Міхаіл Жамчужны: Не выключана, што паўтару шлях Андрэя Бандарэнкі

Палітвязень Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №14 ў Навасадах, па-ранейшаму знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу.

“Не выключаю, што магу паўтарыць шлях майго паплечніка Андрэя Бандарэнкі, і за спагнанні ў адносінах да мяне таксама распачнуць крымінальную справу”, – піша Жамчужны ў лістах на волю.

Як вядома, у калоніі Міхаіла аднеслі да асобаў, схільных да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці, а 1 снежня, па рашэнні адміністрацыі калоніі, Жамчужнага змясцілі ў ПКТ тэрмінам на 3 месяцы.

Нагадаем, Міхаіл Жамчужны, які перадаваў звесткі пра ўтрыманне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі «Платформа», быў затрыманы ў 2014 годзе. 10 ліпеня 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным разгалошванні звестак, якiя складаюць службовую таямніцу, і дачы хабару і прысудзіў да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Жамчужны прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітвязнем.

“У лістах Міхаіл звяртаецца да мяне за нейкімі юрыдычнымі парадамі, як да былога суддзі Канстытуцыйнага суда, – распавядае сайту palitviazni.info Міхаіл Пастухоў, якія вядзе перапіску з Жамчужным. – У лістах выкладвае сваю аргументацыю, якая пацвярджае, што справа ў адносінах да яго – вельмі спрэчная.  Што ж датычыцца перспектыў, то Жамчужны прагназуе, што ён можа паўтарыць шлях свайго паплечніка па “Платформе” Андрэя Бандарэнкі”.

Са слоў Пастухова, накіраванне на 3 месяцы ў ПКТ – гэта жорсткая дысцыплінарная мера ўдзеяння на асуджанага, таму відавочна, што на палітвязня аказваеца ціск.

“І гэта надалей можа стаць асновай, каб затым перавесці Жамчужнага на турэмны рэжым, а затым ужыць у адносінах да яго крымінальнага артыкула 411 аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі папраўчай установы, – дадае юрыст. – Таму будучую мадэль Міхаіл малюе даволі сумную. Аптымізм у чалавека яшчэ застаецца, але дпаводзіцца яму за кратамі вельмі не соладка. Тыя спагнанні, што яму выносяцца, грунтуюцца на  такіх парушэннях, якія, на думку палітвязня, справацыраваны самой адміністрацыя калоніі, каб пакараць яго яшчэ і дадаткова”.

palitviazni.info   

Іншыя палітычныя вязьні

  • Арцём Грыбкоў
  • Арцём Дубскі
  • Іван Шыла
  • Вячаслаў Сіўчык
  • Андрэй Пратасеня