Гары Паганяйла: Больш схіляюся да меркавання аб палітычным забойстве Шарамета

3D350C06-2DD9-49F7-BE85-125F934BB670_w800_h450 28 жніўня споўнілася 40 дзён, як не стала вядомага беларускага журналіста Паўла Шарамета, які быў адным з першых палітвязняў у найноўшай гісторыі Беларусі.

Што стаіць за забойствам Шарамета? Пра гэта сайту palitviazni.info распавядаюць палітык Вячаслаў Сіўчык і юрыст Гары Паганяйла.

 

Нагадаем, Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 года падчас тэракта ў Кіеве. Выбух адбыўся ў 7.45 раніцы на рагу вуліцы Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка. Машына, у якой спрацавала выбухоўка, належала сузаснавальніцы «Украинской правды» Алене Прытуле, але яе ў аўтамабілі не было.

Павел Шарамет пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.

Дададзім, што Павел Шарамет у ліпені 1997 года, падчас здымак рэпартажа аб сітуацыі на беларуска-літоўскай мяжы, быў арыштаваны супрацоўнікамі сілавых структур Беларусі паводле абвінавачання ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, у атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў і ў незаконнай журналісцкай дзейнасці. Атрымаў два гады пазбаўлення волі ўмоўна (з выпрабавальным тэрмінам на 1 год), правёў у турме тры месяцы.

“Мне падаецца, што гэта ўсё-такі палітычнае забойства, – кажа Вячаслаў Сіўчык. – Павел Шарамет быў дастаткова вядомым журналістам і грамадскім дзеячам. А ўвогуле, мяркую, разважаць пра акалічнасці гэтай справы крыху непрыстойна, бо, па вялікаму рахунку, мы мала што ведаем. Як не ведаем і тое, хто стаіць за трагедыяй, хто выканаўца. Баюся, што, калі забойства і на самай справе палітычнае, то мы можам так і не даведацца ўсю праўду. Дарэчы, хацеў бы нагадаць, што шырокую вядомасць Павел набыў менавіта пасля свайго зняволення ў Беларусі, што адбылося ў сярэдзіне 90-х гадоў”.

Са слоў Гары Паганяйла, пакуль справа расследуецца, цяжка казаць пра палітычныя матывы, але на першае месца ён паставіў бы менавіта гэта.

“Асабіста для мяне нейкія бытавыя рэчы нават не разглядаюцца”, – дадае ён.

Успамінае юрыст і крымінальную справу супраць Паўла Шарамета амаль 20-гадовай даўніны, калі журналіст апынуўся за кратамі.

“Павел быў адным з першых беларускіх палітвязняў у найноўшай гісторыі Беларусі, – распавядае Гары Паганяйла. – Справа была вельмі гучная і рэзанансная. Павел працаваў кіраўніком беларускага бюро тэлекампаніі ОРТ, тэму, якую падымаў у сваім “крымінальным” рэпартажы (кантрабанда праз беларуска-расійскую мяжу), была надзвычай актуальная і мела палітычна афарбаваны аспект. Суадносна і крымінальная справа супраць Шарамета набыла палітычную афарбоўку. Там не было складу злачынства ў дзеяннях журналіста, а вось беларускае кіраўніцтва паказала сябе тады з найгоршага боку”.

palitviazni.info  

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Дашкевіч
  • Міхаіл Марыніч
  • Алег Волчак
  • Андрэй Клімаў
  • Віталь Рымашэўскі