Алег Гулаг: Чаму не судзяць тых, хто залазіць на каня ля Гарадской ратушы?

27 красавіка распачнецца разгляд крымінальнай справы актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава, якога пераследуюць за перформанс са статуяй паліцэйскага-гарадавога каля будынка МУС. Праваабаронцы ўжо прызналі Касінерава палітвязнем.

Кіраўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак распавёў сайту palitviazni.info, пра “абсурднасць гэтай справы”.

Нагадаем, Вячаславу Касінераву прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за праведзены ім 12 сакавіка 2017 г. каля будынку МУС перформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога, выказаўшы такім чынам свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

“Праваабаронцы ўжо сказалі сваё слова, але асабіста ў мяне склалася ўражанне, што справа з’явілася з-за таго, што кіраўніцтва міліцыі вельмі пакрыўдзіліся на Касінерава за яго ўчынак, – кажа Алег Гулак. – Сюды можна дадаць агульнае негатыўнае стаўленне сілавікоў да анархістаў, і, як кажуць, пазлы склаліся ў адну карціну. У выніку і ацэнка таго, што здзейсніў малады чалавек, яўна неадэкватная з боку праваахоўнікаў”.

Праваабаронца адзначае, што ва ўчынку Касінерава ніякага “асабліва цынізму” не можа быць, таму што скульптура гарадавога – не нейкая культурная каштоўнасць, а простая статуя, якая нічым не адрозніваецца ад тых, што стаяць, напрыклад, на Камароўскім рынку альбо ля Гарадской ратушы.

“Ля ратушы стаіць скульптура “Экіпаж”, на каня штодзень людзі залазяць, – праводзіць паралелі Алег Гулак. – Калі зыходзіць з міліцэйскай логікі, то такія дзеянні грамадзян таксама можна кваліфікаваць, як хуліганства. Тэарэтычна і іх можна судзіць. Смешна выглядаюць заявы міліцэйскіх кіраўнікоў, што месца, дзе стаіць гарадавы, “святое”. Ад чаго яно стала святым? Толькі з-за таго, што міністр унутраных спраў адкрыў скульптуру? Ці з-за таго, што ў гарадавога ёсць нейкія пагоны? Калі вы не хочаце, каб людзі выказвалі непавагу да міліцыі праз нейкія дзеянні ў дачыненні да скульптуры, дык не правакуйце народ – наогул не стаўце такія статуі. Альбо пастаўце ў двары МУС і маліцеся ля гэтага святога месца”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Стральцоў
  • Яўген Скочка
  • Наста Дашкевіч
  • Аляксандар Казакоў
  • Іван Шыла