Алег Волчак: Абмяркоўваць пытанне рэабілітацыі палітвязняў улады могуць да бясконцасці

akrescina Пасол Еўрасаюза Андрэа Віктарын распавяла пра некаторыя далейшыя перспектывы беларуска-еўрапейскіх дачыненняў.

Па словах дыпламата, пытанне аднаўлення былых беларускіх палітвязняў у правах таксама на павестцы дня.

“З аднаго боку добра, што еўрапейцы наогул не “спісалі ў архіў” гэтую тэму, – кажа сайту palitviazni.info праваабаронца Алег Волчак. – А з іншага – улады наўрад ці пойдуць на рэабілітацыю, бо тады гэта будзе ўдарам па судовай сістэме”.

“Мы па-ранейшаму гаворым пра гэта (аднаўлення былых беларускіх палітвязняў у правах – Аўт.) на кожнай афіцыйнай сустрэчы, – заявіла Андрэй Віктарын tut.by. – Гэта павінна быць рашэннем беларускага боку. Падчас Візіту Стаўраса Ламбрынідзіса я ўбачыла гатоўнасць беларускага боку па меншай меры абмяркоўваць гэтае пытанне. Магчыма, гэта крок на шляху да вырашэння праблемы. Ізноў-такі, пытанне ў тым, колькі спатрэбіцца цярпення”.

– Калі палітвязняў выпусцілі на волю, то многія ўзрадаваліся, што, у рэшце рэшт, праблема вырашылася, – кажа Алег Волчак. – Але праваабаронцы яшчэ тады казалі, што вызваленне – гэта не рэабілітацыя ў правах. І сёння, дарэчы, зрабіць гэта можна праз суд. Працэдура, натуральна, няпростая, бо трэба падрыхтаваць і матэрыялы, і законныя падставы, але, калі б была палітычная воля, то справу можна было б хутка зрабіць.

– Заява пасла ЕС – гэта нейкі сігнал беларускім уладам?

– З аднаго боку добра, што еўрапейцы наогул не “спісалі ў архіў” гэтую тэму. Гэта добры сігнал, што Еўропа працягвае настойваць на выкананні сваіх прапаноў. Але тут не ўсё так проста. Бо палітвязняў трэба будзе не толькі рэабілітаваць, але і выплаціць ім кампенсацыі. Людзі адсядзелі розныя тэрміны, былі пазбаўлены пры гэтым пэўных правоў. Пасол выказалася, што беларускі бок гатовы абмяркоўваць гэтае пытанне. І вось тут галоўнае слова – “абмяркоўваць”. Не “вырашаць”, а “абмяркоўваць”. А гэта ўлады могуць рабіць да бясконцасці. Зараз афіцыйнаму Менску што патрэбна? Падтрымліваць дыялог з Еўропай, бо неабходны заходнія грошы. Таму абяцаць рознага кшталту “абмеркаванні” яны будуць і надалей. Але да рэальных дзеянняў у пытанні той жа рэабілітацыі палітвязняў справа наўрад ці дойдзе. Не захочуць улады прызнаваць свае памылкі. Гэта ж будзе самым сапраўдным ударам па судовай сістэме. Але ж патрабаваць усё роўна неабходна. Бываюць сітуацыі, калі ўлады ідуць на саступкі, каб нешта выгандляваць у Еўропы.

– Для палітвязняў праблема рэабілітацыі – пытанне маральнага кшталту?

– Безумоўна, бо людзі лічылі і лічаць сябе незаконна асуджанымі. Нават перад сябрамі і знакомымі важна паказаць сябе невінаватым, бо многія ж нават не ведаюць падрабязнасці такіх спраў. Да таго ж, з некаторых былых палітвязняў да гэтага часу не знялі судзімасці, а гэта таксама абмяжоўвае іх у правах.

palitviazni.info

 

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні