На БТ не пашкадавалі чорнай фарбы для графіцістаў

graffiti_figuranty11 жніўня 2015 года пяцёра хлопцаў былі затрыманыя паводле падазрэння ва ўдзеле ў нанясенні графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…», а таксама заляпванне фарбай сацыяльнага бігборда з выявай супрацоўнікаў міліцыі.

29 студзеня 2016 году ў судзе Фрунзенскага раёна быў вынесены прысуд – Вадзім Жаромскі, Максім Пякарскі і Вячаслаў Касінераў атрымалі штрафы ад 30 да 50 базавых велічынь.

Аднак, як аказалася, “справа графіцістаў” працягвае жыць. Днямі ў перадачы «Галоўны эфір» выйшаў сюжэт пра яе ўдзельнікаў, а апошнія плануюць падаць у суд на журналістаў.

“Там так перакруцілі ўсё з ног на галаву, што мы вымушаны дзейнічаць праз суд”, – распавёў сайту palitviazni.info Вячаслаў Касінераў.

У роліку з хлопцаў зрабілі ледзь не наркаманаў, якія малююць свае графіці і ладзяць акцыі за невядома кім накіраваныя буйныя сумы ў амерыканскай валюце. Прычым у відэа выкарыстаны аўдыёзапіс аператыўнай праслушкі тэлефонаў, піша nn.by.

“Сюжэт, безумоўна, яшчэ той, – распавядае Вячаслаў Касінераў. – Перакруцілі ўсё з ног на галаву, нас выставілі нейкімі дэгенератамі. Нават нашы татуіроўкі кажуць пра тое, што мы выступалі і выступаем за здаровы вобраз жыцця, а зрабілі ледзь не наркаманамі. Акрамя таго – відавочная хлусня пра нейкія заробкі за мяжой! Гэта ці то правакацыя ў межах СМІ, ці то яшчэ нешта… Дарэчы, фотаздымкі, які дэманстраваліся ў сюжэце, зроблены сілавікамі. То бок, гэтае “кіно”, на мой погляд, – адмысловая замова апошніх, каб апраўдаць тое, што яны раздзімалі такую “гучную” справу, а пасадзіць нас не атрымалася. І яшчэ. Напрыканцы сэжэта сказана, што нас пакаралі за хуліганства. Ізноў-такі – хлусня! Нам перакваліфікавалі артыкул на “псаванне маёмасці”, так што ніякай “хуліганкі” тут і блізка няма. Мы, безумоўна, будзем падаваць у суд, каб абараніць свае гонар і годнасць”.

Яшчэ адзін фігурант справы Максім Пякарскі адзначае, што сюжэт пабудаваны на вырваных з кантэксту словах, але ён зусім не здзіўлены, што прапагандысты пачалілі ліць на іх бруд.

“Да правакацый былі гатовыя, – кажа ён. – На тым тыдні да маіх бацькоў і бацькоў Вадзіма Жаромскага ў Смаргоні прыходзіла міліцыя, распытвала пра нас. Маўляў, у горадзе яшчэ малюнкі з’явіліся і ці не наша гэта справа? Тое самае тычыцца і бацькоў Вячаслава Касінерава – на іх таксама быў нейкі ціск. Мы ж зараз працуем з юрыстамі, рыхтуем іск да журналістаў БТ, які збіраемся падаць у бліжэйшыя дні”.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які прысутнічаў на працэсе па “справе графіцістаў” і таксама бачыў сюжэт па БТ адзначае, што “падаваць альбо не на БТ у суд – гэта выключна справа саміх хлопцаў”.

“Сюжэт перадузяты, стварае негатыўны вобраз маладых людзей, – кажа праваабаронца. – І тут вельмі цікавы момант з аўдыёматэрыяламі, якія прагучалі ў эфіры, але на судзе не агучваліся. Трэба разумець, што журналісты БТ актыўна супрацоўнічаюць з органамі следства, якія прадастаўляюць матэрыялы справы (у тым ліку – аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў). Таксама ў сюжэце былі словы, што хлопцы выязджалі ў Літву, і ім там перадалі грошы за тое, што яны зрабілі. Тут ужо намалявалі цэлую “тэрарыстычную” сетку людзей, якія малявалі на платах за грошы. Адным словам, поўная лухта!”

Па словах Валянціна Стэфановіча, тым, хто распачаў гэтую справу і заварыў кашу, хацелася б прадаставіць гэтую справу ў іншым святле, але не атрымалася.

“А таму пра тое, што ў дзеяннях хлопцаў не знайшлі хуліганскіх матываў, журналісты БТ вырашылі нават не ўспамінаць”, – дадае праваабаронца.

palitviazni.info

 

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні