Уладзімір Някляеў: Вырак суда я ведаў загадзя

Уладзімір НякляеўУладзімір Някляеў каментуе чарговыя адміністрацыйныя працэсы над палітыкамі, распавядае пра акцыю 4 кастрычніка і магчымыя правакацыі перад выбарамі.

Нагадаем, 30 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска прайшлі адміністрацыйныя працэсы над Мікалаем Статкевічам, Анатолем Лябедзькам, Уладзімірам Някляевым і Мікалаем Казловым.

На іх былі складзены пратаколы за ўдзел у пікетах памяці “16 гадоў без Ганчара і Красоўскага”, які прайшоў 16 верасня ў цэнтры Мінска і за акцыю 23 верасня на плошчы Свабоды ў Мінску.

У выніку Уладзіміра Някляева аштрафавалі завочна на 30 базавых велічынь (5 мільёнаў 400 тысяч рублёў), Міколу Статкевіча – на 50 базавых велічынь (9 мільёнаў рублёў).

Анатоль Лябедзька атрымаў за адну акцыю штраф памерам 30 базавых велічынь, за другую 10 базавых велічынь (разам – 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў).

Мікалая Казлова аштрафавалі на 30 базавых велічынь – 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў.

– Усе нашы суды не выносяць аніякіх прысудаў, а штампуюць тое, што ім даводзяць зверху, – кажа Уладзімір Някляеў. – Гэта тычыцца і суда Цэнтральнага раёна Мінска, дзе некалі быў прызнаны законным напад на мяне невядомых людзей у чорнай форме.

Мне было адмоўлена ў ўзбуджэнні крымінальнай справе па факце гэтага нападу на той падставе, што, маўляў, тыя асобы, якія нападалі, не высвятлены. Дык што мне было ісці у гэты суд, вырак якога я ведаў загадзя? Таму я туды і не пайшоў. А яны зрабілі тое, што ім загадалі. Вось і ўвесь сюжэт так званага працэса.

— 4 кастрычніка плануецца чарговая акцыя – супраць размяшчэння расійскія авіяцыйных баз у Беларусі…

– Так, акцыю будзем праводзіць, незалежна ад усяго астатняга.

– Ці існуе верагоднасць таго, што напярэдадні выбараў найбольш актыўных палітыкаў могуць адправіць на “суткі”?

– У нас больш за 20 гадоў існуе такая верагоднасць, таму ўсё можа быць.

– А як жа спроба паказаць Захаду ліберальны фасад выбараў?

– Калі ўспомніць 2010 год, то тады сітуацыя з паляпшэннем стасункаў з Еўразвязам была нават лепшая, чым зараз. Зараз Захад міласціва зірнуў на беларускі рэжым толькі праз фактар Украіны. А пяць гадоў таму гэтага фактара не было, і Еўропа ў цэлым хацела наладзіць адносіны з Беларуссю, каб пачаць працэс дэмакратызацыі і рэформаў у краіне. І, нягледзячы нават на гэта, рэжым зрабіў тое, што зрабіў. Быў разгон плошчы, збіццё людзей… У выніку адбылося тое, што адбылося. Таму, як казаў пісьменнік Піліп Пястрак, ад любога беларускага чыноўніка можна чакаць любой неспадзяванкі. А гэта ён казаў яшчэ ў савецкі час. Што ўжо казаць пра сёняшнія часы.

– Ці магчымы зараз нейкія правакацыі напярэдадні выбараў?

– Мы будзем старацца, каб гэтага не было. Я асабліва хачу падкрэсліць, што мы ні ў якім разе не зацікаўлены ў нейкіх правакацыях і абвастрэнні сітуацыі. Мы не можам гэтага дапусціць і не дапусцім.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Севярынец
  • Сяргей Скрабец
  • Аляксандар Арастовіч
  • Міхаіл Жамчужны
  • Мечыслаў Яськевіч