Вячаслаў Касінераў: Дзіўным выглядаў перанос разгляду справы

12400066_892409900856572_706041211_o26 студзеня ў Фрунзенскім раённым судзе Мінска прайшоў другі дзень суда над графіцістамі. Праз некалькі гадзін пасля пачатку паседжання стала вядома, што суд перанесены на 29 студзеня.

Адзін з фігурантаў справы Вячаслаў Касінераў распавёў пра свае ўражанні ад працэса.

Сёння пракурор зачытаў раздрукоўку тэлефоннай размовы Жаромскага з Касінеравым, агучыў расшыфроўку допытаў Жаромскага супрацоўнікам УБАЗ Ігарам Луневічам ў перыяд, калі абвінавачаны знаходзіўся ў СІЗА № 1, а сам Вадзім Жаромскі заявіў пра ціск на яго пад час следства. Затым разгляд справы быў перанесены на 29-га студзеня.

“Асабіста ў мяне склалася ўражанне, што напачатку і пракурор, і суддзя вялі сябе фармальна, а пра канчатковае рашэнне ўжо вядома, – кажа Вячаслаў Касінераў. – Людзям проста неабходна правесці нейкія неабходныя працэсуальныя моманты, каб усё выглядала добра і якасна. Але скандал са збіццём у судовай зале актывістаў і журналіста даў аб сабе ведаць. Падчас другога паседжання залу запоўнілі сілавікі ў цывільным, на ўваходзе была ўзмоцненая праверка. Але ўвогуле ўсё выглядае даволі смешна. Амаль гадзіну пракурор зачытвае раздрукоўку праслухоўвання нашых размоваў, з якіх ніякіх вынікаў зрабіць не мажліва. Акрамя таго, у пацярпелага прадпрымальніка няма да нас ніякіх прэтэнзій, ён не жадае крымінальнага пераследу, і пры гэтым усім справа цягнецца”.

Па словах Вячаслава Касінерава, даволі нечаканым і дзіўным выглядаў перанос разгляду справы на пятніцу:

“Калі зачытваліся нашыя тэлефонныя размовы, у залу забегла нейкая жанчына (магчыма, сакратарка), перадала суддзі паперку і літаральна праз 10 хвілін быў аб’яўлены перапынак да пятніцы. Згадзімся, нейкі дзіўны паварот”.

Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак, каментуючы гэты працэс, адзначае, што самі ўлады надалі справе “палітычную афарбоўку”.

“Пацярпелым усё кампенсавана, прэтэнзій з боку апошніх няма, – адзначае праваабаронца. – Таму нават з пункту гледжання працэсуальнай эканоміі не было сэнсу так раздзімаць справу. Ды і па цяжкасці таго, што хлопцы зрабілі, – гэта не фармат крымінальнага працэсу. Проста справа з самага пачатку вельмі жорстка падавалася. Мы ведаем, як затрымліваліся маладыя людзі, якія заявы пасля гэтага гучалі з боку следства. Сваімі дзеяннямі ўлады надалі справе палітычную афарбоўку”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні