На 14 лютага прызначана ўрачэбная камісія па “справе Лапіцкага”

Аляксандр Лапіцкі, якога праваабаронца прызналі палітвязнем, 14 лістапада па рашэнні суда быў накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную клініку.

Як стала вядома сайту palitviazni.info, праз тры месяцы пасля знаходжання пенсіянера ў лякарні, будзе склікана “ўрачэбна-кансультацыйная камісія для вырашэння пытання адносна магчымасці спынення судом прымянення прымусовых мераў бяспекі альбо лячэння”.

Усе спробы даказаць кіраўніцтву Рэспубліканскай псіхіятрычнай клінікі, што ў лякарні знаходзіцца здаровы чалавек, і просьбы як мага хутчэй прызначыць урачэбную камісію да гэтага часу заставаліся безпаспяховымі. Кіраўніцтва ўстановы паведамляла, што камісія будзе склікана ў “тэрміны, якія ўстаноўлены законам”.

“Зараз стала вядома, што камісію склікаюць роўна праз тры месяцы пасля таго, як Лапіцкага прывезлі ў лякарню, – распавядае кіраўнік цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” (Кіеў) Алег Волчак.Але, калі раней казалі, што камісія можа быць склікана не раней, як праз паўгода, працэс пайшоў хутчэй. Гэта вельмі ўсцешвае пенсіянера, бо знаходзіцца ў псіхіятрычнай клініцы здароваму чалавеку не асабліва ўтульна. Аляксандру Лапіцкаму не робяць нейкага спецыфічнага лячэння, ён проста знаходзіцца там пад наглядам урачоў”.

Са слоў Волчака, калі камісія вырашыць, што няма падстаў больш утрымліваць Лапіцкага ў лякарні, яна можа хадайнічаць перад судом аб змяненні меры стрымання, і пенсіянера могуць адправіць дадому.

“На гэта ўсе нашы спадзяванні”, – дадае праваабаронца.

 ***

Аляксандр Лапіцкі – 81-гадовы пенсіянер з Мінску.

У 2011 годзе Лапіцкі пачаў адсочваць разбор з нагоды выбуху ў мінскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на ягоную думку, у трагедыі вінаваты высокія службовыя асобы. Міліцыя неаднаразова адмаўляла ў завядзенні крымінальнай справы на пенсіняера, аднак у гэтым годзе справа дайшла да суду.

12 красавіка 2016 года пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Мінска ўстаноўлена, што Лапіцкі Аляксандр Нікіфаравіч здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеяннi, прадугледжаныя артыкуламі 368 («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Абраза суддзі або народнага засядацеля») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і гэтыя дзеянні ім былі здзейсненыя ў несвядомым стане. У дачыненні да Аляксандра Лапіцкага ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння. У выніку абскарджанняў, у задавальненні скаргаў было адмоўлена і пастанова суда набыла законную сілу.

14 лістапада стала вядома, што Аляксандр Лапіцкі быў прымусова накіраваны ў псіхіятрычны шпіталь.

Адрас: Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя, Далгінаўскі тракт, 152, г. Мінск, 220053.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні