Мікалай Статкевіч: Мне налічылі каля 6 тысяч долараў штрафаў

DSCN6496Былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў сайту palitviazni.info, што ўлады паведамілі аб сваім рашэнні знесці дом, дзе ён жыве.

“Як вядома, шматлікія штрафы, якія мне выпісвалі за акцыі, я прынцыпова не аплочваю. Магчыма, каб адпомсціць мне, улады і прынялі рашэнне знесці дом, дзе жыву”, – кажа палітык.

“Гэты стары дом з садам належыць маёй жонцы, – распавядае Мікалай Статкевіч. – Яна ў ім вырасла, цяпер мы ў ім жывем. Зараз модна зносіць старыя дамы, але якраз летам мінулага году, перад маім выхадам на волю, жонка атрымала ліст, у якім паведамлялася, што гэты прыватны сектар не падлягае зносу, бо з’яўляецца нейкай гістарычнай каштоўнасцю. Праўда, калі я стаў жыць у гэтым доме, то, шчыра кажучы, не верыў, што гэтае шчасце будзе надоўга. Так яно і атрымалася. 12 верасня я правёў акцыю “За сапраўдныя выбары”, а пасля даведаліся, што рашэнне аб зносе было дэманстратыўна прынята 13 верасня ў “сувязі з грамадскімі патрэбамі”. Суседзі пачалі тэлефанаваць чыноўнікам, але тыя, высвятлілася, нічога не ведаюць. Таму не выключана, што гэтае рашэнне прымалася ў высокіх кабінетах”.

Палітык мяркуе, што супадзенне тут невыпадковае, і рашэнне аб зносе дома наўпрост звязана з яго актыўнай палітычнай дзейнасцю і адмовай аплочваць штрафы.

“Яны ўжо ўсё паспрабавалі, каб спагнаць з мяне штрафы, – кажа былы палітвязень. – Палову пенсіі вылічваюць, арыштавалі мабільны тэлефон, забаранілі кіраваць аўтамабілем… Можа хацелі б і за краты адправіць, але ж не могуць, бо быццам бы лібералізацыю Захаду трэба паказваць. Тым больш, ведаюць, што нават арышт на мяне не паўплывае, бо да гэтага часу не зламалі і не зламаюць надалей. Вось і вырашылі нанесці ўдар з іншага боку – перасяліць з прыватнага дому, мабыць, у аднапакаёўку. Гэта дадатковыя выдаткі, клопаты і моцны псіхалагічны ўдар па жонцы, таму што яна ўсё жыццё правяла ў гэтым доме. Адным словам, дастаюць як могуць. Але пасля ўсяго таго, што я прайшоў, ужо не страшна”.

Мікалай Статкевіч дадае, што немагчыма падлічыць, колькі за ўвесь час пасля выхаду на волю яму налічылі штрафаў, але прыкладную суму называе:

“Цяжка назваць канкрэтныя лічбы, бо раней дасылалі паведамленні пра суды на мабільны тэлефон, але ж зараз яго арыштавалі. Таму нават не ведаю, колькі іх было. Але перыядычна сюды прыязджаюць нейкія людзі з папкамі і блукаюць ля дома, бо трапіць у яго не могуць. Сёння суседзі казалі, што гэтыя людзі ізноў спрабавалі патрапіць да дому, але першае што я зрабіў, калі пераехаў сюды, адрамантаваў увесь плот. Зрэшты, па маіх агульных падліках, за ўвесь час мне налічылі ўжо каля 6 тысяч долараў штрафаў”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні