Дзмітрый Ус: Беларускае грамадства запалоханае…

Дзмітрый УсКандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч абвясціў аб правядзенні новай вулічнай акцыі, якая будзе прымеркаваная да гадавіны рэферэндуму 1996 года.

“У чарговую гадавiну ўсталявання дыктатуры у нашай краiне мы ўшануем памяць тых, хто ахвяраваў сваiм жыццём дзеля свабоды Беларусi, – распавёў былы палітвязень на сваёй старонцы ў Facebook. – Мы не ведаем, дзе пахаваны Юрый Захаранка i Вiктар Ганчар. Таму мы прыйдзем да месцаў, дзе яны працавалi – да будынкау МУС i ЦВК, каб запалiць каля iх знiчы памяцi аб забiтых.
Месца збору для пачатку цэрымонii – у 18.00 24 лiстапада каля ГУМа. Запрашаю тых, хто здольны, далучыцца да нас”.

Кандыдат у прэзідэнты 2010 году Дзмітрый Ус, які ў свой час быў прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня 2010 года і асуджаны на пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, распавядае пра сваё стаўленне да акцый, які рэгулярна ладзіць Мікола Статкевіч.

– Найперш хацеў бы адзначыць, што беларускае грамадства запалоханае, – кажа Дзмітрый Ус. – Гэта звычайная з’ява таталітарнай дзяржавы. Большасць людзей баіцца страціць працу, пазбавіцца нейкага дабрабыту, адправіцца за краты. Сістэма папрацавала так, што маленькі чалавек поўнасцю ад яе залежны і бездапаможны. А Мікалай Статкевіч – сімвал таго, што не варта рэжыму баяцца. І гэта вельмі станоўчы і светлы момант у сёняшнім жыцці.

– Палітвязень ужо неаднойчы казаў, што адна з яго надзённых задач – каб людзі вытравілі з сябе страх і адваявалі права на вулічныя пратэсты. Ці ўдасца палітыку дасягнуць сваёй мэты, улічваючы, што народ і на самай справе запалоханы і шмат у чым апалітычны?

– Тое, што ён нешта робіць, а не сядзіць на месцы, гэта ўжо добра і правільна. Але і спадару Статкевічу трэба аб’ектыўна глядзець на рэчы – адзін ён не зможа нічога зрабіць. Магчыма, некалі сітуацыя зменіцца, і акцыі стануць больш масавымі. Але, паўтаруся, тое, за што змагаецца Мікола, неабходна. Мікалай Статкевіч сёння, як Кастусь Каліноўскі.

– Пакуль улады яго не чапаюць за вулічныя акцыі. Гэта новая тактыка?

– Тут асабіста для мяне ўсё абсалютна зразумела. Якраз у гэты час ідуць перамовы з Міжнародным валютным фондам аб атрыманні для Беларусі крэдыту, таму пытанне вартае, каб заплюшчваць вочы на тыя ж акцыі апазіцыі. Да таго ж, яны яшчэ і зусім нешматлюдныя. Пасадзяць Статкевіча – не будзе крэдыту. Але пасля таго, як грошы атрымаюць, не выключаю, што да палітыка могуць ужыць і больш жорсткія меры. У нас жа дэмакратыя наступае і заканчваецца па распараджэнні зверху. Гэта з’ява, як і надвор’е, пераменлівая.
palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімір Кондрусь
  • Алег Корбан
  • Павал Севярынец
  • Васіль Парфянкоў
  • Алесь Пушкін