Алесь Бяляцкі: Тое, што Эдуард Пальчыс на волі, гэта і наша невялікая перамога

a0f5e8f3-cf4e-464a-9bb8-8c35daa51f8c_cx0_cy10_cw0_w987_r1_s_r1-rb6q528 кастрычніка Мінскі гарадскі суд прысудзіў блогера Эдуарда Пальчыса да абмежавання волі тэрмінам у 1 год і 9 месяцаў. Але ў ягоным выпадку дзень у СІЗА лічыцца за два, таму хлопец застаецца толькі адзін месяц «хатняй хіміі».

Былыя палітвязні падзяліліся на сайце palitviazni.info сваімі ўражаннямі ад рашэння суда.

 

Алесь Бяляцкі:

— Асабіста я лічу, што не было ніякіх падстаў прызнаваць абвінавачванні судом, і беларуская праваабарончя супольнасць рабіла заяву, што гэтая справа – палітычна матываваная. Таму сёння з жалем канстатую, што вылучаныя супраць Пальчыса артыкулы былі пацверджаны судом.

Але тая кампанія за вызваленне Эдуарда Пальчыса, якую праводзіла беларуская грамадскасць – праваабаронцы, журналісты, грамадскія актывісты – яна дала свой плён. Як мне падаецца, тое, што ён выйшаў на волю, гэта ёсць таксама і наша невялікая перамога.

Зміцер Дашкевіч:

– Прысуд досыць прадказальны ў сёняшніх рэаліях, бо зараз дзьмуць крыху іншыя геапалітычныя вятры, чым раней. Таму гэта – самае прадказальнае дваістае рашэнне. З аднаго боку Эдуард вінаваты па ўсіх пазіцыях абвінавачвання, з іншага – яму даюць тэрмін, які не звязаны з пазбаўленнем волі. Хаця мы, безумоўна, рады, што ён вызвалены.

Хачу нагадаць, што ўсе палітвязні, якіх вызваляў гэты рэжым, яны так і вызваляліся. З аднаго боку аказваліся на волі, але былі пад абмежаваннямі і заставаліся вінаватымі.

Павел Севярынец:

– Дзякуй Богу, што хлопец на волі, хаця напярэдадні прадчуванні былі пяцьдзесят на пяцьдзесят. Мы ж ведаем нашую сістэму, там ад юрыспрудэнцыі нічога не залежыць, а залежыць ад рашэння ўлады і геапалітыкі. Але добра, што на волі, і, думаю, многія беларусы, якія сачылі за гэтым працэсам, сёння зрабілі такую выснову: браць прыклад з Эдуарда варта. Варта змагацца, перамагаць, праходзіць выпрабаванні, каб перамагчы.

Насамрэч улада баіцца такіх людзей, як Пальчыс, – смелых і таленавітых. Яна баіцца, што такія людзей “з ніадкуль” часам ананімна, у Інтэрнэце, але робяць вельмі шмат для беларускай незалежнасці. Яны баяцца такой народнай творчасці.

Мікалай Статкевіч:

– Я ацэньваю прысуд, як спробу беларускай улады дагадзіць адначасова і Маскве, і Захаду. Маскве імкнуцца дагадзіць, каб паказаць, што ў нас караюць тых беларусаў, якія выступілі з асуджэннем расійскай агрэсіі і вялі кампанію супраць яе. Таму Эдуард пакараны – ён атрымаў тэрмін, прызнаны злачынцам і пэўны час яму давядзецца знаходзіцца ў сітуацыі хатняй “хіміі”.

Гэта, безумоўна, прыніжальна, але разам з тым, ён застанецца дома, у сваёй сям’і. І гэта не будзе ўспрынята Захадам, як крымінальнае пакаранне. Атрымліваецца, што ўлады дагадзілі і тым, і тым.

palitviazni.info

Фота: svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Паліенка
  • Мікалай Аўтуховіч
  • Мікіта Ліхавід