Міхаіл Жамчужны выказаў падзяку праваабаронцам за падтрымку

14110101Палітвязень Міхаіл Жамчужны распавёў у чарговым лісце да Леаніда Свеціка пра апошнія падзеі ў сваім жыцці за кратамі.

“Тое, што праваабаронцы трымаюць маю тэму на вастрыні, дапамагае, – напісаў палітвязень. – Па магчымасці перадайце праз СМІ маю падзяку калегам-праваабаронцам за публічную заяву. Мяне з гэтым у калоніі азнаёмілі і пасля гэтага нават не “вешаюць” парушэнні. Нават і пра старыя забылі”.

Міхаіл Жамчужны адзначае таксама, што даюць плён і апошнія публікацыі ў СМІ пра яго становішча ў няволі.

“Нават харчаванне стале лепшае, – інфармуе палітвязень. – І такая сітуацыя захоўваецца ўжо другі месяц. Нярэдка чую ў свой бок падзякі ад асуджаных, бо змену сітуацыі адчулі і яны. Дарэчы, я апратэставаў свой статус “схільнага да экстрэмізма і іншай дэструктыўнай дзейнасці” да адміністрацыі калоніі, але ўжо два тыдні адказу няма. А вось на мой аналагічны пратэст у Дэпартамент выканання пакарання па Мінску і Мінскай вобласці адказ ёсць. З яго даведаўся, што я пастаўлены на прафілактычны ўлік асобаў, якія схільныя да экстрэмізму і быў прадстаўлены на камісію калоніі. Але ні на якую камісію я не прадстаўляўся, а пастаноўка на ўлік было для мяне поўнай нечаканасцю, бо за ўвесь перыяд знаходжання ў калоніі не меў ніводнай заўвагі ці парушэння. Маю нават падзяку за прыкладныя паводзіны ў выглядзе пасылкі, якую ўжо атрымаў ад блізкіх”.

Са слоў Жамчужнага, яго наглядную скаргу, якая была пададзена 1 жніўня 2016 году, па гэты час не адправілі адрасату.

“Я пра гэта даведаўся, калі падпісваў суправаджальны ліст”, – паведаміў Міхаіл Жамчужны.

Нагадаем, заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Наста Дашкевіч
  • Андрэй Абозаў
  • Яўген Сувораў
  • Уладзімер Яроменак