Валянцін Стэфановіч: Спыніць рэпрэсіўны махавік будзе даволі складана

Што справакавала сітуацыю, калі ў краіне ізноў пачаліся рэпрэсіі? Якога развіцця падзей можна чакаць пасля акцый 15 і 25 сакавіка? Што для ўлады важней: запалохванне народа праз рэпрэсіі альбо добрыя стасункі з Захадам?

Пра гэта сайту palitviazni.info распавядае праваабаронца Валянцін СТЭФАНОВІЧ.

Арышты, пасадкі на “суткі” ў краіне працягваюцца, нягледзячы на тое, што Еўрасаюз і беларускія праваабаронцы заклікалі ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых падчас акцый пратэсту. Што чакаць далей?

– Калі казаць пра тое, хто справакаваў гэтую сітуацыю, то найперш да гэтага прывялі дзеянні ўладаў, – кажа Валянцін Стэфановіч. – Не людзі і не народ прыдумалі дэкрэт пра “дармаедаў” у той форме, у якой ён выйшаў, быў рэалізаваны і пачаў прымяняцца. Гэта і стала асноўным штуршком да масавых выступаў грамадзян у розных гарадах Беларусі. Пры гэтым гаворка ідзе пра народны пратэст, таму што мы бачым, што шмат у якіх гарадах ён адбываецца без удзелу лідараў апазіцыйных партый альбо рухаў. Простыя людзі выходзяць на плошчы і распавядаюць пра свае крыўды.

– Пратэсты маюць, напэўна, больш шырокі характар, людзі не абмяжоўваюцца крытыкай дэкрэта №3…

– Так, і ізноў-такі гэта справакавана палітыкай урада і эканамічнай сітуацыяй, якая склалася апошнім часам. І асабліва складаная сітуацыя ў рэгіёнах. Там людзі натуральным чынам пакутуюць ад беспрацоўя, а тая праца, што ёсць, вельмі нізка аплочваецца. За такія грошы пражыць фактычна немагчыма. Пра гэта людзі і гавораць на народных сходах.

– Улады адрэагавалі на гэтыя сходы сілавымі метадамі. Лібералізацыя скончылася?

–  Так, рэпрэсіі ізноў з’явіліся, і спачатку яны насілі досыць выбарчы селектыўны характар у дачыненні да лідараў апазіцыі і апазіцыйных актывістаў. Але прырода рэпрэсіўнага махавіка такая, што, калі ён запускаецца, то пачынае працаваць напоўніцу і спыніць яго даволі складана.

Мы бачылі, што рабілася ў мінулыя выходныя, калі пачалі рабіць аблавы не толькі на актывістаў, але і на незалежных журналістаў, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам аб СМІ, мелі права знаходзіцца ў месцах правядзення мерапрыемстваў і збіраць інфармацыю, каб перадаць яе.

Пацярпелі таксама і прадстаўнікі праваабарончых арганізацый – Леанід Судаленка ў Гомелі, Анатоль Паплаўны. Былі пагрозы ў дачыненні да сябра “Вясны” ў Берасці спадара Вялічкіна…

Таму, безумоўна, мы вельмі занепакоены, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі вельмі пагоршылася. Распачынаецца новая хваля рэпрэсій, і чым гэта скончыцца – вельмі складана сказаць.

– У хуткім часе ў Мінску пройдуць яшчэ дзве буйныя (па заявах арганізатараў) акцыі пратэсту 15 і 25 сакавіка. Чаго можна чакаць падчас іх правядзення?

– Акцыя 15 сакавіка санкцыянаваная, таму будзем спадзявацца, што абыйдзецца без затрыманняў. А што будзе 25 сакавіка, пакажа час. Ёсць небяспека, што ўлада можда пераскочыць мяжу, калі распачнецца і крымінальны пераслед прадстаўнікоў апазіцыйных партый ці звычайных грамадзян, чаго, натуральна, вельмі не хацелася б.

Днямі праваабаронцы прынялі заяву, каб улады спынілі хвалю рэпрэсій, а нейкія складаныя пытанні вырашалі шляхам дыялогу. Тое, што сумнавядомы дэкрэт прыпынены, гэта, натуральна, добра, але мы лічым, што дакумент павінен быць цалкам адменены. Якая была нядаўняя рыторыка праўладных чыноўнікаў? Аказваецца, мэта дэкрэта – гэта прымусіць працаваць людзей, якія павінны і абавязаны працаваць. Маўляў, людзей крыўдзіць нельга, але “дармаедаў” трэба прымусіць да працы. Гэта ўсё антыканстытуцыйна. Паводле Канстытуцыі, права працы – гэта права, а не абавязак. Так, грамадзяне павінны ўдзельнічаць у дзяржаўным фінансаванні, але ж яны і ўдзельнічаюць шляхам выплаты падаткаў і збораў у бюджэт. Праўда, дзяржава заяўляе, што пры гэтым чалавек павінен мець даход. Гэта абсалютна нелагічна – спаганяць грошы ў людзей, якіх у іх няма. У такім выглядзе гэты дэкрэт проста не можа існаваць.

– Ці дапамогуць “кропкавыя рэпрэсіі” збіць пратэстныя настроі людзей?

– Па-першае, улады вельмі занепакоены тым, што пратэсты адбываюцца, хаця трэба адзначыць, што ўсе яны праходзяць абсалютна мірна. Грамадзяне ніякіх гвалтоўных дзеянняў не ўчыняюць у адносінах да прадстаўнікоў улады альбо будынкаў. Усе зборы – мірныя.

Так, шмат хто кажа не толькі пра дэкрэт, але і выступае за змену ўлады, але грамадзяне маюць права на свабоду меркаванняў. У рэшце рэшт, грамадзяне і выбіраюць уладу. Але апошнюю гэта занепакоіла, і яна пачала прымаць контрмеры – найбольш актыўных людзей штрафуюць і адпраўляюць на “суткі”. Дарэчы, мы ў свой час невыпадкова шмат казалі пра небходнасць сістэмных зменаў у краіне. Таму што практыка, якую прымяняюць улады, можа сёння павярнуцца ў адзін бок, а заўтра – у другі. Усё залежыць ад палітычнай сітуацыі, кан’юктуры і палітычнай волі ўладаў. А патрэбны менавіта сістэмныя змены на заканадаўчым узроўні. Закон павінен рэгуляваць рэалізацыю грамадзянскіх і палітычных правоў.

Гэта ў тым ліку і Закон аб масавых сходах, каб людзі маглі спакойна правесці сход без пагрозы гвалтоўнага ўмяшальніцтва, без пераследу за тое, што выказваюць свае меркаванні і рэлізуюць права на свабодны сход. Але ўся старая рэпрэсіўная база засталася на месцы. І ў любы момант яе іогуць запусціць на поўную моц, і мы тады ізноў вернемся ў сітуацыю масавых рэпрэсій, якія бачылі ў 2010-2011 гадах.

– Але ці патрэбна гэта ўладам у той час, калі яны толькі палепшылі стасункі з Захадам?

– Вось гэта вялікае пытанне: што на гэты момант для ўлады з’яўляецца больш прыярытэтным? Гэта мы пабачым ужо бліжэйшым часам…

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Дашкевіч
  • Анатоль Паўлаў
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў
  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Мікіта Сасім