Стэфановіч: Эўрапейскі зьвяз можа дамагчыся вызваленьня Статкевіча

Цягам апошняга тыдня адміністрацыя шклоўскай калёніі вынесла Мікалаю Статкевічу шэраг спагнаньняў і склала на яго 8 актаў, таксама палітвязьня пазбавілі кароткатэрміновага спатканьня з жонкай, якое мелася адбыцца ў красавіку, і харчовай перадачы. У дадатак Статкевіч быў зьмешчаны на трое сутак у штрафны ізалятар, а 3 красавіка — на два месяцы пераведзены ў памяшканьне камэрнага тыпу.

Palitviazni.info узялі камэнтар у намесьніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча з нагоды ціска на Міколу Статкевіча.

Валянцін Стэфановіч: Учора стала вядома, што ў дачыненьні да Мікалая Статкевіча была выкарыстаная чарговая мера дысцыплінарнага ўзьдзеяньня. Ён быў накіраваны на 2 месяцы ў памяшканьне камэрнага тыпу. Гэтае рэзкае павелічэньне ціску на палітвязьня дзіўным чынам супала са словамі Аляксандра Лукашэнкі замежнаму журналісту мэдыяхолдынгу Bloomberg. Лукашэнка сказаў, што Мікалай Статкевіч сам ня хоча выходзіць з турмы, што ўсе, хто хацеў выйсьці з турмы – даўно выйшлі.

На мой погляд, перад адміністрацыі папраўчай установы зноў пастаўлена задача зрабіць так, каб Мікалай Статкевіч “сам захацеў выйсьці з калёніі”, то бок дамагчыся напісаньня ім прашэньня аб памілаваньні на імя Лукашэнкі”, — адзначыў Стэфановіч.

Праваабаронцы расцэньваюць гэтыя недапушчальныя рэчы, як ціск, зьвязаны менавіта з палітычным характарам асуджэньня Мікалая Статкевіча, і нагадваюць, што ня толькі беларускія праваабаронцы, але і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі настойваюць на безадкладным і безумоўным вызваленьні Мікалая Статкевіча з турмы.

Palitviazni.info: Што варта рабіць у гэтай сытуацыі прадстаўнікам беларускіх праваабарончых арганізацыяў і беларускай грамадзянскай супольнасьці?

На думку Валянціна Стэфановіча, трэба прыкладаць больш намаганьняў па аказаньню ціска на беларускія ўлады з мэтай вызваленьня ўсіх палітвязьняў і непасрэдна Мікалая Статкевіча.

Зараз у нейкім сэнсе зручны час, каб зьвярнуць увагу на тое, што адбываецца ў Беларусі міжнародным арганізацыям. У траўні Беларусь будзе праходзіць другі тур міжнароднай працэдуры як Унівэрсальны пэрыядычны агляд у Савеце па правах чалавека ААН. Лічу вельмі важным, каб дэлегацыі Савету па правах чалавека ААН у часе праходжаньня гэтай працэдуры патрабавалі ад беларускіх уладаў неадкладнага вызваленьня палітвязьняў і Мікалая Статкевіча”, — кажа Стэфановіч.

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабрончых арганізацыяў у сваю чаргу будзем прыкладаць максымальныя намаганьні, каб гэтае пытаньне было ўзьнятае на найвышэйшым узроўні, як у ААН, так і ў структурах Эўрапейскага зьвязу. Ад ЭЗ на сёньняшні дзень шмат што залежыць. Мне падаецца, што пры склаўшыхся ўмовах, пры вельмі прынцыповай пазыцыі па пытаньні вызваленьня палітвязьняў, як перадумовай для паляпшэньня статункаў паміж Эўрапейскім зьвязам і Беларусьсю можа дамагчыся вызваленьня Мікалая Статкевіча”, — адзначыў намесьнік старшыні “Вясны”.

Відэа-камэнтар намесьніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” глядзіце па спасылцы.

Palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аксана Новікава
  • Ігар Корсак