Марына Лобава: Няхай Бог бароніць сына ў гэтым жыцці!

6B5E770B-E420-4E1F-88FE-B1974B0D6E4F_w640_r1_sСёння 27-ы Дзень нараджэння адзначае былы палітвязень Эдуард Лобаў.

Сайт palitviazni.info далучыўся да віншаванняў Эдуарду, а таксама задаў некалькі пытанняў яго маці Марыне Лобавай.

“Сёння Дзень Народзінаў святкуе Эдуард Лобаў! – напісаў на сваёй старонцы ў Facebook журналіст Аляксандр Тамковіч.Нарыс пра яго напісаны ў кнізе“Супраць плыні”, што была зроблена з інфармацыйнай падтрымкай праваабарончага цэнтра “Вясна”. Пасля вызвалення некаторыя нават не паспелі з ім толкам пагаварыць – Эдуард паехаў ваяваць у суседнюю краіну. І не толькі за іх свабоду. За свабоду нашу! Калі я быў вайскоўцам, пра такіх з павагай гаварылі –МУЖЧЫНА! ШЧЫРА ВІНШУЮ!!!”

Нагадаем, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Эдуард Лобаў разам са Зміцерам Дашкевічам былі прэвентыўна затрыманыя. Лобаў быў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Дашкевіч – да двух гадоў.

Пасля вызвалення Эдуард Лобаў паехаў ваяваць за Украіну. Гэта стала вядома пасля публікацыі яго відэазвароту на канале youtube у суполцы «Згуртаваньне патрыётаў».

– Я сыну, натуральна, перадала віншавальныя словы, хоць адказу яшчэ і не атрымала, – кажа суразмоўца.

– Днямі вы распавядалі, што да вас прыходзілі супрацоўнікі крымінальнага вышуку, якія шукалі Эдуарда быццам бы за рабаванне. Што чуваць у гэтай справе?

– Больш мяне ніхто не турбаваў, але мая знаёмая бачыла ў гарадскім аддзеле міліцыі Маскоўскага раёна Мінска фотаздымак сына з подпісам “Іх шукае міліцыя”. Там таксама прысутнічала інфармацыя, што яго шукаюць па артыкулах аб парушэнні нагляду і ўхіленні ад нагляду. А болей я нічога і не ведаю, бо не маю юрыдычных правоў на зварот.

– Калі сын апынуўся за кратамі, які для вас момант быў самым складаным на той перыяд?

– Я была ў шокавым стане адразу пасля арышту Эдуарда. Гэта было нечакана, такое цяжка перадаць словамі. Я магла ўявіць, што падчас акцыі пратэсту сына могуць затрымаць на плошчы, але прэвентыўнае затрыманне і вялікі тэрмін зняволення – усё гэта было, як снег на галаву ў спякотны дзень. Першы час даводзілася невыносна складана. Пазней ужо пазнаёмілася з блізкімі іншых палітвязняў, мы нейкім чынам падтрымлівалі адзін аднаго, бо заўсёды можна знайсці спагаду ў чалавеку, які цябе разумее і табе спачувае.

– Вы абмяркоўвалі ў сям’і палітычны выбар сына?

– Не абмяркоўвалі, таму што ў нас у сям’і ўсе прытрымліваюцца аднолькавых палітычных поглядаў. Маці, натуральна, заўсёды хоча абараніць сына ад нейкіх наступстваў для яго, але на той момант я і праўда не думала, што ўсё складзецца менавіта так. Зрэшты, у 2010 годзе я і сама была на плошчы.

– Як трымаўся сын у калоніі?

– Калі нейкія складанасці ў яго і былі, то ён ніколі не даваў мне адчуць, што гэта на самай справе так. Эдуард наадварот мяне яшчэ падтрымліваў, і я ад іншых даведвалася, што сын, напрыклад, патрапіў у ШІЗА. Ён ніколі не скардзіўся.

– Вы ездзілі да яго на спатканні?

– У гэтым плане нам пашэнціла, калі так можна сказаць пра тую сітуацыю. Сына не пазбавілі ніводнага спаткання, таму мы бачыліся па тры дні на працяглых спатканнях і тры разы на год былі кароткатэрміновыя. Памятаю, першае спатканне было адразу пасля суда – у ізалятары на Валадарскага.

– Ці змяніўся ён за той час, што быў за кратамі?

– Стаў больш дарослым. За чатыры гады ў чалавека фарміруецца іншы характар. Эдуард стаў лепш разбірацца ў людзях. Нават лепш, чым я. Напэўна, турэмная школа дала свае ўрокі жыцця. Няхай яго Бог бароніць у гэтым жыцці!

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Эніра Браніцкая
  • Міхаіл Марыніч
  • Наста Дашкевіч
  • Аляксей Шыдлоўскі