Цімафей Дранчук: У ізалятарах практычна нічога не змяняецца…

Цімох Дранчук Зміцер Хведарук, адзін з заўзятараў каманды Беларусі, якога затрымалі 12 кастрычніка на футбольным матчы ў Барысаве і пратрымалі амаль дзень у Барысаўскім РАУС, паскардзіўся на варункі ўтрымання ў мясцовым ізалятары часовага ўтрымання.

Былы палітвязень і лідар Камітэту ў абарону правоў зняволеных «Над бар’ерам» Цімафей Дранчук распавядае сайту palitviazni.info пра ўмовы ўтрымання ў ізалятарах.

Адказ, які атрымаў Зміцер Хведарук з Рэспубліканскага цэнтра эпідэміялогіі, толькі пацвердзіў ягоныя словы аб жудасных варунках, у якіх вымушаныя знаходзіцца людзі ў чаканні суда або пад арыштам, інфармуе ПЦ “Вясна”.

“Пры аглядзе памяшкання камернага тыпу, – паведамляецца ў адказе Рэспубліканскага цэнтра эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу МУС Беларусі, – Было выяўлена: “санітарна-тэхнічны стан камеры дрэнны, на стыку сцяны і столі каля вокнаў ёсць сляды вільгаці, санітарна-тэхнічнае абсталяванне вельмі спрацаванае. Рукамыйнік няспраўны. У адным з двух вокнаў няма шыбы. Аконныя рамы спрацаваныя. Натуральнае асвятленне недастатковае. Капітальны рамонт запланаваны на 2015 год, але ў сувязі з адсутнасцю фінансавання перанесены на больш познія тэрміны.

У выніку маніторынгу, праведзенага ў сувязі з вашым зваротам, начальніку Барысаўскага РАУС вынесенае прадпісанне аб выпраўленні парушэнняў, а таксама быў адзначаны недастатковы кантроль за выкананнем санітарна-гігіенічнага і эпідэміялагічнага рэжыму ў камерах».

Цімафей Дранчук лічыць, што ўмовы ўтрымання арыштантаў у ізалятарах – гэта самая сапраўдная праблема.

“Яна была заўжды, – адзначае суразмоўца. – І, мяркую, пакуль у краіне захаваецца сёняшняя сітуацыя, наўрад ці цалкам нешта выправіцца. Увогуле, адна з галоўных праблем нашых следчых ізалятараў – іх перапоўненасць. Пачынаючы з “Валадаркі”, і заканчваючы рэгіянальнымі ізалятарамі. Апошнія, натуральна, меншыя, там менш кантролю, у іх менш укладваецца грошай праз тое, што ў раённыя цэнтры рэдка прызджаюць розныя камісіі. Таму сістэма начавання, калі на адной койцы падчас сутак начуе тры чалавекі, – гэта ў многіх месцах лічыцца нормай. Мабыць, выключэннем з’яўляецца хіба што ізалятар КДБ “амерыканка” ў Мінску ды, хутчэй за ўсё, такія ж умовы ў следчых ізалятарах КДБ у рэгіёнах. Тое самае можна сказаць і пра харчаванне ў той жа “амерыканцы”, у якой ёсць свая кухня. На “Валадарцы” таксама ёсць кухня, але там, напэўна, моцна крадуць прадукты, якія першапачаткова прызначаныя для сядзельцаў. У выніку да арыштантаў даходзяць такія яствы, якія ў вёскам даюць свінням. Гэта вельмі параўнальныя рэчы”.

Па словах Дранчука, перанаселанасць ізалятараў стварае новыя праблемы.

“Ёсць вялікія пытанні да таго, як рэалізуецца права чалавека пабыць на свежым паветры падчас адбыцця тых жа “сутак”, – працягвае ён. – Ізноў жа ў “амерыканцы” з гэтым няма праблем, бо там усяго 16 камер, 6 прагулачных дворыкаў. Як кажуць, тэхнічныя магчымасці маюцца. На “Валадарцы”, як і ў іншых следчых ізалятарах, многія права на прагулкі проста пазбаўлена. А тыя, каму пашчасціла, дыхаюць свежым паветрам 10-15 хвілін і гэтым усё абмежавана. Яшчэ адна тэма – медычнае абслугоўванне, якое ў ізалятарах хутчэй не існуе, чым ёсць наогул. Звычайна ў кожным ізалятары ёсць свой унутраны ўрач, які сумяшчае пры гэтым працу ў іншай медычнай установе. Я не ведаю, як гэтыя дактары працуюць у дзяржаўных лякарнях, але ў ізалятары самае галоўнае правіла ўрача – пераламаць таблетку і не пераблытаць часткі. Палова таблеткі – ад галавы, другая палова – ад зубоў. Хуткую дапамогу там выклікаюць ў крайніх выпадках”.

Цімафей Дранчук не верыць, што ў хуткім часе нешта зменіцца ў лепшы бок:

“Я ў ізалятарах пабываў у 2006 годзе, а хутка ўжо 2016 год. Прайшло 10 гадоў, а што моцна змянілася? Змяніліся нейкія нормы харчавання, хоць гэта не азначае, што само харчаванне палепшылася. Практычныя ж нормы засталіся старымі. Вялікіх пазітыўных зменаў у гэтым накірунку няма. Такую выснову я раблю, зыходзячы з кантактаў з людзьмі, якія знаходзіліся ў ізалятарах. Паўтаруся, пакуль цалкам не зменіцца падыход да пенітэнцыярнай сістэмы, пазітыўных зменаў чакаць не даводзіцца”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Кудзінаў
  • Васіль Лявонаў
  • Уладзімер Лобан
  • Анатоль Букас
  • Арцём Пракапенка