Ці з’явяцца пасля выбараў новыя палітвязні?

1378821053_valentin-stefanovich-vyasna-novyy-ofisНамеснік кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч распавядае пра магчымасць крымінальнага пераследу па палітычных матывах падчас і пасля выбараў.

 

Стала ўжо сумнай традыцыяй, што амаль пасля кожных выбараў у краіне з’яўляюцца новыя палітвязні. На ваш погляд, як будзе на гэты раз? Ці могуць улады пайсці на абвастрэнне сітуацыі?

— На гэтым тыдні я быў у Бруселі на пасяджэнні Камітэта па замежных стасунках Еўрапарламента, дзе меў шэраг сустрэч з нацыянальнымі дэлегацыямі краін Еўразвяза. Гутарка ішла пра вызвалення палітвязняў, будучыя выбары… Не сакрэт, што Еўропа рыхтуецца адмяняць санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Па выніках паездкі магу сказаць, што ў мяне склалася ўражанне – пытанне ўжо вырашана. Невядома толькі, у якім аб’ёме гэтыя санкцыі будуць адмяняцца – цалкам ці часткова. І пытанне ў часе – адмяняць да выбараў ці пасля іх.

Я выказаў пажаданне нашай арганізацыі, каб такія пытанні вырашаліся ўсё ж-такі пасля выбараў. Таму што мы ўжо бачылі самыя розныя варыянты развіцця падзеяў. Нельга на сто працэнтаў выключаць, што ўлада не выкарыстае нейкія экстраардынарныя формы адвольных затрыманняў ці яшчэ нешта. З іншага боку мы лічым, што адказ на такі крок беларускіх уладаў, як вызваленне палітвязняў, павінен быць. З боку Еўразвяза неаднаразова заяўлялася, што вызваленне палітзняволеных – гэта ўмова для наладжвання паўнавартаснага дыялога паміж Беларуссю і Еўропай. Гэты важны крок беларускія ўлады зрабілі, і мы таксама вітаем яго. Але ў плане сістэмных зменаў у краіне нічога не змянілася.

— Адным словам, пераслед па палітычных матывах магчымы?

— Скажам так – не выключаны. Мы ўжо бачылі, калі вызвалялі палітвязняў у 2008 годзе, а потым, у 2010-м, з’явіліся новыя. Ходзім па нейкаму замкнёнаму колу. Тут вельмі важна, каб улады ўсведамлялі гэта і дзейнічалі паслядоўна, адмаўляючыся ад практыкі крымінальнага пераследу па палітычных матывах у прынцыпе. Дадам, што не спынены крымінальныя справы, якія мы лічым палітычна матываванымі, у дачыненні да 5 чалавек. Яны патэнцыйна могуць стаць палітвязнямі. Гэта і справа былога кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, і “справа графітыстаў”, па якой праходзяць чатыры чалавекі. Па нашаму глыбокаму перакананню, у дзеяннях апошніх няма таго злачынства, у якім іх абвінавачваюць. Тым больш, людзі добраахвотна кампенсавалі шкоду, нанесеную сваімі дзеяннямі.

— Еўразвяз таксама неаднаразова заяўляў, што палітвязні павінны быць адноўлены ў сваіх палітычных і грамадзянскіх правах.

— На сёння мы бачым, што ўсе палітзняволеныя былі памілаваны без зняцця судзімасцей. Напрыклад, той жа Мікола Статкевіч мае ўжо адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе штрафа за арганізацыю несанкцыянаванага мітынга. І, калі яго яшчэ прыцягнуць да адказнасці, то тэарэтычна ў будучым можа быць усталяваны судом прэвентыўны нагляд. А гэта ўжо куды больш жорсткая мера. Далей за нейкія парушэнні прадугледжана крымінальная адказнасць. Адным словам, палітвязні выйшлі на волю, але яны не ў поўнай меры вольныя. Акрамя таго, яны абмежаваны ў палітычных правах. Той жа Статкевіч не зможа балатавацца на выбарах усіх узроўняў яшчэ доўгі час – на працягу амаль васьмі гадоў. Таму тут насамрэч ёсць пра што размаўляць, калі мы выходзім на “нулявы ўзровень”. І, паўтаруся, вельмі важна, каб для нас гэты працэс не скончыўся пасля выбараў. Каб усё ж-такі беларускія ўлады ўсведамлялі, што сітуацыю з правамі чалавека трэба паляпшаць. Тут можна і трэба гаварыць пра шмат якія змены сістэмнага характару на ўзроўні заканадаўства, таму што наша заканадаўчая практыка ўтрымлівае столькі рэпрэсіўных нормаў, што, калі іх захочуць прымяніць, мала нікому не пакажацца. Але зараз ідзе паляпшэнне стасункаў з Еўропай. Як я зразумеў, Еўразвяз вырашыў даць другі шанц беларускім уладам. Там няма ілюзій адносна вынікаў выбараў, але важна, каб не адбываліся рэпрэсіі супраць палітычных апанентаў і грамадзянскай супольнасці. Каб была пазітыўная дынаміка. Усё будзе залежыць ад уладаў. Пабачым, якую палітыку яны збіраюцца праводзіць пасля выбараў. Але паляпшэнне стасункаў з Еўропай пойдзе на карысць і беларусам, і беларускаму грамадству.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ільля Васілевіч
  • Павал Сырамолатаў