Сяргей Скрабец: Улады радуюцца, што актывісты з’язджаюць з краіны

Юрый Рубцоў прызнаны вязьнем сумленьняБылы палітвязень Юрый Рубцоў папрасіў палітычнага прытулку ў Германіі.

Сёлета Юрый Рубцоў быў вызвалены з-за кратаў паводле указу Аляксандра Лукашэнкі. Актывіст адбываў тэрмін у 2 гады за ўхіленне ад працы, якія атрымаў за тое, што на «хіміі» адмовіўся працаваць за мізерны заробак. На «хімію» Юрый Рубцоў патрапіў паводле суда за тое, што зняважыў суддзю, які судзіў яго напалову распранутага – міліцыянты сарвалі з Рубцова майку з надпісам «Лукашэнка сыходзь».

Былы палітзняволены Сяргей Скрабец распавядае сайту palitviazni.info, чаму найбольш актыўныя грамадскія актывісты сёння вымушаны пакідаць радзіму.

Паводле звестак ад Юрыя Рубцова, ён разам з жонкай цяпер знаходзіцца ў лагеры для ўцекачоў у Нюрнбергу.

«Па патрабаванні сына і жонкі, я быў вымушаны пакінуць Беларусь і папрасіць палітычнага прытулку ў Германіі, – паведаміў ён тэлеканалу Белсат. – Мяне адмыслова не бралі на працу на радзіме, і ў выпадку нявыплаты падатку за дармаедства я зноў трапіў бы за краты. Але я гатовы змагацца з рэжымам, і ўпэўнены, што яго можна зрынуць, не выводзячы людзей на вуліцы супраць узброеных да зубоў міліцыянтаў. Аднак, чытаючы праграмы шматлікіх апазіцыянераў, я не бачу той, якая сапраўды патрэбная нашай краіне, – я ўсё больш думаю пра тое, што нашыя апазіцыянеры імкнуцца толькі заняць трон Лукашэнкі.

У сына па-ранейшаму праблемы на працы з-за маёй гісторыі, але цяпер ім усё гэта лёгка зваліць на цяжкую эканамічную сітуацыю ў краіне. Цяпер мы з жонкай знаходзімся ў намётавым лагеры ў Нюрнбергу. Не магу назваць ўмовы добрымі, але ў абарону Германіі хачу сказаць, што захапляюся гэтай краінай, якая пасля Другой сусветнай вайны дала прытулак столькім уцекачам».

– Трэба разумець, што эміграцыя – гэта на самай справе вымушаная мера, – кажа Сяргей Скрабец. – У нас людзі, якія патрапілі пад палітычныя рэпрэсіі, рэальна не могуць знайсці працу. Я ўжо 10 гадоў лічуся быццам бы лайдаком. Але не таму, што не хачу працаваць, а з-за таго, што працадаўцы не хочуць звязвацца з “палітычнымі”. Бо ў адваротным выпадку пад рэпрэсіі могуць патрапіць і яны. Ідыёлагі кантралююць усіх, каго падазраюць у палітычнай ненадзейнасці, суадносна ўжываюць свае метады, каб гэтыя людзі не былі  ў працоўных калектывах. У мяне было каля дзесяці спробаў уладкавацца на працу, але ўсё марна. Нават майстарам-сантэхнікам не бяруць, у ЖЭСах таксама ёсць ідыёлагі. Натуральна, не ўсе людзі вытрымліваюць такі прэсінг, таму ў пэўнай ступені я разумею, чаму Юрый Рубцоў вырашыў папрасіць палітычны прытулак. Чалавек пацярпеў за свае ідэйныя перакананні, выйшаў з турмы, а за што яму цяпер жыць?

– Блізкія палітвязняў таксама знаходзяцца пад ціскам?

– Так, і асабліва гэта адчуваецца ў рэгіёнах, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць. У мяне, напрыклад, брат доўгі час не можа таксама ўладкавацца, бацька хацеў бы працаваць яшчэ і пасля выхаду на пенсію, але яго звольнілі. Я звязваю гэта ў тым ліку і з маёй асобай, хоць у рэгіёнах складана з працай. У маленькіх гарадках мясцовае начальства ўсіх актывістаў ведае па прозвішчах, усе стаяць на ўліку.

– Але вы не з’ехалі за мяжу…

– Ведаеце, я таксама думаю пра эміграцыю, бо дзесяць гадоў жыву без працы і без нейкай перспектывы. Але застаецца яшчэ спадзяванне на лепшае, надзея стрымлівае мяне. А ўвогуле, улада радуецца, калі найбольш актыўныя людзі з’язджаюць з краіны. І робяць многае, каб з’язджалі.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Корбан
  • Вінцук Вячорка
  • Сяргей Скрабец
  • Аляксандар Казакоў
  • Вячаслаў Сіўчык