“Трэба рабіць усё, каб беззаконня ў Беларусі не было…”

useahulnaja-deklaracyja-vycinanka 10 снежня – Міжнародны дзень правоў чалавека, які прымеркаваны да гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Гэты дакумент быў прыняты Генеральнай асамблеяй ААН 10 снежня 1948 года і стаў агульнай нормай, да дасягнення якой павінны імкнуцца народы ўсіх краін.

Дэкларацыя абвяшчае правы асобы, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды — роўнасць усіх перад законам, права кожнага на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду сумлення і іншыя.

Усе людзі, згодна з дэкларацыяй, маюць роўныя правы незалежна ад іх асобасных адрозненняў і розніцы ў палітычных сістэмах іх краін.

Былыя палітвязні распавядаюць сайту palitviazni.info, што для іх азначае гэты дзень.

Мікола Статкевіч:

– Мяркую, што гэта вельмі важны дзень, таму што кожны чалавек мае правы. Гэта і права на нармальны ўзровень жыцця, і права на працу, і права на свабоду. А гэта значыць – права празрыста выбіраць і кантраляваць уладу. Без гэтага немагчыма нармальная жыццядзейнасць грамадства. Невыпадкова, што самымі багатымі і паспяховымі краінамі ў свеце з’яўляюцца тыя, дзе гэтыя правы найбольш захоўваюцца і выконваюцца.

На жаль, у Беларусі сітуацыя з правамі чалавека, як мне падаецца, рухаецца ў зваротны бок. У нас настолькі заціснулі грамадства, настолькі пазбавілі палітычных грамадскіх правоў, што яно баіцца нават паварушыцца. Сітуацыя пагаршаецца, грамадства дэградуе разам з краінай.

Мікалай Дзядок:

– Я нават не ведаў раней, што такі дзень існуе, бо мэтанакіравана не займаўся праваабарончай дзейнасцю. Увогуле, правы чалавека для мяне, і тое, што яны былі у свой час дэклараваныя ААН, – гэта адно з буйнейшых дасягненняў чалавецтва за ягоную гісторыю разам са скасаваннем смяротнай кары ў большасці краін. Тое, што такі дзень увогуле ёсць, дае некаторы аптымізм пры поглядзе ў будучыню.

А яшчэ для мяне Міжнародны дзень правоў чалавека – гэта дзень, у які некалькі гадоў таму ЕГУшнікі ладзілі акцыю салідарнасці са мной – даслалі вялікае мноства паштовак з віншаваннямі і пажаданнямі. Але ніводную з іх турэмная адміністрацыя мне не прапусціла.

Павел Севярынец:

– Гэты дзень – напамін пра тое, што ў Беларусі правы чалавека парушаюцца самым ганебным чынам. 10 снежня звычайна ўзгадваеш і пра палітвязняў, якім рыхтуеш паштоўкі на Ражство, у гэты дзень стараемся дапамагчы тым, хто церпіць.

Людзі церпяць, пачынаючы ад бытавых пытанняў і завяршаючы самымі высокімі палітычнымі матэрыямі. Гэтыя правы заняхайваюцца практычна паўсюль. Мы ўжо прызвычаіліся да гэтага, хоць сітуацыі шакуе многіх замежнікаў. А беларусы, як кажуць, прыцярпеліся.

Сёння ў нас ёсць Міхаіл Жамчужны, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем, ёсць іншыя сядзельцы з-за беззаконня. Ёсць патаптанні беларускай мовы і культуры, выкінутыя з установаў адукацыі моладзь і выкладчыкі, ёсць проста абуральныя выпадкі, калі ўчыняюць рэпрэсіі да журналістаў і святароў. Трэба рабіць усё, каб беззаконня ў Беларусі не было.

palitviazni.info

 

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Сырамолатаў
  • Фёдар Мірзаянаў
  • Анатоль Букас
  • Аляксандар Малчанаў
  • Сяргей Парсюкевіч