На сёняшні момант праваабаронцам вядома пра 21 затрыманага фігуранта справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, узбуджанай па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса. З іх 18-ці прад’яўлена абвінавачванне. Гэтую справу інакш яшчэ называюць і “справай патрыётаў”.
“У мяне склалася ўражанне, што ўся гэтая справа – частка нейкай больш вялікай правакацыі, якая, дзякуй Богу, не здарылася”, – распавёў сайту palitviazni.info былы палітвязень і адзін з лідараў апазіцыі Мікалай Статкевіч.
Нагадаем, што частка 3 артыкула 293 КК “Масавыя беспарадкі” гучыць так: “Навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, якiя суправаджаюцца ўчыненнем дзеянняў, прадугледжаных часткай першай гэтага артыкула, а таксама фiнансаванне цi iншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці”.
Па гэтым артыкуле фігурантам справы пагражае арышт на тэрмін да шасці месяцаў або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.
“У 2010 годзе ў турме КДБ мне паказвалі фотаздымкі зброі, якую нібыта знайшлі ў офісе ў маім стале, – напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў. – Некалькі гранат, два пісталеты… Я папрасіў следчага прынесці адзін пісталет на допыт. Ёе не прынёс… Я гэта да чаго? Да таго, што КДБ усё ж лепіць «справу баевікоў», чальцоў няіснага «Белага легіёну», у якіх таксама нібыта знайшлі нейкую зброю. І я баюся, што пасля размовы з Пуціным, у якой Лукашэнка завіў, што «жыць нам спакойна ніхто не дасць», справу далепяць. Што ні ў чым не вінаватых людзей пасадзяць, хоць доказы ў гэтай “справе” такія ж, як некалі ў майго следчага”.
– Маё меркаванне, што па гэтай справе ва ўлады нічога няма, – дадае Мікалай Статкевіч. – Яе можа толькі фальсіфікаваць. Напрыклад, па БТ паказалі Сяргея Кунцэвіча, якому прад’яўлена абвінавачванне па справе, і паказалі машыну, з якой дасталі нейкія бутэлькі з вадкасцю. Але ёсць відэа, якое зняў невядомы мне чалавек. На ім – тыя самыя “кактэйлі” дастаюць спачатку з міліцэйскага аўтобуса. Таму мы ўсе гэтыя факты перадалі дэлегацыі Еўрасаюза, Еўрапарламента, а таксама ўсім сацыял-дэмакратычным партыям Еўропы і ў сусветнае аб’яднанне – Сацыялістычны інтэрнацыянал. Міжнародная грамадскасць павінна ведаць, да якіх метадаў апускаюцца беларускія ўлады. Увогуле, у мяне склалася ўражанне, што ўся гэтая “справа патрыётаў” – частка нейкай больш вялікай правакацыі, якая, дзякуй Богу, не здарылася.
– Якія, на ваш погляд, перспектывы гэтай справы?
– Я думаю, што, калі людзі крышку забудуцца пра гэтыя фільмы і гэтыя істэрыі, калі ўлада таксама вырашыць супакоіцца, то і фігурантаў справы будуць паціху вызваляць.
– Як на Захадзе ставяцца да ўсяго гэтага? Ці ёсць з гэтай нагоды нейкая вызначаная пазіцыя альбо пакуль там вырашылі не псаваць адносіны з афіцыйным Мінскам?
– Заходнія чыноўнікі вельмі шкадуюць сваіх намаганняў па наладжванні дыялогу з Мінскам, а таму тыя, хто будаваў гэтыя масты, павінен зараз скрыгатаць скрозь зубы, хаця многія дэманструюць шчырае абурэнне. Калі ж 1 мая, у дзень, калі мы плануем чарговую акцыю, улады дазволяць сабе нешта накшталт таго, што было 25 сакавіка, то можа змяніцца ў момант і заходняя палітыка да Беларусі. Але ў такім выпадку хаця б нашым унукам і дзецям не давядзецца вяртаць заходнія крэдыты. Бо беларускія ўлады іх проста не атрымаюць.
palitviazni.info