Чаму суд над палітвязнем Жамчужным зрабілі закрытым?

2 сакавіка суд Барысаўскага раёна разглядаў справу па накіраванні заснавальніка “Платформ інавэйшн” Міхаіла Жамчужнага з папраўчай калоніі №14 ў турму. Прынята рашэнне перанесці судовае паседжанне на 23 сакавіка, паколькі не ўсе скаргі палітвязня на вынесеныя адміністрацыяй калоніі спагнанні, разгледжаны у судовым парадку.

Судовы працэс праходзіў на тэрыторыі калоніі №14, дзе адбывае пакаранне Жамчужны, але прадстаўнікоў грамадскасці на суд не дапусцілі.

Нягледзячы на тое, што праваабаронцы своечасова напісалі пісьмовыя заявы адносна магчымасці прысутнічаць на судовым паседжанні, якія накіравалі ў суд Барысаўскага раёна, ім было ў гэтым адмоўлена. Сакратарка суда паведаміла, што, маўляў, за дазволам трэба звяртацца ў Дэпартамент выканання пакарання.

“Мне падаецца, што ў гэтым выпадку суддзя зрабіў памылку, – кажа праваабаронца Таццяна Рэвяка. – Проста гэтае пытанне настолькі рэдка падымаецца і такія выпадкі настолькі выключныя, што суддзі не ведаюць, які неабходны алгарытм дзеянняў. Па аналагічнай справе ў нас ёсць адказ ад намесніка старшыні Вярхоўнага суда, калі ў 2015 годзе не пусцілі нашых калег на суд над Мікалай Статкевічам. У лісце чорным па беламу напісана, што “ў адпаведнасці з артыкулам 281 КПК рашэнне пытанняў пра месца і час судовага разбору, арганізацыі судовага пасяджэння адносіцца да выключнай кампетэнцыі суддзі, у вытворчасці якога знаходзіцца справа”.

Зараз праваабаронцы будуць звяртацца ў Дэпартамент выканання пакарання, хаця сітуацыя атрымліваецца дзіўная. Прадстаўнікі грамадскасці просяць дапусціць іх не блукаць па тэрыторыі калоніі, а патрапіць на звычайны суд.

“Усё, што датычыцца судовага працэса павінен арганізоўваць суддзя, а не Дэпартамент выканання пакарання, – дадае Таццяна Рэвяка. – І я спадзяюся, што гэты выпадак адмовы, які мы абавязкова абскардзім, будзе даведзены і да іншых судоў, якія робяць выязныя пасяджэнні. Трэба, каб усім было зразумела, які насамрэч павінен быць парадак, каб прысутнічаць на адкрытых судах, якія праводзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Для нас гэта зараз – стратэгічная справа”.

Па словах праваабаронцы,  яны будуць рабіць усё магчымае, каб ужо наступнае пасяджэнне па “справе Жамчужнага”, якое адбудзецца 23 сакавіка, было адкрытым.

“Будзем чакаць адказаў з Вярхоўнага суда і Дэпартамента выканання пакарання, бо тэма, магчыма, будзе актуальная і па “справе Андрэя Бандарэнкі”, – кажа Таццяна Рэвяка. – Не выключана, што Бандарэнку могуць таксама судзіць на тэрыторыі турмы”.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Квяткевіч
  • Аляксандар Казулін
  • Зьміцер Новік
  • Алег Сурган
  • Сяргей Марцалеў