Павел Сапелка пра падзеі 19 снежня 2010 году.

Павал Сапелка19 снежня. Дзень, пасьля якога пяць гадоў таму палітычнае жыцьцё ў Беларусі надоўга пагрузілася ў змрок. Дзень, з якога пачаліся такія працэсы, якія, здавалася, раздушаць ўсіх нязгодных і выпаляць канчаткова ўсё, што засталося ад волі да 2010 года. Успамінаць усё гэта бязрадасна, але памятаць – трэба.
Павел Севярынец.
Я пазнаёміўся з ім у 2004 годзе, калі абараняў яго па крымінальнай справе за арганізацыю маштабнай акцыі ў цэнтры Мінска: 18 кастрычніка сотні ўдзельнікаў дэманстрацыі   прайшлі па праспекце Незалежнасці і правялі мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Па дарозе адбылася сустрэча з тагачасным старшынёй КДБ Ерынам, пра якую пасля доўга ўспаміналі ўдзельнікі. Пасля гэтага быў суд, дзе Паўла і М.Статкевіча асудзілі на гады “хіміі”; Малое Сітна – вёсачка ў глухіх лясах,  якая раптам стала вядомай, мабыць, не толькі ў Беларусі. Раптоўнае вызваленне ў 2007 годзе.

У снежні 2010 года ў кабінет следчага ў будынку КДБ на першы допыт Паўла прывёў хтосьці высокі, малады, у чорным з галавы да ног, з закрытым тварам і чамусьці спалоханымі вачыма. Аўтамат, які ён трымаў адной рукой, уткнуўшы ствол Паўлу ў патыліцу, упэўненасці яму, відавочна, не надаваў. Іншы рукой ён трымаў рукі Паўла, якія былі сцягнутыя наручнікамі за спінай. Як сказаў потым Павел, больш за ўсё падчас хуткай прабежкі па калідорах і лесьвіцах з суседняга ля будынка СІЗА ён баяўся, што гэты «воін» спатыкнецца і неспадзявана націсне на спускавы кручок …
Пасля 21 снежня я да Паўла на сустрэчу больш не трапіў. Следчых дзеянняў з ім афіцыйна не праводзілі, а іншай магчымасці яго ўбачыць і абмеркаваць сітуацыю не было: зняволеных «дзекабрыстаў» змясцілі ў інфармацыйны вакуум, каб здушыць іх маральна і зламаць іх волю. Суд, дзе мне адмовілі ў скарзе на заключэнне пад варту Паўла, прайшоў без яго. Апошняе «прывітанне» ад Паўла я атрымаў у лютым 2011 г: поўным ходам ішоў працэс майго выключэння з калегіі, і я атрымаў магчымасць паглядзець на дакументы, якія прыйшлі з КДБ з прадстаўленнем старшыні камітэта. Рукой следчага ў пратаколе допыту два маіх падабаронных «выказалі абурэнне» маім адсутнасцю. Загатоўка пратаколу допыту Паўла Севярынца засталася без подпісу Паўла. Яго не зламалі.

Павел Сапелка для palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Кастусь Лукашоў
  • Арцём Грыбкоў
  • Аляксандар Васільеў
  • Андрэй Пратасеня
  • Іван Шыла