Елізавета Шчапяцільнікава: Змены ў палітычным жыцці Украіны прывялі да таго, што асяродак для студэнтаў стаў бяспечным

Cтаршыня Украінскай асацыяцыі студэнтаў Елізавета Шчапяцільнікава, якая кіравала гэтай арганізацыяй у 2010-2014 гадах, распавяла сайту palitviazni.info пра тое, ці ёсць ва Украіне палітычныя пераследы студэнтаў, і якая роля прыйшлася на студэнцкую супольнасць падчас Майдана.

“Украінскіх студэнтаў заўсёды хвалявалі пытанні, якія звязаны са стратэгічным развіццём краіны”, – кажа суразмоўца.

– Палітычная актыўнасць студэнтаў ва Украіне даволі значная, – распавядае Елізавета. – Многія цікавяцца палітычным жыццём, маюць сваё меркаванне. Ніхто не баіцца, у адрозненні ад сітуацыі ў Беларусі, выказваць свае думкі.

Таксама ў нас ёсць норма, што на сваіх занятках выкладчыкам забаронена прапагандаваць нейкую палітычную сілу альбо ідэю, але плюралізм ва ўніверсітэтах дастаткова развіты. Хаця ёсць і асобныя выкладчыкі савецкай школы (асабліва ва ўсходніх абласцях), якія да гэтага часу выказваюць настальгію па СССР і могуць выкладаць з ухілам на савецкія традыцыі.

– Кажуць, што студэнцтва праявіла сябе і падчас Майдана…

– Майдан, уласна кажучы, і пачынаўся са студэнцкага пратэста, бо ўсе ведаюць, што 21 лістапада 2013 году першая арганізаваная група, якая выйшла на вуліцу, гэта была група студэнтаў. Моладзь разумела, што ў іх крадуць будучыню, і ў кантэксце падтрымкі еўрапейскага вектара развіцця краіны ўзровень разумення, што студэнты бачаць сябе ў будучым у Еўропе, быў дастаткова высокі. Студэнтаў заўсёды хвалявалі пытанні, якія былі звязаны са стратэгічным развіццём краіны. Таму яны пачыналі Майдан і працягвалі яго. На плошчы было шмат студэнцкіх ініцыятыў, праводзіліся розныя акцыі.

І тут вельмі важна разумець, што студэнты нават з апазіцыяй, якая зараз ва ўладзе, заўсёды трымаліся на роўных. Яны былі прадстаўлены і ў савеце Майдана, якія быў каардынацыйным органам, і падчас прыняцця нейкіх рашэнняў па прапановах новага ўраду, і па прыярытэтных рэформах. Магчыма, таму і Закон аб вышэйшай адукацыі стаў адным з першым, за які парламент прагаласаваў пасля Еўрамайдана. У студэнтаў было вельмі яскравае разуменне таго, што для нас гэта – прыярытэт. У гэтым плане студэнцкая супольнасць была вельмі кансалідаваная.

– У Беларусі палітычна актыўных студэнтаў адміністрацыя ВНУ нярэдка пераследуе, ёсць выпадкі адлічэнняў. Як з гэтым ва Украіне?

– Зараз палітычныя пераследы адбываюцца хутчэй на ўзроўні ўніверсітэцкай палітыкі, бо карупцыя – гэта ўсё-такі самы вялікі вораг украінскага грамадства ў цэлым. І калі студэнты пачынаюць наступаць на кіраўніцтва ВНУ, то гэта прыводзіць да канфліктаў. Але за межамі гэтага палітычнага пераследу няма.

Зрэшты, падчас прэзідэнцтва Віктара Януковіча прысутнічалі факты, калі студэнты занадта гучна заяўлялі пра неабходнасць студэнцкіх рэформаў, і тады былі нават пагрозы адлічэння з ВНУ. Але зараз змены ў палітычным жыцці краіны прывялі да таго, што асяродак для студэнтаў стаў бяспечным.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Буланаў
  • Алег Гнедчык