Міхаіл Жамчужны: Мне пашэнціла з высокапастаўленымі кваліфікаванымі “ворагамі”

14110101 2 лютага Міхаіл Жамчужны, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем, прыслаў ліст з турмы на волю віцебскаму правабаронцу Леаніду Свеціку.

У лісце Міхаіл Жамчужны распавядае пра ранейшыя ўмовы ўтрымання ў СІЗА і цяперашнія ў калоніі, а таксама дзякуе ўсім за падтрымку і дапамогу.

“Найперш Міхаіл падзякаваў сябрам, што яму ў калонію пераслалі неабходныя рэчы, якія ён прасіў, – распавядае Леанід Свецік.Гэта радыёпрымнік, папера, каб пісаць лісты, гадзіннік на руку. Мы збіралі ў Віцебску грошы ўсе разам – і праваабаронцы, і журналісты, і нават дапамог адзін бізнесмен. Праўда, радыёпрыёмнік, наколькі я зразумеў, не дазволілі перадаць, хоць па заканадаўству для асуджаных гэта дазволеная рэч”.

Таксама ў лісце Міхаіл Жамчужны ўзгадвае, як на яго ціснулі псіхалагічна падчас знаходжання ў СІЗА на стадыі следства.

“Традыцыйна палітзняволеных змяшчалі ў псіхіятрычныя лякарні, – напісаў ён. – Робіцца гэта для таго, каб палітвязняў (звычайна – інтылектуальных людзей) пазбаўляць магчымасці мысліць, мець зносіны з адэкватнымі людзьмі і абараняццца ад сфальсіфікаваных абвінавачванняў і рэпрэсій. Хто ўсур’ёз будзе ўспрымаць скаргі ад пацыента псіхіятрычнай лякарні? У першыя дні майго арышту метады псіхалагічнага ўдзеяння прымяняліся і ў адносінах да мяне. У ІВС, дзе я ўтрымліваўся першыя тры дні пасля арышту, да мяне падсадзілі нейкага непаголенага суб’екта, які ў дасканаласці валодаў турэмным слэнгам. Але, мяркуючы па яго пытаннях да мяне, ён добра ведаў пра маё абвінавачванне і спрабаваў па “гарачых слядах” высвятліць падрабязнасці справы, тых, з кім я “працаваў”, месцы збыту інфармацыі і крыніцы фінансавання. Гэтыя дзеянні КДБ зараней былі правальнымі, таму што ўсё гэта я праходзіў па першаму абвінавачванню. Пасля гэтага я быў змешчаны ў камеру СІЗА, дзе з пад’ёма да адбоя двое зняволеных на поўную моц голаса адначасова распавядалі пра свае аўтабіяграфіі з падрабязнасцямі. У такіх умовах ні пісаць, ні думаць было немагчыма. Праз тры дні такіх катаванняў я зразумеў, што можна пазбавіцца розума, а таму папрасіў выслаць мне бярушы. Да гэтага проста даводзілася затыкаць вушы пальцамі. Бярушы былі высланы, але мне іх не выдалі, бо, маўляў, гэта забаронена медыкамі СІЗА. Давялося зрабіць бярушы самому з паралона… Так я на працягу доўгага часу захоўваў свае мазгі ад знішчэння”.

Міхаіл Жамчужны дадае ў лісце, што ў калоніі з “ворагамі” яму “не сумна”.

“Мае стасункі з навакольнымі людзьмі і з адміністрацыяй я баюся сурочыць, – піша палітвязень. – Лічу іх ідэальнымі. Мне пашэнціла з высокапастаўленымі кваліфікаванымі “ворагамі”. З імі не сумна. Паважаю дастойных супернікаў і дзякуй ім за навуку”.

“Не ведаю, як кваліфікаваць гэтыя словы, але мне падаецца, што Жамчужны стараецца нешта пісаць паміж радкоў, – каментуе Леанід Свецік. – Відавочна, што нейкае супрацьстаянене паміж Міхаілам і адміністрацыяй калоніі адбываецца, калі ён ужо узгадвае “кваліфікаваным “ворагаў”.

Напрыканцы Міхаіл Жамчужны яшчэ раз падзякаваў за падтрымку і пажадаў “поспехаў усім у жыцці і дзейнасці”.

Нагадаем, заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхась Субач
  • Аляксандар Францкевіч
  • Юрый Бандажэўскі
  • Віктар Івашкевіч
  • Сьвятаслаў Барановіч