Уладзімір Някляеў: Няхай уся гэтая сітуацыя застаецца на чалавечым сумленні

Днямі былы палітвязень Уладзімір Някляеў перанёс гіпртанічны крызіс падчас свайго знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання ў Брэсце.

Палітык распавёў сайту palitviazni.info, як ён сябе зараз пачувае.

“Рэжым 20 гадоў ляпіў людзей, якія б не зважалі ні на што чалавечае і выраблялі тое, што ім прыйдзе ў галаву”, – кажа спадар Някляеў.

Як ужо паведамлялася раней, у ноч з 24 на 25 сакавіка па дарозе з Варшавы ў Мінск адзін з лідараў апазіцыі Уладзімір Някляеў быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП на чыгуначным вакзале ў Брэсце і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС. Там у яго здарыўся гіпертанічны крыз, і хуткая дапамога даставіла хворага ў бальніцу.

– Спачатку з вакзала мяне прывезлі ў ізалятар, дзе я правёў ноч і амаль увесь наступны дзень, – успамінае экс-кандыдат у прэзідэнты. – Не думаў, што мяне “праб’е” гіпертанічны крыз, таму што, пачынаючы з 2010 году, я асцерагаўся. Пастаянна меў лекі з сабой, і штодзённа іх прымаў. Але ж перад паездкай у Варшаву не думаў, што мяне затрымаюць, а таму ўзяў лекі толькі на тры дні. Калі затрымалі, сказаў, што мне неабходны лекі, прасіў як-небудзь мяне забяспечыць імі – альбо купіць, альбо выклікаць доктара. У адказ было заяўлена, што ў суботу ў доктара выхадны дзень, а таму ніякіх прэпаратаў з гэтай прычыны мне даць не могуць.

– Якімі былі ўмовы ўтрымання?

– Камера была не кшталту “люкс”, і ў дадатак там усе палілі. Але я не столькі за сябе хваляваўся, колькі за сваю жонку, якая, натуральна, перажывала за мяне. Прасіў, каб можна было з ёй паразмаўляць, але не дазволілі. Я стаў нервавацца, падняўся ціск. І колькі не грукаў у дзверы, як не прасіў, адказ быў адзін: “Не дазволена”. Адзінае, на прагулку на вуліцу вывелі, але ўжо тады адчуваў, што ціск у мяне зашкальвае. А ўвечары, калі вырашыў прылегчы на нары, мне стала дрэнна. Хлопцы па камеры сталі грукаць у дзверы, выклікалі доктарку, якая ў сваю чаргу выклікала “Хуткую”, бо ўбачыла мой стан.

Карацей, няхай уся гэтая сітуацыя застанецца на чалавечым сумленні. Гэты рэжым 20 гадоў ляпіў людзей, якія б не зважалі ні на што чалавечае і выраблялі тое, што ім прыйдзе ў галаву. Праўда, хачу адзначыць, што ў лякарні са мной абыходзіліся нармальна і аказвалі ўсю неабходную дапамогу.

– Як вы зараз сябе пачуваеце? Ваша жонка кажа, што патрэбна медыцынскае абследванне…

– Калі ў мяне пытаюць пра тое, як я сябе пачуваю, то адказваю так: “Вертыкальна”. А жонка мне ўвесь час кажа яшчэ горшыя рэчы. І яны палягаюць у тым, што, маўляў, Бог прывёў мяне на гэты белы свет пісаць, а не па вуліцах і плошчах бегаць. Але я ёй адказваю так: “Паглядзі, што робіцца наўкол. Паглядзі, як вынішчаецца мова, на якой я пішу. А калі ніхто ўжо не будзе на ёй чытаць, то навошта мне тады пісаць і жыць?”

palitviazni.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

19.12.2019 Уладзімір Някляеў: У 2010 годзе на плошчу выйшлі людзі, якія разумеюць жыццё не толькі як спосаб есці і піць…

28.10.2019 Уладзімір Някляеў: Сядзець не магу – працую над раманам стоячы…

24.07.2019 Уладзімір Някляеў: У Мінску ў мяне ёсць справы і асабістыя, і палітычныя

14.06.2019 Уладзімір Някляеў: Знаходжанне ў следчым ізалятары КДБ у 2010 годзе нагадвае пра сябе і ў Швецыі

15.05.2019 Уладзімір Някляеў дасць у Швецыі прэс-канферэнцыю

31.01.2019 Уладзімір Някляеў: Са “справы БЕЛТА” атрымаўся чарговы пшык

08.08.2018 Уладзімір Някляеў: Гэта толькі нагода для таго, каб правесці ператрусы…

02.08.2018 Уладзімір Някляеў: Хто стварыў суды, у якіх суддзя – проста балванчык?

27.06.2018 Уладзімір Някляеў: Гэта наўпроставае знішчэнне незалежнага прафсаюза…

26.03.2018 Уладзімір Някляеў: Кіраўніцтва адной амбасады паклапацілася пра тое, каб мне перадалі лекі ў камеру

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вінцук Вячорка
  • Уладзімір Кондрусь
  • Зьміцер Дрозд
  • Cяргей Антончык