычным зняволеным і патрабуюць ад уладаў Беларусі спынення крымінальнага пераследу і яго неадкладнага вызвалення.

– Вячаслаў, ці было для вас нечаканым затрыманне за перформанс?

– Не было, бо разумеў, што гэта можа здарыцца. Але ж было нечаканым, па якім артыкуле прад’явілі абвінавачванне, бо з большага я арыентаваўся ў юрыдычных нормах. Асабліва гэта тычыцца акцый, у якіх прымаю ўдзел. Таму, калі мяне затрымалі, як крымінальнага злачынцу, то гэта было дзіўна. Але напужаным я дакладна не быў.

– Якія былі ўмовы ў ізалятары і стаўленне праваахоўнікаў?

– У ізалятары я знаходзіўся ў так званай “прэсхаце”. На прагулках, дзе я мог пабачыць сяброў (пасля затрыманняў 15-га), мне казалі, што маёй камерай пужалі ўсіх. Днём нярэдка ў мяне забіралі матрац, а на пытанне, чаму так робяць, адказвалі прыкладна так — “сакрэтны загад кіраўніцтва”.

Акрамя таго, спецыяльна саджалі 8-9 чалавек у камеру на 4 месцы. А аднойчы ўвогуле ў камеры ноччу было 10 чалавек. Да таго ж, у астатні час падсаджвалі людзей, якія на волі былі, як кажуць, без вызначанага месца жыхарства. На праверках міліцыянты цырыманіяльна круцілі носам, апраналі марлевыя павязкі на твар і пальчаткі. Яны нібыта пляваліся, заходзячы ў камеру, бо там быў дрэнны запах. Праўда, я ім казаў, што гэта пасля іх трэба праветрыць камеру.

– Што наогул думаеце пра ўсю гэтую справу і яе судовыя перспектывы?

– Асабіста мае ўражанні ад справы – гэта помста. Нейкая асабістая крыўда той часткі нашага грамадства, якую міністр унутраных спраў азначыў, як “наймацнейшы аргумент улады”. Адным словам, міліцыя пакрыўдзілася. Яны паставілі ідала, а я меў нахабства на яго замахнуцца.

Што тычыцца судовых перспектыў, то для мяне галоўнае тое, што я выказаў сваё меркаванне, і нягледзячы на ціск, пагрозы і захады з пазбаўленнем мяне волі, не адрокся ад сваёй пазіцыі, паспеў данесці да сяброў і паплечнікаў думку пра тое, што сядзець за свае перакананні не страшна. Варта трымацца годна ў любых умовах і любой сітуацыі. Рады, што маю велізарную падтрымку з боку сваіх сяброў, блізкіх і грамадзянскай супольнасці.

Таму судовае рашэнне, шчыра кажучы мяне, мяне не хвалюе. Я гатовы да ўсяго, для мяне зараз найбольш важка тое, што я выказаўся справядліва і па справе. І я гатовы пацярпець за гэта, бо ведаю, што права свабоды слова у гэтай краіне, на жаль, нярэдка звязана з турмамі і рэпрэсіямі.

palitviazni.info

Фота Юліі Дарашкевіч.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Анатоль Букас
  • Мікола Маркевіч
  • Алесь Чарнышоў
  • Павал Сырамолатаў
  • Мечыслаў Яськевіч