Міхаіл Жамчужны

14110101Міхаіл Жамчужны нарадзіўся ў 1955 г. у Віцебску. Працаваў у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Дацэнт, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак.

Першы ў краіне зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве. Ва універсітэце кіраваў лабараторыяй, якая займалася праблемамі прамысловага вырабу вадароду. Пра яго кажуць так: таленавіты навуковец, не заангажаваны ў палітычную дзейнасць

Хроніка пераследу

Нечакана дзейнасцю навукоўцаў зацікавіўся КДБ. Супраць кіраўніка лабараторыі распачалі крымінальную справу. Міхаілу прапанавалі супрацоўнічаць з КДБ, даць паказанні супраць начальства. Ён адхіліў гэтыя прапановы. У 2007 г. яго асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 210 КК «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі».

Пасля суду Міхаіл Жамчужны спрабаваў абскардзіць свой прысуд, аднак справа была складаная: яна тычылася навуковых распрацовак і вымагала вялікіх грошай на адвакатаў, спрактыкаваных у гэтай сферы.

Пасля вызвалення ў 2012 годзе М.Жамчужны ад ідэі рэабілітаваць сваё імя адмовіўся і на працу ва ўніверсітэт, дзе яго абвінавацілі, прынцыпова не вярнуўся. Ён вырашыў далучыцца да членаў арганізацыі “Платформа”, дзе займаўся зборам інфармацыі пра сітуацыю ў месцах зняволення. Пасля ліквідацыі “Платформы” пагадзіўся стаць заснавальнікам новай арганізацыі “Платформы інавэйшн”.

Міхаіла Жамчужнага арыштавалі праз тыдзень пасля абвяшчэння прысуду ў дачыненні да дырэктара ЧКПУ “Платформа інавэйшн ” Андрэя Бандарэнкі. Падрабязнасці пра абставіны крымінальнай справы супраць Міхаіла Жамчужнага не выдаюцца. Адвакат адмовіўся ад кантактаў, матывуючы гэта падпіскай пра неразгалошваньне звестак. Аднак удалося высветліць, што М.Жамчужному інкрымінавалі абвінавачванне па некалькіх артыкулах КК — 376 (ч.1, ч.2), 375 (ч.1), 431 (ч.1, ч.2). Гэта — наўмыснае разгалашэнне службовых сакрэтаў, незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, а таксама дача хабару.

10 ліпеня 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым на падставе артыкулаў 376 (ч. 1, ч. 2), 375 (ч. 1) і 431 (ч. 1, ч. 2) КК (наўмыснае выдаванне звестак, што складаюць службовую тайну; незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, што складае службовую тайну; даванне хабару) і прыгаварыў да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі разгледзела касацыйную скаргу на прыгавор і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Цяпер Жамчужны знаходзіцца ў калоніі № 9 у Горках (Магілёўская вобласць).

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Міхаіла Жамчужнага палітычным зняволеным. Пад тэкстам заявы падпісаліся старшыня ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак, старшыня праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Алена Танкачова, кіраўнік камітэта дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасць» Іна Кулей, кіраўнік Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская, прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава Таццяна Равяка і экс-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Някляеў