“Няхай у сэрцах беларусаў народзіцца маленькі Іісус…”

3_elkaШто былыя палітвязні хацелі б пажадаць беларусам і краіне на 2016-ы год?

Мікалай Аўтуховіч:

– Жадаю беларусам свабоды ад гнёту. Каб людзі менш баяліся, бо многія насамрэч стаміліся ад такога жыцця, але страх прымушае маўчаць.

Я хачу, каб людзі ў наступным годзе ўбачылі святло наперадзе. І, каб гэтае святло запалілі не нейкія палітыкі-апазіцыянеры, а сам народ.

А ўвогуле, усім зычу здароўя і дабрабыту!

Валерый Шчукін:

– Жадаю, каб у 2016 годзе беларусы жылі ў цывілізаваным дэмакратычным грамадстве без таталітарных кіраўнікоў.

За новыя выбары!

Алесь Бяляцкі:

– Хацеў бы, каб мы арыентаваліся ўсё ж такі на лепшыя ўзоры пабудовы грамадскага, эканамічнага і палітычнага жыцця. Каб мы вучыліся і бралі з сусветнага вопыту ўсё лепшае. Каб мы супольна, талакою дабіваліся лепшага жыцця для сябе і для сваіх дзяцей. Калі паглядзець, якія сёння стандарты жыцця свету прапануюць Расія і Еўропа, то нам адназначна трэба браць прыклад з Еўрасаюза.

А яшчэ хацеў бы заклікаць беларусаў больш актыўна адстойваць свае правы і не баяцца змагацца за сваё “я”. Калі гэта не рабіць, дык улады канчаткова запрагуць нас у ярмо. Мы самі павінны змагацца за сваю годнасць і свой дабрабыт. (цытата з “Народнай волі”)

Мікалай Дзядок:

– Хачу пажадаць людзям нічога не баяцца і змагацца за сваю годнасць паўсюль і заўсёды. Няхай начальнікі баяцца народ, а не наадварот.

Таксама жадаю любіць людзей і рабіць ім дабро.

– Павел Вінаградаў:

– Беларусам я б пажадаў адчуць сябе грамадзянамі сваёй краіны, бо грамадзянства не абмяжоўваецца наяўнасцю ў кішэні сіняга пашпарту.

Калі я пра гэта кажу, то маю на ўвазе пачуццё адказнасці за сваю краіну. Бо за ўсё, што адбываецца ў Беларусі, адказны ўсе мы разам.

А краіне я пажадаў бы перастаць мітусіцца паміж шматвектарнасцю і прынцыпам “аднаго вакна”, пакінуць нюансы адрозненняў ротарнай жаткі і абмалоту прафесіяналам і з усіх сілаў бегчы ў бок Еўрасаюза.

Павел Севярынец:

– Паколькі для мяне ў гэтую пару галоўнае свята – Ражство, то ў першую чаргу пажадаў бы беларусам, каб у іхніх сэрцах нарадзіўся маленькі Іісус.

Каб яму было там утульна. Каб ён адчуваў у беларускіх сэрцах, як дома.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Эдуард Лобаў
  • Зьміцер Хведарук
  • Сьвятаслаў Барановіч
  • Вячаслаў Сіўчык
  • Рыгор Кійко