Чаму перанеслі суд над Міхаілам Жамчужным?

23 сакавіка ў судзе Барысаўскага раёна прайшло чарговае пасяджэнне па разглядзе справы па накіраванні заснавальніка “Платформ інавэйшн” Міхаіла Жамчужнага з папраўчай калоніі №14 ў турму. Але суд ізноў перанеслі – на 21 красавіка.

“Міхаіл хадайнічаў, каб у судзе былі дапытаныя супрацоўнікі калоніі  і зняволеныя, якія сведчылі, што ён здзяйсняў учынкі, у сувязі з якімі яго прыцягвалі да дысцыплінарнай адказнасці”, – распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, першае пасяджэнне было перанесена, паколькі не ўсе скаргі палітвязня на вынесеныя адміністрацыяй калоніі спагнанні, разгледжаны у судовым парадку.

Судовы працэс праходзіў на тэрыторыі калоніі №14, дзе адбывае пакаранне Жамчужны, але прадстаўнікоў грамадскасці тады на суд не дапусцілі. Гэтым разам працэс зрабілі адкрытым.

“Міхаіл Жамчужны заявіў шэраг хадайніцтваў, і некаторыя з іх суддзя задаволіў, – распавядае праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які прысутнічаў на судзе. – У сувязі з гэтым разгляд справы і быў перанесены на 21 красавіка”.

Са слоў праваабаронцы, адно з хадайніцтваў было звязана з тым, каб выклікаць у суд і дапытаць у якасці сведкаў тых зняволеных, якія ў калоніі сведчылі, што Жамчужны здзяйсняў учынкі, у сувязі з якімі яго прыцягвалі да дысцыплінарнай адказнасці.

“Акрамя гэтага, Міхаіл хадайнічаў, каб у судзе былі дапытаныя супрацоўнікі калоніі, – дадае Валянцін Стэфановіч.Да таго ж, яшчэ будуць разглядацца скаргі палітвязня на дысцыплінарныя спагнанні, якія былі пададзены раней. У сувязі з усімі гэтымі акалічнасцямі справа і перанесена амаль на месяц”.

“Паразмаўляць з Міхаілам Жамчужным мы не маглі, але было бачна, што ён вельмі ўзрадаваны тым, што суд адкрыты, і праваабаронцы прыехалі яго падтрымаць”, – кажа Валянцін Стэфановіч.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Фота: facebook.com/taciana.reviaka

Іншыя палітычныя вязьні

  • Наста Дашкевіч
  • Тацяна Цішкевіч
  • Эдуард Пальчыс
  • Зьміцер Мядзьведзь