Мікалая Дзядка пазбавілі спатканьня з жонкай, якога ён чакаў год

Мікалай Дзядок

 Як паведаміў Сайт “Радыё Свабода” Палітвязьню Мікалаю Дзядку выставілі абвінавачаньне ў злосным непадпарадкаваньні, што пагражае яму яшчэ годам зьняволеньня. Суд можа адбыцца ў студзені, мяркуе яго жонка Валерыя Хоціна. Напярэдадні выстаўленьня абвінавачаньня Мікалаю Дзядку правялі псыхалягічную экспэртызу, што адбываецца з усімі вязьнямі перад судом у турме. Вынікі экспэртызы пакуль невядомыя. «І яшчэ адна непрыемная навіна — яго пазбавілі спатканьня, якога мы чакалі амаль год», — паведаміла Валерыя.

«Пазбавілі спатканьня, якое было заплянаванае на 5 студзеня. За тое, што 10 дзён таму нібыта стварыў канфліктую сытуацыю ў камэры. І пасьля гэтага ён сказаў, што канчаткова вырашыў сысьці ў адзіночную камэру. Адвакат разьлічвае, што справа будзе скончаная або ў канцы сьнежня, або ў пачатку студзеня — на гэта ён уплываць ня можа».

Паводле Валерыі, муж кажа, што не вінаваты ў канфлікце, які адбыўся ў камэры. «Маральна ён трымаецца добра», — кажа Валерыя. Яна мяркуе, што яе мужа вырашылі не выпускаць з турмы да прэзыдэнцкіх выбараў, таму і завялі дадатковую справу.

Актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка асудзілі на 4,5 году зьняволеньня за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў, чаго ён у судзе не прызнаў. Мікалай адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні. Трымаюць палітвязьня ў крытай магілёўскай турме, дзе знаходзіцца і былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч, асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Кіркевіч
  • Андрэй Кім
  • Барыс Гарэцкі
  • Зьміцер Мядзьведзь
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў