Бацька Андрэя Бандарэнкі звернецца з лістом да Аляксандра Лукашэнкі

Як вядома, днямі ў судзе Ленінскага раёна Магілёва прайшло папярэдняе паседжанне па крымінальнай справе супраць зняволенага магілёўскай турмы №4, праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі. Яму інкрымінуюць злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК РБ).

“Пакуль справу адправілі на дапрацоўку, я таксама вырашыў не сядзець, склаўшы рукі, – распавёў сайту palitviazni.info Валерый Бандарэнка, бацька зняволенага. – Напісаў ліст да кіраўніка краіны, у якім распавядаю пра тое, як здзекуюцца над маім сынам…”

 “Справа пайшла ў пракуратуру, будзе праводзіцца дапрацоўка і разбіральніцтва, – кажа Валерый Бандарэнка. – Мяркую, калі Генпракуцратура правядзе праверку, то суда дакладна не будзе. Але я і сам, пакуль справу дапрацоўваюць, таксама вырашыў не сядзець, склаўшы рукі. Ужо практычна напісаў зварот да кіраўніка краіны, у якім распавёў пра сітуацыю, у якую патрапіў мой сын і пра той ціск, які на яго аказваецца. У бліжэйшыя дні перадам ліст у Адміністрацыю прэзідэнта”.

Са слоў Валерыя Бандарэнкі, сын вельмі дрэнна выглядае, і гэта яго проста шакіравала.

“Я Андрэя не бачыў амаль год, – працягвае ён. – І  зараз, калі сустрэліся на працэсе, ледзь пазнаў яго. Да чаго давялі чалавека! Сын выглядае гадоў на семдзесят, старэйшым, чым я. Хіба можна так здзеквацца над чалавекам? Павінна ж быць нейкая мяжа!..”

***

Нагадаем, Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Бягучы тэрмін пакарання ў Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года. Аднак калі яго прызнаюць вінаватым па крымінальнай справе, якая заведзена супраць яго за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, ён можа атрымаць яшчэ да двух гадоў зняволення. 11 студзеня Андрэю Бандарэнку было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне па ч.2 арт 411 УК – “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства”. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Калі Андрэй Бандарэнка атрымае новы тэрмін зняволення па гэтым артыкуле, праваабаронцы прызнаюць яго палітзняволеным.

palitviazni.info

Фота: mspring.online

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікола Астрэйка
  • Алег Сурган
  • Аляксандар Малчанаў
  • Яна Палякова
  • Іван Шыла