Валерый Бандарэнка: прашу спыніць крымінальную справу…

16 лютага бацька праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі перадаў у Адміністрацыю прэзідэнта адкрыты ліст да кіраўніка краіны.

“Я глыбока абураны тым, што ў адносінах да майго сына фабрыкуецца новая крымінальная справа, — гаворыцца ў лісце. – Прашу вас, як кіраўніка дзяржавы, даць неабходнае распараджэнне для аб’ектыўнай праверкі ўсіх дысцыплінарных спагнанняў, якія далі сыну, і спыніць распачатую супраць яго крымінальную справу”.

Нагадаем, Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Бягучы тэрмін пакарання ў Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года. Аднак калі яго прызнаюць вінаватым па крымінальнай справе, якая заведзена супраць яго за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, ён можа атрымаць яшчэ да двух гадоў зняволення. 11 студзеня Андрэю Бандарэнку было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне па ч.2 арт 411 УК – “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства”. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Калі Андрэй Бандарэнка атрымае новы тэрмін зняволення па гэтым артыкуле, праваабаронцы прызнаюць яго палітзняволеным.

“Я, Бандарэнка Валерый Рыгоравіч, глыбока абураны тым, што ў адносінах да майго сына фабрыкуецца новая крымінальная справа, — гаворыцца ў лісце. – 9 лютага 2017 году ў судзе Ленінскага раёна г.Магілёва прайшло судовае разбіральніцтва, якое закончылася практычна і не пачаўшыся. Справа была вернута ў пракуратуру, паколькі следчыя дзеянні праводзіліся асобай, якая не мела на гэта дазвол. Мне цяжка меркаваць, наколькі вынесеныя Андрэю спагнанні з’яўляюцца “злосным непадпарадкаваннем адміністрацыі”, аднак здагадваюся, якія прычыны паслужылі падставай для пачатка крымінальнага пераследу сына”.

Бацька Андрэя Бандарэнкі піша, што яшчэ да ўступлення прысуда ў законную сілу ён звярнуўся ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС з просьбай не накіроўваць сына ў Бабруйскую калонію ВК-2, бо там працавалі на адказных пасадах людзі, якія ў свой час па прапанове Андрэя былі ўключаны ў спіс невязных на тэрыторыю Еўрасаюза.

“Маю просьбу праігнаравалі, і сын аказаўся ў самым сапрадным пекле, – напісаў Валерый Бандарэнка. – Над ім пачалі здзевацца, пачалася дыскрымінацыя. У тым ліку, яму хацелі “навязаць” нізкі крымінальны статус. Пазней Андрэя прызналі злосным парушальнікам рэжыма. Нагода: паход у царкву і спазненне на абед, пыл на нарах… Напярэдадні працяглага спаткання са мной Андрэя без аніякіх тлумачэнняў этапіравалі ў Шклоўскую калонію. Там здзекі працягваліся, а пазней сына паставілі на прафілактычны ўлік, як схільнага да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю калоніі”.

У лісце адзначаецца, што напрыканцы снежня 2015 году Андрэй Бандарэнка быў пераведзены на турэмны рэжым:

“Сына сталі вадзіць на прагулкі ў кайданках і ў суправаджэнні сабакі. Калі аднойчы вялі ў лазню, кантралёры сказалі яму стаць тварам да сценкі. У некалькіх метрах ад яго знаходзіўся іншы зняволены, якія стаў правакаваць Андрэя на размову. Калі кантралёры вярнуліся, яны вынеслі сыну два спагнанні: за размовы і за тое, што трымаў рукі за спіной…”

Бацька Андрэя Бандарэнкі падрабязна распавёў пра ўсе спаганні, якія вынеслі яму сыну, і закончыў ліст так: “Лічу, што адміністрацыя Магілёўскай турмы свядома правакуе розныя парушэнні з адзінай мэтай – працягнуць тэрмін турэмнага зняволення майму сыну. Я і юрысты, якія мяне кансультавалі, лічым, што складу злачынства ў дзеяннях Андрэя няма. Прашу вас, як кіраўніка дзяржавы, даць неабходнае распараджэнне для аб’ектыўнай праверкі ўсіх дысцыплінарных спагнанняў, якія далі сыну, і спыніць распачатую супраць яго крымінальную справу”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Васіль Старавойтаў
  • Андрэй Гайдукоў
  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Кацярына Салаўёва
  • Аляксандар Баразенка