Вячаслаў Сіўчык: У Беларусі гаспадарыць права сілы, а не сіла права

 1_sivПалітычныя рэпрэсіі супраць Вячаслава Сіўчыка распачаліся амаль дваццаць гадоў таму. Ён стаў адным з фігурантаў крымінальнай справы, пасля падзей “гарачай вясны 96-га”. Сіўчыка абвінавачвалі ў “дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Дарэчы, менавіта пасля ўзбуджэння гэтай крымінальнай справы былі вымушаны пакінуць Беларусь Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык. А пераслед Вячаслава Сіўчыка працягнуўся.

Ён неаднаразова затрымліваўся беларускай міліцыяй, супраць яго чыніліся правакацыі. У 2006-м, падчас пратэстаў па выніках прэзідэнцкай кампаніі, Сіўчык быў літаральна скрадзены невядомымі з Кастрычніцкай плошчы Мінска, дзе быў разбіты намётавы лагер пратэстоўцаў. У 2010-м ён ізноў стаяў на Плошчы, разам з дзесяткамі тысяч тых, хто не верыў у чарговую “элегантную” перамогу Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта пасля гэтых падзей, пад пагрозай чарговай крымінальнай справы, Сіўчык быў вымушаны пакінуць Беларусь і апошнія чатыры з паловай гады правесці ва украінскай эміграцыі.

Палітык, які яшчэ ў сярэдзіне 2000-х стварыў грамадскі Рух салідарнасці “Разам”, вярнуўся на радзіму некалькі месяцаў таму. Аб тым, як жылося яму за межамі Беларусі, аб знаёмстве з Міхасём Жызнеўскім, аб шматлікіх акцыях у падтрымку беларускіх палітвязняў і аб сутнасці беларускага рэжыму Вячаслаў Сіўчык распавядае сайту palitviazni.info.

– Вячаслаў, напачатку размовы давайце вернемся да падзей 2010 году. Як і чаму выспела вашае рашэнне пакінуць Беларусь? Трэба разумець, што іншага варыянту застацца на свабодзе ў вас тады не заставалася?

– Так. Мяне спрабавалі арыштаваць яшчэ 18 снежня 2010 году, напярэдадні асноўнага дня галасавання прэзідэнцкай кампаніі. У той самы дзень, калі была здзейснена правакацыя з бойкай у дачыненні да Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава. Па шчырасці, мяне папярэдзілі, што магчымая правакацыя з боку ўлады. І сапраўды – у кватэру, дзе я быў прапісаны, прыходзілі людзі ў цывільным, але мяне там не аказалася. Да плошчы 19 снежня 2010-га я ўсё ж-такі дайшоў. Але памятаеце, што там адбывалася? Усё было вельмі жорстка і брутальна. Я разам з Андрэем Саннікавым і Мікалаем Статкевічам быў “адсечаны” АМАПам ля прыступак у будынак ЦВК. Аднак з плошчы Незалежнасці сыйсці ўдалося, і на наступны дзень я вёў прэс-канферэнцыю па выніках падзей. Тады дзеячы беларускай апзіцыі, якія засталіся на волі, патрабавалі неадкладнага вызвалення ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты і правядзення новых выбараў без удзелу Аляксандра Лукашэнкі. Дарэчы, дагэтуль няма дакладнай лічбы, колькі ж людзей сапраўды было арыштавана 19 снежня. Праз некалькі дзён, 25 снежня, у Беларусі распачалася другая хваля рэпрэсій. Да мяне ў кватэру прыйшлі людзі з афіцыйнай паперай на правядзенне вобшуку, які праводзіўся ў межах крымінальнай справы. Але мяне ў той час дома ізноў-такі не было, і я ўпэўнены, калі б патрапіўся нашым сілавікам, то у гэты ж самы дзень апынуўся б за кратамі. Тым не менш, да сярэдзіны лютага 2011 я прабыў у Мінску, а потым вырашыў з’ехаць з Беларусі.

– Чаму вырашылі ехаць менавіта ва Украіну?

– Прычына была вельмі простая: ва Украіне я даволі вядомы чалавек, яшчэ з тых часоў, калі ўваходзіў у кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту. Тады мы шчыльна супрацоўнічалі з лідарам Народнага Руху Украіны Вячаславам Чарнаволам. Праўда, на момант майго прыезду ў Кіеў былыя дэпутаты Руху “распаўзліся” па абсалютна розных палітычных партыях. У тым ліку, былі яны і ў Партыі рэгіёнаў, якую на той момант узначальваў Віктар Януковіч. Акрамя таго, падчас памаранчавай рэвалюцыі ва Украіне я ўзначальваў беларускую групу на Майдане, таму сувязі ў мяне ва Украіне захаваліся.

– Калі ехалі туды, ці ведалі, чым будзеце там займацца?

– Шчыра кажучы, перш-наперш у Кіеве я хацеў заняцца сваім здароўем. Але выйшла так, што пра мой прыезд даведаліся многія беларускія палітэмігранты, былыя актывісты беларускай апазіцыі. Было вырашана, што мы разам будзем рыхтаваць акцыю у гонар чарговай гадавіны абвяшчэння БНР. А напярэдадні, як гэта нярэдка бывае, самыя “актыўныя” яе арганізатары проста разбегліся хто куды. Прыйшлося браць арганізацыю на сябе. Таму паступіў наступным чынам. Прыехаў у кіеўскі офіс партыі “Свабода”, якую узначальвае Алег Цягнібок, расказаў пра сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі. І прызнаюся, што большасць тых актывістаў, якія ў гадавіну абвяшчэння БНР выйшлі ў 2011 годзе да сцен амбасады Беларусі ва Украіне, былі менавіта сябрамі ўкраінскай партыі “Свабода”. Вось так і пачалося маё “ўкраінскае” жыццё. Заняцца сабой не атрымалася, бо з’явілася яснае разуменне, што ва Украіне няма аніводнага чалавека, які б уздымаў праблему беларускіх палітвязняў. А замоўчваць яе было нельга.

– За час знаходжання ва Украіне вы правялі прыкладна сотню акцый, якія агучвалі праблему існавання ў Беларусі палітвязняў. Бралі ўдзел у падзеях на Майдане, калі Украіна паўстала супраць улады Віктара Януковіча. Калі параўноўваць Беларусь і Украіну, чаму, на вашую думку, пратэсты ва Украіне больш паспяховыя, чым у Беларусі? Украінцы больш прагнуць волі?

– Абсалютна не. Беларусы паўстаюць супраць улады з кожным годам усё меней меней, але і ў нашай найноўшай гісторыі ёсць яскравыя моманты змагання за свабоду. Напрыклад, намётавы гарадок, які быў разбіты ў Мінску ў 2006-м. Людзі ахвяравалі свабодай, працай дзеля таго, каб жыць у вольнай краіне. І гэта рабілася намі, беларусамі, самастойна, без усялякай міжнароднай падтрымкі. Калі вы сачылі за падзеямі на украінскім Майдане, то бачылі, палітыкі якога ўзроўню прязджалі падтрымаць украінцаў. Можа быць, скажу парадаксальную рэч, але сёняшні рэжым у Беларусі, напэўна, задавальняе ўсіх. Еўропа атрымлівае танныя нафтапрадукты і пэўны спакой у нашым рэгіёне. На парушэнні правоў чалавека там проста заплюшчылі вочы. Дарэчы, і тая ж Украіна доўгі час глядзела на Беларусь “расійскімі вачыма”. Усе загаварылі пра парушэнні Будапешцкіх пагадненяў, пра недатыкальнасць межаў сувярэнных дзяржаў пасля анэксіі Крыма. Але мала хто ўзгадвае, што гэтыя самыя пагадненні былі парушаны ў далёкім 1996-м, калі Расія і Беларусь стварылі так званую “саюзную дзяржаву”.

– У працяг тэмы барацьбы нельга не ўзгадаць пра Міхася Жызнеўскага, які аддаў жыццё за свабоду Украіны. Ён даказаў, што беларусы гатовы змагацца. А яшчэ я ведаю, што вы з Міхасём былі добра знаёмыя. Што гэта быў за чалавек?

– Так, сапраўды, я даўно яго ведаў. Ён быў вельмі светлым чалавекам. Сапраўдным беларускім нацыяналістам у добрым разуменні гэтага слова. Я помню нашыя з ім гутаркі. Як мне здалося, гэты малады хлопец не быў упэўнены ў тым, што ў Беларусі магчымыя перамены. Дарэчы, здаецца, ніхто не пісаў пра тое, чаму Міхаіл апынуўся ва Украіне… У свой час у Гомелі беларускімі спецслужбамі быў разгромлены мясцовы рыцарскі клуб. Я не ведаю, якую пагрозу нашыя сілавікі пабачылі ў яго існаванні, але Міша быў актыўным сябрам гэтай арганізацыі. І вымушаны быў з’ехаць ва Украіну, каб не апынуцца за кратамі ў Беларусі. Дарэчы, ён ніколі не называў свайго сапраўднага імя. Яго нават на Майдане ведалі яго, як “Аляксея”. Такая вось канспірацыя. І толькі пасля яго смерці ўсе даведаліся, што ён – гэта ён. Я ўпэўнены, што менавіта Міхась Жызнеўскі павінен стаць той постаццю, якая аб’яднае свабодных беларусаў і украінцаў.

— Вас не было ў Беларусі амаль пяць гадоў. На вашую думку, беларускае грамадства змянілася за гэты час?

– Так, мне падаецца, што ўнутры грамадства стала больш страху. Ёсць адчуванне безвыходнасці. Людзі не вераць у лепшае заўтра, не вераць, што іх жыццё палепшыць нехта іншы. І нічога не зменіцца, пакуль у краіне будзе гаспадарыць права сілы, а не сіла права.

– Пасля вяртання ў Беларусь вы паспелі паўдзельнічаць у некалькіх вулічных акцыях у Мінску, за што атрымалі шматмільённыя штрафы…

— Не шкадую, што выйшаў на тыя вулічныя акцыі. Яны хоць трохі, але пашырылі межы свабоды ўнутры краіны. Улада бачыць, што ёсць яшчэ неабыякавыя людзі ў нашым грамадстве. А што да штрафаў, то беларускія суды застаюцца прыкладам сюррэалізма. Пратаколы на мяне былі складзены ў тым ліку і за тое, што я абражаў прэзідэнта іншай, але “дружественной” нам краіны. Гэта ж нонсенс, калі беларускія суды становяцца на абарону інтарэсаў высокапастаўленага чыноўніка з іншай краіны. Але, як кажуць, маем тое, што маем. Пакуль я гэтыя рашэнні абскарджваю, але асаблівай веры ў іх адмену няма.

– Інтарэсы Расіі ў Беларусі і сапраўды аберагаюцца. І вы, напэўна, ведаеце гэта лепш за астатніх. Маю на ўвазе акалічнасці вашага затрымання ў 2006-м падчас масавай акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў. Тады вас літаральна выкралі з месца, якое пратэстоўцы назвалі Плошчай Каліноўскага, а вы былі ўпэнены, што гэта зрабілі прадстаўнікі расійскіх спецслужб…

– Я і да гэтага часу ў гэтым упэўнены, бо быў шэраг фактараў, якія сведчылі, што пры разгоне Плошчы-2006 былі задзейнічаны расійскія спецслужбы. Можна дапусціць, што беларускія сілавікі не разумеюць мовы і дрэнна арыентуюцца ў Мінску. Але фраза “надо отдать его белорусской милиции”, якая прагучала пасля майго выкрадання з Плошчы з вуснаў аднаго з куратараў “аперацыі”, на маю думку, сведчыць пра тое, што гэта былі расійскія спецслужбы. Дарэчы, усе мае спробы ўзняць гэтую тэму тады скончыліся няўдала, а з пракуратуры прыйшла адпіска: маўляў, выкладзеныя факты не пацвердзіліся…

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Чарнышоў
  • Уладзімер Хамічэнка
  • Зьміцер Дрозд
  • Дзяніс Дзянісаў
  • Сяргей Парсюкевіч