Больш свабоды і больш дабрабыту!

imagesБылыя палітвязні ўспамінаюць пра мінулы, 2016-ы год, і робяць прагнозы адносна гэтага.

“Жадаю ўсім супакою і трываласці, бо ўсё нам гэта вельмі спатрэбіцца. Жыве Беларусь!” – распавядае сайту palitviazni.info Эдуард Пальчыс.

 

Мікалай Аўтуховіч:

– Для мяне самая галоўная падзея 2016 году – вызваленне. У гэтым годзе я стаў амаль вольны. Калі можна так сказаць… Справа ў тым, што мяне вельмі моцна здзівілі людзі. Таму ўсім беларусам хачу пажадаць адно: “Не бойцеся! Перамены не за гарамі!”

Мікола Дзядок:

– Для Беларусі галоўнай падзеяй, на мой погляд, сталася шматкратнае павелічэнне кантролю за Інтэрнэтам: блакіроўка дзяржслужбамі сеткі Tor, блакіроўка анархісцкіх сайтаў ,а разам з гэтым – рэзкае павелічэнне колькасьці крымінальных спраў за выказванні і допісы ў Інтэрнэце. Гэта збоку можа падацца дробяззю, але насамрэч гэта кажа аб тым, што ўлада канчаткова  ўспрыняла Інтэрнэт, як сферу свайго ўплыву, як легітымную крыніцу інфармацыі, якая павінна быць пад кантролем. Гэта істотны інстытуцыянальны зрух, які зробіць жыццё іншадумцаў і многіх простых грамадзян (як паказвае апошняя крымінальнай справа жанчыны, што судзяць за “парнаграфію”),  куды складаней. А ў сусветным маштабе я б назваў галоўнай падзеяй уздым ультраправых папулістаў у ЗША і Еўропе.

Што тычыцца 2017-га году, то асаблівых чаканняў, прынамсі да лепшага, няма. У сусветным масштабе будзе толькі горш, у Беларусі будзе працягвацца “мяккая беларусізацыя”, зліянне дыскурсаў правай часткі апазіцый і улады, перманентны эканамічны крызіс. Магчымы пачатак моцных сацыяльных пратэстаў у Расіі.

А беларусам хацеў бы пажадаць перастаць баяцца і пачаць верыць ва ўласныя сілы. “Никто не даст нам избавленья, ни Бог, ни царь и не герой” – як пелася ў адной песні. Мы не толькі маем права, але і абавязаны самі кіраваць сваім жыццём. Таму неабходна паўстаць. Не раз на пяць год на Плошчы, а кожны дзень і кожную хвіліну свайго жыцця – супраць несправедлівасці і маральнай галечы сучаснага жыцця. А таксама быць дабрэйшымі адзін да аднаго, любіць тых, хто побач.

Андрэй Пачобут:

– Калі казаць пра галоўную падзею 2016 года, то мне падаецца, што гэта – эканамічны крызіс. Ён нарастае, яго адчуваюць усе – ад галоўнакамандуючага да звыклага жыхара вёскі. Ён акрэслівае цяпер паводзіны улады, уплывае на палітыку, якую праводзяць улады. Але,  на жаль, нічога не сведчыць пра тое, што сітуацыя ў наступным годзе палепшыцца. Не бачна ніякай стратэгіі, якую пачалі б рэалізоўваць беларускія ўлады.

Пажадаць хацелася б нашым людзям больш веры ва ўласныя сілы, больш аптымізму. Таму што на самой справе ўсё залежыць ад чалавека. Вельмі б хацелася каб у наступным 2017 годзе было на Беларусі больш свабоды, больш павагі да асобы і да грамадства і больш дабрабыту для усіх.

Алесь Міхалевіч:

– Для мяне галоўнай трагічнай падзеяй 2016 года было забойства Паўла Шарамета. Таму вельмі спадзяюся, што ў 2017 трагедый не будзе.

Хочацца, каб год быў спакойны ва ўсіх сэнсах. Гэтага і хачу ўсім нам пажадаць!

Эдуард Пальчыс:

– У мінулым годзе адзначыў бы павольнае абуджэнне беларускага грамадства. Але, мяркую, 2017-ы год будзе вельмі складанным і непрадказальным. Нас чакае шмат зменаў у сусветнай палітыцы і эканоміцы, якія могуць сур’ёзна паўплываць на Беларусь.

Тым не менш, жадаю ўсім супакою і трываласці, бо ўсё нам гэта вельмі спатрэбіцца. Жыве Беларусь!

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Сяргей Скрабец
  • Іван Шыла
  • Юрый Хадыка
  • Эдуард Пальчыс