Брутальна разагнаная акцыя, якая стала каталізатарам пераменаў

Бывае так, што жорсткасць уладаў у выніку дае супрацьлеглы эфект і становіцца каталізатарам зменаў.

“Мы шукалі сапраўдную Беларусь”, – пісаў у 2013 годзе ў папраўчай калоніі ў Бабруйску Алесь Бяляцкі. У калоніі палітвязень згадваў “Дзяды” 1988 году – дзень ушанавання продкаў у Менску – першую масавую акцыю, якая абудзіла беларускае грамадства і мелая вялікі ўплыў на падзеі ў Беларусі на мяжы 1980-1990-х гадоў. Гэта была першая акцыя, калі на вуліцах Мінску публічна затрымлівалі людзей за ўдзел у масавым шэсці. Але пасля гэтага палітычных затрыманняў на вуліцах Мінску не было да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

Алесь Бяляцкі быў адным з арганізатараў шэсця 30-га кастрычніка 1988 года. Яго подпіс быў на заяўцы на правядзенне акцыі ў Мінску. Дазволу ўлады не далі. Паводле ўспамінаў Алеся Бяляцкага: “24 кастрычніка гарвыканкам адмовіў у правядзенні «Дзядоў» з фармулёўкаю «ў сувязі з адсутнасцю ў горадзе традыцый правядзення Дня памяці… а таксама ў сувязі з правядзеннем 29-30 кастрычніка ўрачыстасцяў, прысвечаных 70-годдзю ўтварэння ВЛКСМ”.

Тым не менш, гэта не спыніла людзей, звязаных з Таварыствам маладых літаратараў “Тутэйшыя”,  моладзевай арганізацыі “Талака”, першай праваабарончай арганізацыі “Мартыралог Беларусі” і аргкамітэта БНФ “Адраджэнне”.

Тысячы беларусаў сабраліся каля Усходніх (Маскоўскіх) могілак у Мінску і накіраваліся да месца масавых расстрэлаў Курапаты. Маніфестацыя была разаганая з выкарыстаннем сцецсродкаў – слезацечнага газу “Чаромха” і дубінак, а таксама насупраць Маскоўскі могілак стаялі водамёты.

Але жорсткія дзеянні савецкай міліцыі мелі супрацьлеглы эфект – гэты дзень стаў каталізатарам пераменаў у грамадсве.

30 кастрычніка 1988 году шмат беларусаў зразумелі, у якой краіне яны жывуць, як камуністычны ўрад разглядае нацыянальную гісторыю, нацыянальныя традыцыі. Алесь Бяляцкі пісаў: “Вынікі ад разгону «Дзядоў-88» аказаліся надта неспрыяльнымі для ўладаў. Разгон выклікаў адваротны эфект: замест усёпаглынальнага страху — выбух грамадскай актыўнасьці і поўнае непрыняцьце грамадскасьцю падобных паводзінаў уладаў. «Дзяды» адыгралі вялізнае значэньне для далейшага лёсу краіны, паслужылі пэўным Рубіконам, пасьля якога працэс дэмакратызацыі, дасягненьня незалежнасьці набыў незваротны характар. Сотні і тысячы людзей шукалі магчымасьць уступіць у БНФ «Адраджэньне», такім чынам выказваючы сваю грамадзянскую пазіцыю, пратэстуючы супраць гвалту ўладаў і падтрымліваючы насьпелыя перамены. Пачаўся поўнамаштабны працэс зьменаў грамадскай сьвядомасьці. «Дзяды» 1988 года былі першым штуршком, відавочным прадвесьнікам тых шматлікіх і шматлюдных грамадскіх акцыяў, мітынгаў, дэманстрацыяў, іншых падзеяў, якія скаланулі Беларусь у наступныя гады і якія ўрэшце прывялі да незалежнасьці краіны. Упершыню на гэтых «Дзядах» быў адкрыта ўзьняты бел-чырвона-белы сьцяг. Вынікі разгону «Дзядоў» сталіся перасьцярогай для ўладаў. Пасьля гэтага аж да 1995 года ў Беларусі хаця і былі спробы абмяжоўваць права на свабоду маніфестацыяў і сходаў, але не быў гвалтоўна разагнаны ні адзін мітынг, ні адна дэманстрацыя”.

Паводе кнігі Алеся Бяляцкага “Халоднае крыло Радзімы” (2014)

 

 

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Хамічэнка
  • Андрэй Гайдукоў
  • Антон Сурапін
  • Зьміцер Дрозд