Мікалай Статкевіч: Для Еўропы праблема дэмакратыі ў Беларусі адыходзіць на другі план

DSCN4877 Былы палітзняволены Мікалай Статкевіч распавёў сайту palitviazni.info пра сваю паездку ў Чэхію, чарговы грашовы прысуд і акцыю, прысвечаную памяцi былога мiнiстра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкi i старшынi Цэнтральнай выбарчай камiсii Вiктара Ганчара, якая пройдзе 24 лістапада.

Мікалай Статкевіч разам з жонкай Марынай наведалi Чэхiю па запрашэнню мясцовай праваабарончай арганiзацыi “Чалавек у бядзе”, якая шмат рабiла для беларускiх палiтвязняў. Падчас паездкі адбыліся сустрэчы ў парламенце і з журналістамі…

– Гэта паездка была для мяне і псіхалагічнай разгрузкай, і магчымасцю кантактаў з землякамі, якія апынуліся ў Чэхіі, – распавёў Мікалай Статкевіч, пасля таго, як вярнуўся ў Мінск. – Было шмат выступаў, кантактаў з прэсай, хоць уражанне ад працоўнай часткі дваістае. З аднаго боку я бачыў спачуванне, падтрымку тых, хто прыходзіў на гэтыя сустрэчы – праваабаронцаў, актывістаў, простых людзей. А з іншага боку, ужо на палітычным узроўні, у Еўропе адчуваецца страх перад новымі пагрозамі. Не толькі з Расіі, але і ад ісламістаў. Таму праблема дэмакратыі ў Беларусі, у нашым рэгіёне пачынае адыходзіць на другі план. На жаль, гэта так і гэта зразумела. Кожная краіна дбае ў першую чаргу пра сябе. І беларусам у гэтай сітуацыі трэба думаць, як самім вырашаць свае праблемы. І пра гэта думаць трэба дэмакратычным сілам. Безумоўна, поўнай, як кажуць, здачы не будзе, але на беларускі рэжым Захад будзе ўжо глядзець мягчэй.

– Днямі суд у чарговы раз аштрафаваў вас за акцыю, якую праводзілі. Як вы ставіцеся да такіх рашэнняў?

– Улада пакуль не адважваецца саджаць, але і на тармазах спускаць справу не можа, таму што грамадства ўвогуле можа згубіць страх. Вось і штрафуюць тых, каго лічаць арганізатарамі акцый. Уладзе нейкім чынам трэба стрымліваць людзей, бо яна баіцца таго, што сітуацыя можа выйсці з пад кантролю. Я, як ужо не раз казаў, імкнуся паменшыць страх, бо бачу, што ўлада звязана пэўнымі абставінамі атрымання крэдыту на Захадзе і кантактаў з Еўропай. Калі ж у нас бачаць, што Захад асабліва не пратэстуе супраць фінансавых спагнанняў за ўдзел у акцыях, то вырашылі хаця б крыху грошай зарабіць.

– 24 лістапада вы збіраецеся правесці чарговую акцыю, прысвечаную гадавіне памяцi былога мiнiстра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкi i старшынi Цэнтральнай выбарчай камiсii Вiктара Ганчара…

– Так, і я хацеў бы патлумачыць, чаму для акцый абіраюцца такія формы і месцы правядзення. Што датычыцца формы, то спыняемся на больш небяспечных.Напрыклад, калі пачнуць збіваць чалавека з кветкамі, то сітуацыя будзе наогул выглядаць дзікунскай. Месцы таксама выбіраем не выпадкова. Той жа будынак КДБ – месца страху, дзе ў 30-я гады забівалі людзей, а 2010-2011 гадах катавалі палітычных актывістаў. Ля Дому ўраду ў тым жа 2010 годзе сотні былі збітыя. У будынку МУС працаваў Юрый Захаранка. Мы не ведаем месца, дзе ён пахаваны, але ведаем, дзе працаваў. Таму і прыйдзем туды, каб ушанаваць памяць зніклых палітыкаў. Калі мы забудзем пра палітычныя забойствы, то яны могуць паўтарацца.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Казакоў
  • Леанід Сьвецік
  • Юры Казак
  • Сяргей Каваленка