За што аштрафавалі ў Вільні былога беларускага палітвязня?

Вільнюскі суд аштрафаваў экс-палітвязня Мікалая Дзядка на 140 еўра, хаця яму пагражала да 1 месяца зняволення.

“Гэты прысуд не адэкватны і не можа быць такім нават з прававога пункту гледжання, не кажучы ўжо пра агульначалавечы, – распавёў сайту palitviazni.infо Мікалай Дзядок. – Я буду яго абскарджваць”.

7 лістапада каля амбасады Расіі ў Літве 9 чалавек зладзілі пікет у знак падтрымкі Ільдара Дадзіна, першага асуджанага ў Расеі за неаднаразовае парушэнне парадку правядзення мітынгаў, які даслаў з калоніі ліст сваёй жонцы пра тое, што яго катуюць.

Пікетоўшчыкі трымалі плакаты і расцяжкі, і ў пэўны момант прыехала паліцыя, якая пачала перашкаджаць акцыі, спасылаюся на «парушэнне заканадаўства»: занадта блізкае — каля 15 метраў — знаходжанне да плота амбасады. Паводле паліцыянтаў, удзельнікі павінны былі трымацца дыстанцыі 50 метраў. У выніку Мікалаю Дзядку па адміністрацыйным артыкуле пагражаў штраф да 570 еўра ці да 1 месяца турмы.

“Днямі атрымаў ад Вільнюсскага суду штраф 140 еўра за акцыю ў падтрымку Ільдара Дадзіна. Прыслалі па электроннай пошце”, – напісаў Мікалай у сацыяльных сетках.

“Прысуд гэты не адэкватны і не можа быць адэкватны нават з прававога пункту гледжання, не кажучы ўжо агульначалавечы, – дадае ён. – Грамадская небяспека маіх дзеянняў была роўная нулю. Тое, што я рабіў, нікому не пагражала, і таму сам факт таго, што мяне затрымалі, з’яўляецца парушэннем свабоды слова. Ды і сам суд я не лічу справядлівым, а таму буду абскарджваць прысуд”.

***

Нагадаем, што Мікалай Дзядок быў узяты пад варту 3 верасня 2010 г., прысуджаны 27 мая 2011 г. за злоснае хуліганства да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Рашэннем суда ад 5 снежня 2012 г. умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, ён пераведзены з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 г. Магілёва. У лістападзе 2014 году на Мікалая Дзядка завялі новую крымінальную справу за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”. 26 лютага 2015 года суд працягнуў тэрмін яго зняволеньня на 1 год і 3 дні.

22 жніўня 2015 г. выйшлі на волю палітвязні Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Юры Рубцоў і Мікалай Статкевіч.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікалай Аўтуховіч
  • Іван Крук
  • Павал Красоўскі