Ці хвалюе беларусаў праблема наяўнасці ў краіне палітвязняў?

Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавядае, які эфект можа быць ад кампаніі інфармавання насельніцтва пра праблему наяўнасці палітзняволеных, і ці хвалюе гэтая праблема беларускае грамадства. Ініцыятыўная група, якая вылучае палітвязня Мікалая Статкевіча прэтэндэнтам на прэзідэнцкую пасаду, збіраецца правесці інфармацыйную кампанію па праблеме наяўнасці ў краіне палітвязняў. Наколькі актуальная для беларусаў сёння гэтая праблема

Станіслаў Шушкевіч: Беларускае грамадства і на самой справе не інфармавана, што ў краіне ёсць палітвязні. Яно пра гэта не ведае. Пра палітзняволеных ведаюць актывісты апазіцыі, іх блізкія, родныя і знаёмыя. Таму казаць, што грамадства па гэтай праблеме мае нейкае ўласнае меркаванне, на мой погляд, цяжка. І галоўная задача той групы, якую хочуць сфарміраваць, – паказаць, што ў Беларусі знаходзяцца за кратамі палітвязні і што сцвярджэнні прапаганды, што ў краіне “палітычных няма, а ёсць крымінальшчыкі”, – гэта ўсяго толькі прапаганда. Іншая справа, што, згодна з існуючым заканадаўствам, Статкевіча нельга зрабіць кандыдатам у прэзідэнты. Але ж паказаць праблему наяўнасці палітзняволеных у краіне, паказаць, што Мікола паводзіць сябе, як нацыянальны герой, трэба абавязкова. Асабіста я ў захапленні ад таго, як ён трымаецца. І з вялікім энтузіазмам далучуся да інфармацыйнай кампаніі, калі мяне папросяць. Мы павінны так дзейнічаць, бо чалавека трымаюць у турме ні за што. Мікалай Статкевіч паказвае сваімі паводзінамі, што ён не стаў на калені перад рэжымам, не пакарыўся яму.

 На ваш погляд, тыя, хто ведае пра праблему палітвязняў, як ставяцца да яе?

Станіслаў Шушкевіч: На вялікі жаль, у нас больш думаюць пра ўласныя праблемы і ўласны статус у апазіцыі, чым пра тых, хто гэтага больш заслугоўвае. У мяне заўсёды былі няпростыя адносіны са Статкевічам, але, чым далей, тым яны былі лепшымі. І сёння, як казаў, я ад гэтага чалавека ў захапленні. Тым не менш, многія да лёсу палітзняволеных ставяцца з абыякавасцю. Пакуль не напомніш ім, то і не ўспамінаюць. А, калі успомняць, то стараюцца паказаць, што таксама быццам бы турбуюцца. Хоць Мікалай Статкевіч можа быць нашым вызваленчым сцягам, як палітзняволены, які пакутуе за Беларусь.

паводле http://www.racyja.com/

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Шалайка
  • Павал Вінаградаў
  • Міхась Субач
  • Алесь Міхалевіч
  • Алесь Кіркевіч