Таццяна Равяка: Хутчэй за ўсё, нам ізноў не дазволяць прысутнічаць на судзе па “справе Жамчужнага”

23 сакавіка суд Барысаўскага раёна працягне разглядаць справу па накіраванні заснавальніка “Платформ інавэйшн” Міхаіла Жамчужнага з папраўчай калоніі №14 ў турму. Першае пасяджэнне было перанесена, паколькі не ўсе скаргі палітвязня на вынесеныя адміністрацыяй калоніі спагнанні, разгледжаны у судовым парадку.

Судовы працэс праходзіў на тэрыторыі калоніі №14, дзе адбывае пакаранне Жамчужны, але прадстаўнікоў грамадскасці на суд не дапусцілі. Хутчэй за ўсё, па такім жа сцэнары пройдзе і наступнае пасяджэнне.

16 сакавіка Мінскі абласны суд прыняў рашэнне адмовіць у задавальненні касацыйнай скаргі палітвязня Міхаіла Жамчужнага на вынесенае спагнанне. Такім чынам, у выніку гэтага рашэння перашкодаў для суда ў прыняцці рашэння аб пераводзе Жамчужнага на турэмны рэжым утрымання не засталося.

Нагадаем, што, нягледзячы на тое, што праваабаронцы своечасова напісалі пісьмовыя заявы адносна магчымасці прысутнічаць на судовым паседжанні, якія накіравалі ў суд Барысаўскага раёна, ім было ў гэтым адмоўлена. Сакратарка суда паведаміла, што, маўляў, за дазволам трэба звяртацца ў Дэпартамент выканання пакарання.

Праваабаронцы так і зрабілі – звярнуліся ў Дэпартамент выканання пакарання. І зараз атрымалі адказ.

– Яшчэ раней намеснік старшыні Вярхоўнага суда патлумачыў нам, што “ў адпаведнасці з артыкулам 281 КПК рашэнне пытанняў пра месца і час судовага разбору, арганізацыі судовага пасяджэння адносіцца да выключнай кампетэнцыі суддзі, у вытворчасці якога знаходзіцца справа”, – распавяла сайту palitviazni.info праваабаронца Таццяна Равяка. – Калі ж мы звярнуліся ў Барысаўскі раённы суд, то там нам паведамілі, што такія пытанні мусіць вырашаць Дэпартамент выканання пакаранняў. Падрыхтавалі ліст туды, і зараз атрымалі адказ. У лісце з дэпартамента нам патлумачылі, чаму прадстаўнікоў грамадскасці не дапусцілі на суд, які праходзіў на тэрыторыі калоніі. Маўляў, таму, што гэта рэжымны аб’ект і “забеспячэнне вашага наведвання пацягне за сабой адцягненне супрацоўнікаў ад выканання мерапрыемстваў па ажыццяўленні нагляда ва ўстанове”.

– Атрымліваецца нейкае замкнёнае кола…

– Нам зразумелая пазіцыя Дэпартамента выканання пакаранняў – яны проста не захацелі, каб мы прысутнічалі на працэсе. Кругавую абарону ўзялі на сябе, як суд, так і дэпартамент. Намі былі пададзены звароты ў Мінскі абласны суд і Вярхоўны суд, каб тыя таксама выказалі сваю пазіцыю з нагоды незабеспячэння празрыстасці працэса, але пакуль адказаў адтуль яшчэ не было. А часу застаецца мала – суд над Жамчужным працягнецца ўжо 23 сакавіка. Таму, хутчэй за ўсё, сітуацыя прывядзе да таго, што нам ізноў не дазволяць прысутнічаць на працэсе.

Але гэта не азначае, што мы так проста пагодзімся з такім рашэннем дзяржаўных устаноў. Я думаю, што нам трэба будзе падаваць у суд на Дэпартамент выканання пакаранняў.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вадзім Лабковіч
  • Мікола Статкевіч
  • Яўген Скочка