Павел Севярынец: Бог знойдзе спосаб дапамагчы Беларусі…

Павал СевярынецУ свой час Павел Севярынец быў адным з самых вядомых моладзевых лідараў незалежнай Беларусі. Прыйшоўшы ў дэмакратычны рух у сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя, ён стаяў ля вытокаў стварэння самай буйной маладзёжнай арганізацыі краіны — “Маладога Фронту”. Доўгі час ачольваў “Малады фронт”.

Апантаны нацыянальнай ідэяй, адданы ідэалам свабоды і незалежнасці Беларусі хлопец хутка стаў сваім сярод сваіх. На рахунку Паўла Севярынца была арганізацыя шматлікіх вулічных акцый. Зразумела, што актыўнасць Севярынца і ягоных паплечнікаў не магла сцярпець беларуская ўлада. Павел стаў адным з соцень, а мо і тысяч тых, хто пацярпеў за ўласныя перакананні.

Спачатку былі затрыманні і штрафы, потым – першы турэмны вопыт… Севярынец двойчы адбываў пакаранне на так званай “хіміі”, сядзеў у СІЗА КДБ пасля падзей 19 снежня 2010 году…

Але, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, Павел быў і застаецца адным з самых апантаных рупліўцаў беларускай справы.

Пра свой шлях у дэмакратычным руху Беларусі, пра жыццё ў няволі, пра перажыванні і спадзяванні Павел распавёў сайту palitviazni.info.

– Павел, давайце вернемся да падзей больш чым 20-гадовай даўніны. Скончыўшы школу з залатым медалём перад вамі, як кажуць, былі адкрыты ўсе дарогі. Вы выбралі свой шлях і вырашылі далучыцца да дэмакратычнага руху Беларусі. Што паўплывала?

– Справа была у 1994-м годзе ў Віцебску. Туды, на сустрэчу з людзьмі, прыехаў Зянон Пазьняк. На тое мерапрыемства мяне з сабой узяў бацька. І, я вам скажу, паслухаўшы Зянона Станіслававіча, цягам некалькіх гадзін я стаў, можна сказаць, у грамадскім плане іншым чалавекам. Пазьняк распавядаў мне, савецкаму школьніку, пра незалежную і дэмакратычную Беларусь. Я бачыў, як заворожана яго слухалі людзі, як ад яго прамовы шалелі прадстаўнікі старой камуністычнай наменклатуры. Менавіта тады я зразумеў, што за тую Беларусь, пра якую казаў Зянон Пазьняк, – незалежную, свабодную і заможную – патрэбна змагацца.

Прыехаўшы з Віцебска ў Мінск, я паступіў на геаграфічны факультэт БДУ. Мой выбар быў прадвызначаны, бо з дзяцінства мяне вабіла геалогія, і я хацеў гэтым займацца. У якасці адступлення заўважу: у сярэдзіне 90-х дэмакратыі хапала ва ўсіх сферах жыцця. У нашай групе навучалася 15 студэнтаў, і шляхам галасаванне мы самі вызначалі, на якой мове навучацца. З перавагай у адзін голас перамагла беларуская. І першыя тры курсы мы навучаліся на роднай мове. Зразумела, што вучобу я сумяшчаў з грамадзянскай дзейнасцю, у Мінску прымкнуў да БНФ, у структуры якога існавала маладзёжнае крыло.

– Вы маеце на ўвазе “Малады фронт”?

– Не, “Малады фронт” быў створаны не адразу. Мала хто ведае, але ўсё пачыналася з сустрэч у “клубе па інтэрасах”. Маладыя людзі збіраліся на сядзібе БНФ штотыдзень – сустрэчы былі кожны чацвер. Тады ж жыццё віравала, мы абмяркоўвалі палітычныя навіны, грамадскія падзеі, а таксама “выходзілі ў народ”. Я дагэтуль помню свой першы такі выхад. Гэта былі “давыбары” дэпутатаў у Вярхоўны Савет 1995-га, БНФ меў сваіх кандыдатаў і у іх падтрымку трэба было разнесці ўлёткі. Я вырашыў, што лёгка магу распаўсюдзіць па студэнцкім гарадку каля 2500 улётак. Тады адказны сакратар Управы БНФ Вячаслаў Сіўчык удакладніў, ці насамрэч я здолею гэта зрабіць. І атрымаў станоўчы адказ. Я пайшоў да людзей “ад дзвярэй да дзвярэй”. Улёткі раздаваў тры дні, а потым мне сніліся гэтыя людзі і той тэкст, які я ім казаў. Так, я на сабе адчуў, як гэта – падымаць людзей.

Ідэя аб стварэнні “Маладога Фронту” літаральна лунала ў паветры. Пасля кожнай вулічнай акцыі, якую ладзіў БНФ, знакамітае памяшканне фронтаўскай сядзібы на Варвашэні, 8, літаральна, было набіта людзьмі. У тым ліку і маладымі. У рэшце рэшт, ад пасядзелак за гарбатай і абмеркавання палітычных падзей было вырашана перайсці да заснавання маладзёжнай арганізацыі. Дзейснай і рашучай. Якая б адстойвала нацыянальныя каштоўнасці. Так і стварыўся “Малады Фронт”. У арганізацыі было, так бы мовіць, дзве масавыя плыні – культурніцкая, за якую адказваў я, і спартыўна-патрыятычная, якой кіраваў Яўген Скочка.

– Ці было разуменне таго, што ўлада не дасць вам дыхаць вольна? Што ў выпадку гучных вулічных выступаў супраць сябраў “Маладога Фронту” могуць быць ужыты рэпрэсіі?

– Па-шчырасці, пра гэта мы думалі менш за ўсё. Тады, у другой палове 90-х, нам наадварот здавалася, што вось-вось і мы зможам змяніць уладу ў Беларусі і развітацца з посткамуністычнай наменклатурай, якая засела ў высокіх кабінетах. Тое, што нашых актывістаў будуць лупцаваць дубінкамі, мы прадбачылі, але маладыя ахвяравалі гэтым дзеля новай Беларусі.

– А сваю першую адсідку помніце?

– Мяне забралі пасля адной з вулічных акцый “Маладога Фронту” у сакавіку 1997-га. Прывезлі ў Маскоўскі РУУС і змясцілі ў “стакан” – маленькае бетоннае памяшканне. Пры гэтым, як зараз помню, у прыбіральню не выводзілі вельмі доўга. А побач у такім жа “стакане” утрымлівалі нейкага крымінальніка, які сказаў міліцыянтам: “Калі па патрэбе не выведзеце, я вам прама тут усё зраблю”. Яго, як і мяне, не вывелі. І мой сусед па няшчасці, стрымліваючы сваё абяцанне, нарабіў тое, аб чым папярэджваў прама пад дзвярыма. Рэакцыя міліцыянтаў была маланкавай: яны адчынілі дзверы ў “стакан”, схапілі гэтага мужыка і пачалі ягоным тулавам выціраць падлогу менавіта ў тым месцы, куды ён толькі што “схадзіў”. Пасля гэтай экзэкуцыі я вырашыў цярпець і ў прыбіральню не прасіцца. 16 гадзінаў трываў – гэта быў, так сказаць, курс маладога байца. А тое маё затрыманне скончылася судом, які прысудзіў мне штраф.

– Праз актыўную грамадзянскую дзейнасць у вас былі праблемы на вучобе?

– Падчас вучобы я быў вымушаны ўзяць акадэмічны адпачынак тэрмінам на год. Падчас навучання я на два месяцы апынуўся за кратамі – сядзеў у СІЗА на Валадарскага за ўдзел у акцыі, якая была скіравана супраць “единения народов Беларуси и России”. Менавіта там, на “Валадарцы”, я пакаяўся і прыняў Бога. Адсядзеў два месяцы, а потым мяне вызвалілі ў сувязі з тым, што “абставіны ў маёй справе змяніліся”. Хаця было відавочна, што справа тая была шытая белымі ніткамі, ніякай крымінальшчыны з майго боку не было і быць не магло. І ўлады не ведалі, што са мной рабіць. Таму пад ціскам унутры краіны (я ведаю, што майго вызвалення дабіваўся Віктар Ганчар) плюс пад ціскам міжнароднай супольнасці мяне і выпусцілі на волю.

Пасля вяртання ў БДУ я працягваў хадзіць на лекцыі, хаця мяне спрабавалі запэўніць: маўляў, вы ў нас не вучыцеся. Не хацелі нават у інтэрнат сяліць. Але дабіўся сустрэчы з тагачасным рэктарам БДУ Аляксандрам Казуліным, мяне у інтэрнат пасялілі, ды ні абы які, а ў той, дзе жывуць аспіранты. Умовы там, як у гатэлі. Праўда, я не вытрымаў доўга такой “стэрыльнасці” і папрасіўся назад у студгарадок. І гэтая просьба была выканана.

– А што за гісторыя была звязана з абаронай дыплома?

– Я напісаў яго на тарашкевіцы. У той час, прытрымліваючыся гэтага правапісу, выходзілі некаторыя газеты. Напрыклад, “Наша Ніва”. Я не бачыў у гэтым аніякай праблемы, аднак у дэкана геафака быў іншы погляд. Ён выклікаў мяне ў дэканат і літаральна шпурнуў у мяне тым дыпломам. Разгортваю ўласную працу, а ўвесь дыплом перакрэслены чырвоным маркерам – маўляў, калі хочаш абараніцца, пішы “на нормальном языке”. Я, зразумела, адмовіўся. І потым даведаўся, што з гэтай нагоды ўсё той жа Аляксандр Казулін сабраў у сябе дэканаў усіх факультэтаў БДУ, публічна “выпараў” нашага Івана Іваныча, прымусіўшы яго дыплом мой прыняць. Так я яго і абараняў – перакрэсленым . Дарэчы, абараніў у Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага на выдатна і спакойна скончыў БДУ. На двары стаяў 2000 год…

– Адной з вашых самых гучных акцый пачатку двухтысячных гадоў была супраць таго, каб кіраўнік краіны мог пераабірацца неабмежаваную колькасць тэрмінаў…

– Я не мог паступіць іначай. Пра рашэнне выйсці на Плошчу, каб пратэставаць супраць фальсіфікацый, я не шкадую дагэтуль. Фальсіфікацыя выбараў – вельмі сур’ёзная рэч, патаптанне Канстытуцыі – вельмі сур’ёзна. Камусьці ж трэба выходзіць пратэставаць супраць гэтага. І хтосьці павінен быць у першых шэрагах. Тое, што давялося пасля гэтага прайсці, я расцэньваю, як Божы дар. Для мяне Малое Сітна, куда я трапіў на “хімію”, стала вялікай школай, вялікім этапам ва ўласным выхаванні. Шмат што ў жыцці я зразумеў, пабываўшы ў той глухамані. Я пабачыў, як там жывуць людзі, у гэтым аддаленым куточку Беларусі, дзе да бліжэйшай царквы кіламетраў 50. Дык вось людзі там жывуць у стане безвыходнасці. Многія співаюцца, паміраюць маладымі. Малое Сітна – гэта сапраўднае беларускае дно.

– Якое вы спрабавалі разварушыць, запрасіўшч туды Аляксандра Мілінкевіча, які браў удзел у выбарах-2006…

– Так, нават агітаваў мясцовых жыхароў за Мілінкевіча. І на дзіва высвятлілася, што амаль уся вёска гатовая яго падтрымаць. Мы правялі своеасаблівы “праймерыз” і ведалі настроі людзей. Аднак па афіцыйных выніках, нават у Малым Сітна Лукашэнка набраў 95%. Ізноў жа пытанне не ў тым, як галасуюць, а ў тым, як лічаць гласы.

Перад самымі выбарамі мяне спрабавалі пасадзіць – абвінавацілі ў тым, што я быццам бы скраў бензапілу, трымалі пад вартай і нават у прыбіральню вадзілі пад канвоем. Аднак, як толькі выбары скончыліся і ў Мінску разагналі Плошчу, “абвінавачанне” у крадзяжы таксама рассыпалася.

Дарэчы, у Малое Сітна я абяцаў вярнуцца пасля перамогі, то бок пасля таго, як ў Беларусі зменіцца ўлада. Я дагэтуль падтрымліваю сувязь з некаторымі мясцовымі жыхарамі, хоць, на вялікі жаль, не ўсе з тых, каго я ведаў у 2006-м, дажылі да сёняшняга дня. І тут ізноў жа на першы план выходзіць праблема чалавечай безвыходнасці: людзі ў якасці “алкаголя” п’юць растваральнікі, якімі трэба мыць аўтамабільныя шыбы. І паміраюць рана, маладымі. Гэта сапраўдная беларуская трагедыя. Гэтых людзей шкада, у іх няма прасвету.

Што можаце сказаць пра Плошчу 2010 году, пасля якой вам далі новы тэрмін зняволення?

– Яе дагэтуль узгадваю з болем. Зараз я магу адкрыта сказаць – у апазіцыйных сіл не было на той дзень канкрэтнага плану сумесных дзеянняў. Дакладней, планаў было некалькі. Хтосьці прапаноўваў прыйсці на Плошчу і стаяць, хтосьці прапаноўваў ісці да Адміністрацыі кіраўніка краіны і прад’явіць патрабаванні. Але скончылася тым, чым скончылася. Людзей брутальна збілі, скалечылі. Гэта была наша самая вялікая памылка. На Плошчы вырашыў заставацца да канца, бо мы ж заклікалі людзей выйсці на вуліцу. Там мяне ўзялі і транзітам праз Ленінскі РУУС я апынуўся ў СІЗА КДБ. А там аўрал – “палітычных” літаральна распіхваюць па камерах. Пры гэтым дэманстратыўна пакідалі на пару гадзінаў у памяшканні, сцены якога былі абіты скурай. Паказвалі, што, маўляў, тут не чутно ні крыкаў, ні ўдараў.

– Псіхалагічна ціснулі?

– Я адмовіўся даваць паказанні. Мяне не чапалі некалькі дзён, а потым павялі да начальніка СІЗА КДБ Арлова. Ён паспрабаваў вывесці мяне на размову. І я даведаўся пра ідыялогію, якой кіруюцца нашыя службісты. У іх свядомасці ўсе выбары ў Беларусі – сумленныя і адкрытыя. Я прыводзіў свае факты і аргументы. Якія ў тым ліку пачуў ад чалавека, які сядзеў там жа ў СІЗА. Ён раней уласнаручна фальсіфікаваў выбары. Вось вам доказ, улічваючы, што у камерах СІЗА КДБ усё запісваецца. Але службісты стаялі на сваім. Амерыка – вораг, Захад – вораг. Вось іхняя ідыялогія.

– Маючы стасункі з беларускай рэпрэсіўнай машынай цягам амаль 20 гадоў, можаце сказаць, што яна мадэрнізавалася?

– Безумоўна. Калі ў 90-х актывістаў проста білі дубінкамі і спрабавалі абвінаваціць у нечым крымінальным, то зараз усё робіцца больш вытанчана. Быццам бы пад шырмай закону. На судах выступаюць нейкія сведкі, пратаколы, здараецца, адпраўляюць на дапрацоўку. Але гэта не змяняе сутнасць рэжыму, які пануе сёння ў Беларусі.

– Што можна гэтаму супрацьставіць?

Амаральнаму рэжыму можна супрацьпаставіць толькі маральнасць. Таму і быў створаны аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, дзе я адзін з сузаснавальнікаў. Зараз мы робім шостую спробу для афіцыйнай дзяржаўнай рэгістрацыі. Але ёсць вялікая верагоднасць таго, што ізноў атрымаем адмову. Напэўна, улада баіцца тых, хто прытрымліваецца хрысціянскіх і маральных каштоўнасцяў.

Ці зменіцца сітуацыя ў Беларусі? Гэта абавязкова адбудзецца. Але толькі тады, калі мы самі зможам узяць адказнасць за лёс краіны ва ўласныя рукі. Я ўпэўнены, што Бог знойдзе магчымасць дапамагчы Беларусі.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Абозаў
  • Юры Казак