Анатоль Лябедзька: Улада спалучае бізун і пернік

Улады пагрозліва патрэслі кулаком арганізатарам акцый пратэсту, нагадалі ім пра турмы і ўзяліся за справу – вярнуліся да “кропкавы рэпрэсій”. У апошнія дні актывістаў брутальна затрымліваюць і адпраўляць на “суткі”.

Перад затрыманнем 10 сакавіка ў Маладзечна лідар АГП Анатоль Лябедзька распавёў сайту palitviazni.info пра “кропкавыя рэпрэсіі” ўладаў і пратэстныя настроі людзей.

9 сакавіка на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча навесці ў краіне “ідэальны парадак”. Ужо на наступны дзень у Маладзечна, дзе праходзіла акцыя супраць дэкрэта аб “дармаедах”, былі затрыманы лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, старшыня аргкамітэта аб’яднання “Хрысціянска-дэмакратычны рух” Вольга Кавалькова і актывіст АГП Дзяніс Красачка. Зрэшты, і перад гэтым многіх актывістаў таксама затрымалі і накіравалі на “суткі”…

– Некаторыя аналітыкі кажуць, што ўлады зараз праводзяць так званыя “кропкавыя рэпрэсіі”. Да чаго гэта можа прывесці?

– Улада спалучае бізун і пернік. Пернік – гэта замарозка дзеяння дэкрэта аб “дармаедах”. Разам з тым адносна нядаўна пачалі выкарыстоўваць адносна мяккі бізун. У Брэсце напярэдадані Марша недармаедаў былі гэтыя самыя кропкавыя рэпрэсіі – затрыманні і правакацыі, краты…

Гэта рэпрэсіі бізуном, калі ўлада б’е, але не на поўную сілу. Яна ўвогуле яшчэ да канца не вызначылася, якую выкарыстоўваць тактыку. Альбо запалохваць, альбо купляць абяцаннямі… Яна спрабуе і тое, і тое, але да канца не перекананая.

Чаму не можа вызначыцца?

– Не можа, таму што пратэстны патэнцыял такі моцны, што можна чакаць любога развіцця падзей. І, як паказалі падзеі ў Брэсце, выкарыстанне бізуна не спрацавала. Калі спачатку выходзілі пратэставаць 300 чалавек, то пасля гэтых кропкавых рэпрэсій выйшла ўжо 1500. Таму час пакажа, што будзе далей. І вельмі вызначальнымі будуць гэтыя выходныя, калі пройдуць пяць маршаў. Калі людзі ізноў масава выйдуць, то гэта будзе азначаць толькі адно. Першае – калі не працуе мяккі бізун, то не спрацуе і салодкі пернік.

– Ужо некалькі гадоў улады не каралі актывістаў адміністратыўнымі арыштамі, замяняючы іх на штрафы, але зараз “сутачны” канвеер ізноў запрацаваў. Навошта спатрэбілася кідаць людзей у ізалятар часовага ўтрымання?

– З пункту гледжання ўлады тут усё абгрунтавана, хаця, натуральна, што рашэнне прымае не суддзя. Зараз я прыехаў з судовага працэса над брэсцкім актывістам Аляксандрам Кабанавым. У яго адначасова разглядаліся тры адміністрацыныя справы. Дзве закрылі, а па адной далі 5 сутак арышту. Чаму? Толькі таму, што 11 сакавіка будзе пратэставаць Пінск, а Аляксандр Кабанаў – нефармальны лідар пратэста па ўсёй Берасцейшчыне. І, натуральна, што Аляксандр не проста быў бы ў Пінску, а быў бы там з мегафонам, як арганізатар. Вось чаму і далі 5 сутак. Калі б такой пагрозы не было, то, хутчэй за ўсё, абмежаваліся б штрафам.

Таму ўлада не проста кідае актывістаў за краты, а робіць гэта вельмі кропкава, і моцна не чапае лідараў нацыянальнага масштаба. Магчыма, такі механізм улада будзе выкарыстоўваць вельмі канкрэтна пад вельмі канкрэтную сітуацыю, вырашаючы нейкія свае лакальныя праблемы ці пытанні. Яны будуць нейтралізоўваць у першую чаргу тых, хто можа нешта арганізаваць, каб гэтага не дапусціць.

– Прагучалі пагрозы і ў адрас арганізатараў “нацыянальнага масштаба” – маўляў, таксама могуць патрапіць за краты…

– Улады ведаюць, што такімі словамі яны гэтых людзей не запалохаюць, таму такія звароты ў першую чаргу накіраваны не да лідараў апазіцыі. Найперш гэта пасыл простым грамадзянам у тых жа рэгіёнах. Гэта іх запалохваюць такімі пагрозамі ў адрас кагосьці. Улада спрабуе запусціць вірус страху ў грамадства. І перад тым, як запусціць, сама ім заразілася, Таму і бачым зараз такія дзеянні з іх боку, калі ізноў палохаюць народ. Але, калі раней гэта спрацоўвала, то зараз, мяркуючы па тых акцыях, што прайшлі, не працуе.

– Якое можа быць далейшае развіццё падзей?

– Па-першае, трэба сфармуляваць ясныя патрабаванні да ўлады. Разам з тым яны мусяць быць адэкватнымі сітуацыі і павінны зыходзіць з патэнцыялу прыхільнікаў перамен. Хочацца нам шмат, але нашы жаданні трэба суадносіць з нашымі рэальнымі магчымасцямі. Калі ў вялікіх гарадах на вуліцы выходзяць 2-3 тысячы чалавек, альбо некалькі соцен у невялікіх гарадках, то гэта азначае, што мы можам рэалістычна ставіць у парадак дня адмену дэкрэта аб “дармаедах”, Указа 222 для прадпрымальнікаў, скасаванне кантрактнай сістэмы ці патрабаванне палітыкі эканамічных рэформаў, якая скіравана на стварэнне эфектыўных працоўных месцаў. Гэта рэалістычна. Таксама рэалістычна ставіць у парадак дня змены ў выбарчым кодэксе, таму што гэта абмяркоўваецца, а людзям неабходна вярнуць права выбару.

Але, калі 2-3 тысячы ў сталіцы патрабуюць, каб улада сыйшла, то гэта ўжо нерэалістычна. Таму зараз вельмі важна вызначыцца менавіта з рэалістычнымі патрабаваннямі і дамагцца іх выканання. І ўладзе, на мой погялд, патрэбна даць час і прастору для манеўра. Нельга сёння рубіць нейкімі ультыматымумі. Гэта можа альбо завесці сітуацыю ў тупік, альбо прывядзе да падзей, на якія мы ніякім чынам не зможам уплывваць. Зараз не час гучна і моцна выкрыкваць нейкія лозунгі, а час думаць пра наступствы.

– У вас ёсць нейкія выпрацаваныя сцэнары?

– Мы выпрацавалі патрабаванні, якія фактычна ўжо агучылі. Яны будуць прапанаваны ў рэзалюцыі, якая будзе прымацца 15 сакавіка на Маршы недармаедаў у Мінску. Зараз мы запуцсцілі нашы напрацоўкі ў сацыяльныя сеткі для абмеркавання сярод людзей. Калі народ нас падтрымае, гэта будзе вельмі добра. 16 сакавіка прадстаўнікі ўсіх маршаў, якія да гэтага часу пройдуць, накіруюць свае дэлегацыі, і мы перададзім уладам усе нашыя патрабаванні, якія пойдуць у Адміністрацыю прэзідэнта, урад і Палату прадстаўнікоў.

– Дзеянне дэкрэта фактычна прыпынілі, бо ў гэтым годзе збор плаціць не трэба. Магчыма, і людзі ў такім выпадку скажуць: “Досыць пратэстаў…”

– Можа быць усё. Гэтыя выходныя якраз і могуць адказаць на гэтае пытанне. Улада доўгі час вырошчвала “новага беларуса”, у якога галоўны орган – гэта страўнік, а не галава. Калі страўнік, то людзям хопіць і таго, што дзеянне дэкрэта прыпынілі. Але, калі думаць галавой, то можна зразумець, што ўсё гэта часова, і ўлада проста выкарыстоўвае старую тактыку, як у выпадку з прадпрымальнікамі. Тады апошнім таксама кінулі нейкі пернік, і пратэстны рух сыйшоў на “не”. Такім жа чынам і зараз спрабуюць выпусціць пару і вярнуць пратэсты на кухнню. Гэта задача ўлады. А наша задача – паказаць людзям, што на сёння прыпыненне дэкрэта – гэта не вырашэнне праблемы. Трэба дабівацца поўнай адмены дакумента.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Славамір Адамовіч
  • Аляксандар Францкевіч