79-гадовы пенсіянер Аляксандр Лапіцкі можа стаць новым палітвязнем

ЛапицкийФрунзенскі раённы суд Мінска прызнаў 79-гадовага пенсіянера Аляксандра Лапіцкага вінаватым у паклёпе на прэзідэнта і іншых дзяржаўных чыноўнікаў і накіраваў на прымусовае лячэнне.

Раней яго абвінавачвалі ў абразе прэзідэнта, прыніжэнні гонару і годнасці генеральнага пракурора і суддзяў.

“Мы будзем абскарджваць гэтае рашэнне ў вышэйшых інстанцыях, але, калі Аляксандра Лапіцкага ўсё ж-такі адправяць у псіхіятрычную лякарню, яго могуць прызнаць новым палітычным вязнем у Беларусі”, – распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Алег Волчак.

“Дзесяць гадоў таму асудзілі майго сына, я доўгі час дабіваўся, каб у той справе была справядлівасць, – распавёў Аляксандр Лапіцкі журналістам. – Пісаў усё, што думаю пра гэтую ўладу і судовую сістэму, у сваім блогу ў інтэрнэце, і мяне абвінавачвалі ў тым, што, маўляў, дасылаў электронныя лісты з абразамі прэзідэнта, генпракурора і суддзяў”.

У прысудзе адзначана, што абразай з’яўляюцца наступныя словы і выразы з перапіскі пенсіянера: «окабанели», «обнаглели», «козлы», «идиоты», «отморозки», «свиньи», «на выдумку и клевету судьи», «вся глубина нравственной деградации» і некаторыя іншыя.

Тэрмін лячэння пенсіянеру павінен вызначыць доктар, але яшчэ раней, у межах крымінальнай справы аб паклёпе, псіхіятрычная экспертыза дала заключэнне, што ў Аляксандра Лапіцкага быццам бы маецца хранічны псіхічны разлад.

“Адразу пасля суда адбылося пасяджэнне юрыдычнай групы цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву”, мы прааналізавалі прысуд і вырашылі, што ён вынесены незаконна і заўчасна, – кажа Алег Волчак. – Напрыклад, былі заяўлены нейкія невядомыя сведкі, якія ў судзе не ўдзельнічалі. Да таго ж, пры рашэнні пытання прымусовых мераў суддзя вырашыла прызначыць інваліду даволі жортскую меру, улічваючы, што чалавек нават на ўліку ніколі не стаяў у псіхдыспансеры. Аляксандру Лапіцкаму маглі проста прызначыць назіранне ўрача. Таксама судом не дадзена ацэнка абароны, што нельга давяраць судэмедэкспертам, якія экспертызу правялі ўсяго за 2 (!) дні”.

Са слоў праваабаронцы, ніводны з доказаў, якія былі прыведзены судом, не пацвярджае грамадска-небяспечных дзеянняў з боку пенсінера.

“У справе мы наогул не ўбачылі тлумачэнняў прэзідэнта, генпракурора, суддзяў, – дадае ён. – Няхай бы патлумачылі, што закранула іх гонар і годнасць. А самае галоўнае – любому чалавеку Канстытуцыя дазваляе выказваць свае меркаванні. І перад законам усе роўныя. Калі нехта пакрыўдзіўся на абразу, то ён павінен звярнуцца ў міліцыі, і чалавек атрымаў бы штраф. А вось, калі чыноўніка абразілі, то крыўдзіцеля – адразу ў “псіхушку”. Зрэшты, рашэнне раённага суда будзе абскарджана, інфармацыю пра гэтую справу мы ўжо накіравалі ў Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі”.

Алег Волчак дадае, што справа “мае палітычнае адценне”.

“Калі Аляксандра Лапіцкага ўсё-такі накіруюць на прымусовае лячэнне, праваабаронцы будуць разглядаць пытанне аб прызнанні яго палітвязнем. Інфармацыя пра “справу Лапіцкага” ўжо накіравана ў міжнародныя арганізацыі”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Іван Крук
  • Алег Сурган
  • Тацяна Цішкевіч
  • Аляксандар Квяткевіч