Экс-палітвязні пра зняцце санкцый: Еўропа робіць памылку

1019999153 15 лютага Еўрасаюз зняў большую частку санкцый у дачыненні да Беларусі.

Нагадаем, дзеянне санкцый у дачыненні да Беларусі ЕС аднавіў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, якія завяршыліся жорсткім разгонам дэманстрацыі ў Мінску 19 снежня, арыштам большасці альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, масавымі рэпрэсіямі ў дачыненні да палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Як вы ацэньваецце гэтае рашэнне Еўрасаюза? З такім пытаннем мы звярнуліся да некаторых беларускіх былых палітвязняў.

Еўрасаюз не працягнуў дзеянне санкцый у дачыненні да 170 фізічных і трох юрыдычных асобаў Беларусі. Такое рашэнне прынятае 15 лютага на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін ЕС у Бруселі.

Пры гэтым на 12 месяцаў працягнутае эмбарга на пастаўку ўзбраенняў у Беларусь і абмежавальныя меры ў дачыненні да чатырох чалавек, якіх ЕС лічыць датычнымі да знікнення ў 1999—2000 гадах апазіцыйных палітыкаў і журналіста. Гаворка ідзе пра Уладзіміра Навумава (былы міністр унутраных спраў), Віктара Шэймана (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрыя Сівакова (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрыя Паўлічэнку (камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС).

Мікалай Статкевіч:

–   Для Еўропы гэта – вельмі небяспечная гульня. Еўрачыноўнікі думаюць ужо не пра дэмакратыю ў Беларусі, а пра тое, каб тут было проста ціха і спакойна. Але гэта вельмі небяспечны выбар, бо Беларусь усё роўна стаіць напярэдадні драматычных зменаў. Беларуская палітыка-эканамічная мадэль уступае ў стадыю агоніі, і ўратаваць яе нішто не здольна.

Я мяркую, што магчымы два варыянты развіцця падзеяў у Беларусі. Альбо сацыяльныя выступы людзей, якія будуць бяднець і далей. Альбо прамое ўмяшальніцтва Расіі, якая захоча паставіць у краіне сваю больш паслухмяную марыянетку. І ў гэтай сітуацыі Еўрасаюз наносіць удар па і так не самай моцнай праеўрапейскай апазіцыі. У такім выпадку за справу можа ўзяцца ўплывовая ў Беларусі прарасійская апазіцыя, якая ёсць ва ўсіх структурах беларускай улады. Такім чынам еўрапейскія чыноўнікі правакуюць яшчэ большую нестабільнасць у краіне. Гэта вельмі небяспечная палітыка.

Што датычыцца санкцый, то, на мой погляд, яны былі дзейснымі. Нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, ідэалы свабоды усё-такі жылі ў галовах беларусаў, і імі кіраваліся шмат беларускіх дэмакратычных структураў. А іншага эфекту ад сімвалічных санкцый чакаць было і нельга. Вось супраць Расіі – рэальныя санкцыі. А беларускі рэжым не мог упасці з-за таго, што паўтары сотні чыноўнікам забаранілі ездзіць у літоўскія крамы. Гэта не былі рэальныя санкцыі, але яны мелі глыбока сімвалічны сэнс. Яны паказвалі, што ёсць ідэалы свабоды, што Беларусь – еўрапейская краіна, якая заслугоўвае свабоды. Але цяпер нам паказалі, што свабода – гэта не для нас.

Сяргей Скрабец:

– Еўропа, магчыма, спадзяецца, што беларускія ўлады зараз пачнуць праводзіць дэмакратычныя выбары, але асабіста я ў гэта не веру. Санкцыі трэба было адмяняць, калі б былі нейкія рэальныя перамены.

Мікола Дзядок:

–   Мяркую, Еўропа робіць вялікую памылку. Спрабуючы ўлагодзіць такім чынам Лукашэнку, еўрапейцы яго легітымізуюць. І гэта пры тым, што рэальнага прагрэсу ў плане правоў чалавека, грамадзянскіх свабодаў на сёння не назіраецца. Глядзіце самі: міліцыянты збіваюць людзей, людзям даюць вялізарныя штрафы за ўдзелы ў вулічных мерапрыемствах. Студэнтаў адлічваюць з ВНУ. Вось і ўся “лібералізацыя”. На мой погляд, Еўропа шляхам зняцця санкцый хоча зрабіць Лукашэнка сваім саюзнікам супраць Пуціна, і дзеля гэтага гатовая закрыць вочы на многае.

Зміцер Дашкевіч:

– Яшчэ ранейі было нейкае разачараванне пэўнымі дзеяннямі еўрапейскіх палітыкаў, а зараз наогул няма ніякіх эмоцый. То бок, само зняцце санкцый з пункту гледжання маралі незразумелае. Калі вы накладаеце санкцыі, скажам, на суддзю, які вынес нейкае несправядлівае рашэнне, а зараз іх адмяняеце, то што гэта азначае? Той выправіўся і пакаяўся? Панёс пакаранне за здзейсненае злачынства? Не, нічога такога не адбылося. Практычна ўсе, хто быў у санкцыйным спісе, працягваюць дзейнічаць, але Еўропа здымае санкцыі.

Гэта незразумелыя дзеянні, але, на мой погляд, – уласныя праблемы Еўропы. І самы станоўчы момант ва ўсім гэтым палягае ў тым, што ўжо не засталося ніякіх ілюзіяў. Доўгі час частка апазіцыі спадзявалася, што дапаможа расійскі дэмакратычны Мядзведзеў, частка жыла еўрапейскімі ілюзіямі. Таму вельмі добра, што зараз няма спадзяванняў ні на каго. У кожнага свае інтарэсы. Усё менш людзей глядзяць з адкрытай зяпай на Захад ці на Усход. А беларусам трэба разлічваць толькі на свае сілы.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні