Таццяна Равяка: Спадзяемся, што скарга Міхаіла Жамчужнага будзе разгледжана належным чынам

14110101Як стала вядома з ліста палітвязня Міхаіла Жамчужнага, ён накіраваў на імя намесніка старшыні Вярхоўнага суда наглядную скаргу на прысуд.

“З падачай скаргі атрымалася гісторыя, якая нават вылілася ва ўнутраную праверку ў калоніі”, – распавяла сайту palitviazni.info праваабаронца Таццяна Равяка.

 

“Адзін з супрацоўнікаў спецаддзела, да якога яшчэ паўгода таму звяртаўся Міхаіл, каб аплаціць судовую пошліну для падачы скаргі, сказаў, што яе можна падаваць толькі праз год пасля вынясення прысуду, – кажа Таццяна Равяка.Хаця насамрэч гэта не так. Інфармацыя з’явілася ў СМІ, пасля чаго па ініцытыве Дэпартамента выканання пакарання (а, магчыма, і па ініцыятыве самой адміністрацыі калоніі) там праводзілася унутраная праверка па публікацыях, у якіх Міхаіл Жамчужны распавёў пра немагчымасць падаць наглядную скаргу. Пры тым, што ён тры разы падаваў заявы на аплату пошліны. У адным з апошніх лістоў спадар Жамчужны, дарэчы, напісаў, што праверка нічога не дала. Маўляў, ніякіх парушэнняў не знайшлі, а чалавек, на якога ўказвалася, адмаўляў саму падзею. Таму адказнасці ніхто і не панёс”.

Са слоў праваабаронцы, асноўным  лейтматывам нагляднай скаргі стала тое, што ў Законе “Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці” не прадугледжана паняцце “працягваемага аператыўнага эксперымента”. Адным словам, у адносінах да Міхаіла Жамчужнага прымяняліся дзеянні, якія не прадугледжваліся беларускім заканадаўствам. І, такім чынам, праваахоўнымі органамі былі штучна створаны ўмовы, якія правакавалі чалавека на аналагічныя дзеянні з мэтай далейшага стварэння доказаў здзяйснення больш цяжкіх злачынстваў.

“Будзем спадзявацца, што гэтая скарга будзе разгледжана належным чынам, – дадае Таццяна Равяка.І будзе дадзена адпаведная ацэнка, улічваючы незаконныя дзеянні сілавікоў, грамадскі рэзананс “справы Жамчужнага” і прызнанне яго палітвязнем”.

Нагадаем, заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Уладзімер Лыско
  • Вадзім Лабковіч
  • Павал Вінаградаў
  • Віталь Рымашэўскі