Што былыя палітвязні думаюць аб прыпыненні санкцый?

ЕСНа пасяджэнні 12 кастрычніка ў Люксембургу Савет ЕС па замежных справах прыняў рашэнне прыпыніць на чатыры месяцы дзеянне санкцый у дачыненні да Беларусі.

Пра гэта паведаміла Асашыэйтэд Прэс са спасылкай на дзяржсакратара Францыі па еўрапейскіх справах Арлема Дэзіра.

Паводле слоў Дэзіра, міністры дамовіліся аб прыпыненні санкцый і гэта рашэнне будзе аформлена на працягу некалькіх тыдняў. Ён падкрэсліў, што ў выпадку неабходнасці санкцыі будуць неадкладна адноўленыя.

У сваю чаргу, прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч сказала БелаПАН, што Еўрасаюз пакуль афіцыйна не вырашыў лёс санкцый у дачыненні да Беларусі.

Што пра гэтае рашэнне думаюць былыя палітвязні?

Аляксандр Казулін, кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе:

— Пытанне заключаецца ў мэтазгоднасці тых ці іншых дзеянняў. Паглядзім, якія мэты ставіліся, і чаго дасягнем мы і Еўропа. Але, каб ужо зрабіць нейкія высновы сёння, варта паглядзець, як змянялася беларуская ўлада за 20 з нечым гадоў.

Мікалай Аўтуховіч, ваўкавыскі прадпрымальнік:

— Я яшчэ раней ведаў, што санцыі замарозяць, пра гэта мне паведаміў адзін з еўрапейскіх чыноўнікаў. Ён сказаў так: “Мы павінны працягнуць руку Беларусі першыя”. Мы нават падыскутавалі на гэтую тэму, аднак я зразумеў, што пытанне ўжо вырашана і даўно. Але самае галоўнае – у краіне ж нічога не змянілася. Еўрапейцы, напэўна, убачылі, што самі беларусы нічога не здольныя зрабіць з гэтым рэжымам, а таму вырашылі пайсці іншым шляхам – даюць уладзе шанц і магчымасць выкарыстаць яго. Але ўлада не зменіцца – тут ілюзій няма. І як з такой уладай можна дамаўляцца? Магчыма, у Еўразвяза на першы план выйшлі пытанні геапалітыкі.

Алесь БЯЛЯЦКІ, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна”:

– Я лічу, што рана знялі (прыпынілі) санкцыі, бо, апроч вызвалення палівязняў, не адбылося ніякіх структурных зменаў і зменаў, накіраваных на пашырэнне дэмакратычнай прасторы ў Беларусі. І што такое палітвязні? Усё заканадаўства ў нас рэпрэсіўнае, накіраванае на абмежаванне грамадзянскай актыўнасці. Гэта значыць, што ў любы момант могуць з’явіцца новыя палітзняволеныя. Не заўтра – дык паслязаўтра. І дабівацца трэба якраз нейкіх комплексных зменаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Вызваленне палітвязняў – гэта, безумоўна, добрая навіна, мы вельмі рады, што людзі выйшлі на волю. Але адно гэта праблему не вырашае. І яшчэ адзін момант. Многія беларускія чыноўнікі былі ўключаны ў чорны спіс санкцый менавіта за фальсіфікацыю выбараў у 2010 годзе. А гэтыя выбары нічым не лепшыя за мінулыя. Таму я не бачу ніякіх лагічных падстаў выключаць іх з гэтага спісу.

– Еўропа дала беларускай уладзе аванс на будучыню?

– Мне здаецца, гэта не аванс, а проста памылковае рашэнне, якое сыходзіць з занадта аптымістычнага погляду, што беларускі рэжым можна ўцягнуць у працэс дэмакратызацыі. І найбольш тут паўплывала геапалітыка. Але сёння беларускія ўлады наўрад ці ў стане пачаць рэфармаванне Беларусі і відавочна, што гэты перыяд пацяплення рана ці позна, але скончыцца.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Іван Шыла
  • Васіль Старавойтаў
  • Валер Сядоў
  • Настасься Азарка