Вадзім Жаромскі: Мне нанеслі двайны ўдар

12398427_1684632551818034_710697283_o Адзін з фігурантаў “справы графіцістаў” Вадзім Жаромскі распавядае сайту palitviazni.info падрабязнасці свайго знаходжання ў шпіталі, пра тое, ці будзе ён прымаць удзел у судовым працэсе і робіць прагнозы адносна будучага рашэння суда.

“Як вядома, 25 студзеня адбудзецца суд па справе “графіцістаў”, – кажа суразмоўца. – Але зараз я знаходжуся ў шпіталі, мякка кажучы, у недзеяздольным стане. Тыдзень таму патрапіў у шпіталь – у мяне траўма пазваночніка. Некалькі дзён я наогул амаль не рухаўся і толькі зараз пачаў хадзіць…”

– Увесь гэты час мне тэлефанавалі з суда і ледзь не патрабавалі, каб прыехаў і падпісаў нейкія паперы, – працягвае Вадзім Жаромскі. – А я гэтага зрабіць фізічна не магу. Тады пачалі тэлефанаваць дактарам. Тыя наогул былі ў шоку, сказалі, што выклікаць некуды пацыента ў такім стане – гэта па меншай меры не па-чалавечы.

Справа закончылася тым, што да мяне ў палату прыслалі міліцыянта, які мне ўрачыста ўручыў павестку ў суд. Я толькі не зразумеў, чаму з пісталетам на баку прыйшоў. Ці то гэта ў іх такая “форма адзення”, ці то быў акт застрашэння “радыкальных анархістаў”.

Пасля гэтага адна доктарка ў вуснай размове паведаміла мне, што паступіла негалоснае распараджэнне нікуды мяне з лякарні не выпускаць.

– Можа быць, баяцца, што вы праігнаруеце судовы працэс?

– Я не ведаю, чым яны кіруюцца, але сёння, 18 студзеня, напэўна, вырашылі перастрахавацца і прадубліравалі міліцыянта – прыслалі павестку яшчэ і факсам. Так бы мовіць, нанеслі двайны ўдар, каб я дакладна з’явіўся на суд.

– А, калі вы па стане здароўя не зможаце прыехаць у залу суда? Відаць, на 100 працэнтаў нельга выключаць і такі варыянт развіцця падзей…

– Я прапаноўваў перанесці пачатак працэса хаця б на тыдзень. Ніхто ж не ведае, як будзе аднаўляцца здароўе, а на судзе хацелася б знаходзіцца ў нармальным стане. На жаль, на гэта ніхто не пагадзіўся, суд катэгарычна супраць. Я мяркую, што ўлады спяшаюцца, каб хутчэй “развязацца” з гэтай справай, бо вакол яе вельмі шмат грамадскага рэзанасу. Не выключана, што мяне пратрымаюць у лякарні літаральна да апошняга, а за дзень-два да суда выпішуць, каб усё выглядала прыгожа. Дрэнна, што ў такіх умовах практычна няма часу нармальна падрыхтавацца да суда. Трэба ж выпрацаваць нейкую лінію абароны, падрыхтаваць выступленне…

– Якія прагнозы з нагоды будучага суда?

– Мне пагражае да 6 гадоў зняволення, але многія схіляюцца да таго, што дадуць “хімію”. Але хіба гэтыя прагнозы нечага вартыя? Як ужо казаў, асабіста я спадзяюся толькі на адно – што пераможа здаровы сэнс.

Нагадаем, 25 студзеня ў Мінску пачнецца суд над «графіцістамі», якія ўлетку напісалі на будынках горада і на плоце графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасьці, яна ўжо ідзе…», а таксама запэцкалі фарбай сацыяльную рэкламу з выявай міліцыянта.

Максіму Пякарскаму пагражае да 3 месяцаў арышту, Вадзіму Жаромскаму і Вячаславу Касінераву – да 6 гадоў зняволення.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Арастовіч
  • Андрэй Гайдукоў
  • Валеры Леванеўскі
  • Алесь Міхалевіч
  • Аляксей Бондар