Павал Вінаградаў: “Людзі, ня бойцеся!”

Пасьля падзеяў 2010 году праявы салідарнасьці з актывістамі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі хутчэй выключэньне, чым правіла. Кампаніі апошніх месяцаў – падчас арышту Паўла Вінаградава і супраць высылкі з краіны праваабаронцы Алены Танкачовай – прыемная нечаканасьць, мяркуе сам Вінаградаў.

Пра значэнне салідарнасці, а таксама пра пагрозы праваахоўнікаў і магчымасці баўлення часу на Акрэсціна актывіст моладзевай арганізацыі “Zмена”, былы палітвязень, распавёў у інтэрв’ю сайту ПЦ “Вясна”.

– Павел, паводле статыстыкі “Вясны” Вы пакуль з‘яўляецеся абсалютным рэкардсменам па сумарным тэрмінеадвольных прэвентыўных арыштаў у бягучым годзе – 65 сутак. Што скажаце на гэты конт?

– Натуральна, гэта рэкорд такі брыдкаваты. І гэтыя арышты мне ствараюць даволі сур’ёзныя праблемы. Але – куды падзецца? Я ведаю, у якой краіне жыву, ведаю, што ў нас бывае за тую дзейнасць, якой я займаюся. Наша міліцыя намагаецца мне ўсімі магчымымі спосабамі нагадзіць, вось і гадзіць.

– Вам канкрэтна вядома, чаго ад вас такім чынам дамагаюцца?

– Натуральна. Пра гэта мне гаварылася некалькі разоў і гаварылася па-рознаму. Спачатку былі пагрозы, якія мне перадаваў Камітэт дзяржаўнай бяспекі праз трэціх асобаў. Мне казалі: альбо ты перастаеш займацца вулічнымі акцыямі як мінімум, а то і палітычнай дзейнасцю наогул, альбо мы табе падкінем наркотыкі ціпасадзім цябе надоўга. А цяпер вось ад міліцыі пагрозы: давай, маўляў, з’едзь з Мінска ў Беразіно, перабірайся да бацькі, каб ты тут наогул не свяціўся. Натуральна, калі я пераеду ў Беразіно, адтуль будзе практычна немагчыма займацца якой-небудзь дзейнасцю, бо ўсё ў асноўным сканцэнтравана ў Мінску. Але пакуль я нікуды не еду, хоць у прынцыпе такі варыянт не выключаю.

– Бягучая сітуацыя не прадвяшчае нейкай адлігі, лібералізацыі. Ёсць сілы супрацьстаяць далей?

– Наконт адлігі, лібералізацыі я лічу, што ўсё можа змяніцца літаральна ў адзін момант. Раптам Еўропа прапануе Лукашэнку неверагодныя бонусы і ён вырашыць павярнуцца тварам да Еўрасаюза… Альбо Расія пачне ціснуць на Лукашэнку, каб ён здаў незалежнасць Беларусі, і ён павернецца да Еўропы. Тады, натуральна, будзе адліга. Не тое каб я вельмі чакаю гэтага, але пакуль трымаюся і здавацца не збіраюся. Пакуль усё ідзе сваімпарадкам.

– У Вас ужо пайшоў наступны год, дададзены, прэвентыўнага нагляду. У сувязі з гэтым ці з’явіліся ў праваахоўнікаў нейкія новыя патрабаванні, магчыма, узмацненне жорсткасці ў дачыненні да Вас?

– Ніякіх асаблівых зменаў, акрамя таго, што памянялі дзень, калі я павінен прыходзіць адзначацца – зараз гэта пятніца, і абмежавалі пэўным часовым прамежкам – цяпер мне адводзіцца ўсяго толькі гадзіна, з 09.00 да 10.00, і маё спазненне ўжо будзе расцэньвацца як парушэнне. Адно парушэнне ў мяне ўжо ёсць. Яшчэ два – і зона.

А яшчэ інспектар даваў мне падпісаць паперу аб тым, што я абавязуюся стаць на ўлік у цэнтр занятасці. Я сказаў, што не хачу туды ісці, на што ён адказаў, што абавязаны мне гэта прапанаваць. Падпісваючы гэтую паперу, я адзначыў, што ісці ў цэнтр занятасці не збіраюся. І ў мяне хацелі ўзяць тлумачэнні, з якой прычыны я не збіраюся гэтага рабіць, але ад тлумачэнняў я адмовіўся. Я прыблізна ўяўляю, для чаго ўсё гэта робіцца: з мяне хочуць узяць нейкія тлумачэнні з гэтай нагоды, каб потым, верагодна, выкарыстоўваць іх у судзе “за дармаедства”. У любым выпадку, я паспрабую ўладкавацца на працу. І наогул імкнуся даваць як мага менш падставаў для прыдзірак: не кідаю бычкі міма сметніцы, пераходжу дарогу на зялёнае святло і па пераходзе, то бок нават у дробязях выконваю заканадаўства РБ.

– Тым не менш, Вашыя арышты за “дробнае хуліганства”, даволі працяглыя, не спыняюцца. Як бавіце акрэсцінскія будні?

– Паколькі я сапраўды даволі часта і падоўгу сяджу ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, мне давялося знайсці ў гэтым некаторыя плюсы. Каб не губляць часу дарэмна, там можна заняцца чым-небудзь карысным. Па-першае, ЦІП – гэта прыдатнае месца, дзе можна адаспацца. Людзям, у якіх хранічнае недасыпанне, якія вельмі стамляюцца, шчыра раю – там можна спаць хоць круглыя суткі. Па-другое, гэта прыдатнае месца, каб прачытаць кнігі, на якія ніколі не ставала часу. Людзям з такой праблемай таксама раю – там для гэтага ёсць і час і ўмовы. Ад няма чаго рабіць там можна займацца спортам. Праўда, не заўсёды дазваляюць умовы, у камеры бывае моцна накурана, але часам атрымоўваецца. Адзінае, што магчымасць прыняць душ там прадастаўляецца не часта, але я навучыўся ўжо абыходзіцца пяццю літровымі бутэлькамі вады. Таксама можна гуляць па камеры, разважаючы пра тое, чым зоймешся на волі. Я, напрыклад, хаджу і прыдумляю новыя акцыі, з’яўляюцца нейкія ідэі. Чалавек, які піша,цалкам можа там пісаць артыкулы. Я ў ЦІПе напісаў лекцыю пра тое, што трэба рабіць пры адміністратыўным затрыманні, распісаўшы розныя этапы – момант затрымання, знаходжанне ў РУУС, суд, ЦІП. Я паспрабаваў сфармуляваць рэкамендацыі – што дзе рабіць, якія могуць быць непрыемнасці, як дзе сябе паводзіць. І самае галоўнае – як можна пазбегнуць затрымання. Па мне, вядома, не скажаш, але насамрэчне такім “распіяраным” актывістам пры выкарыстанніпэўных хітрыкаў можна сысці. Пакуль я гэтую лекцыю нікому не чытаў, але збіраюся ў хуткім часе яе апрабаваць.

– Падчас Вашага апошняга арышту праводзілася кампанія салідарнасці. У сценах ЦІПу гэта нейкім чынам адчувалася?

– Для мяне там гэта было не вельмі адчувальна. Але, натуральна, мне было прыемна, калі пачалі прыходзіць паштоўкі ад розных людзей з розных гарадоў. Мне іх аддалі ў перадапошні дзень і аддалі не ўсе, як я ўжо потым даведаўся. Тым не менш, было вельмі прыемна. Таксама прыйшло некалькі газет – памятаю, “Народная Воля” і “Свободные новости” – у якіх былі артыкулы пра мяне і пра тое, што ўзнялася хваля салідарнасці. Іх і сукамернікі пачыталі. Але наогул час пакажа, які эфект ад гэтага будзе і ці будзе.

Хачу сказаць, што ў прынцыпе салідарнасць зараз – хутчэй выключэнне, чым правіла. Кампанія ў маю падтрымку і тое, што зараз адбываецца з Аленай Танкачовай, – прыемнае выключэнне. Не ведаю, з чым гэта звязана – з запалоханасцю людзей або з індыферэнтным стаўленнем да палітыкі ў прынцыпе, але праяваў салідарнасці ўсё менш і менш. Наколькі я памятаю, да 2010 года з гэтым было лепш, потым усё пайшло на спад.

– Як беларускаму грамадству, грамадзянскай супольнасці ў прыватнасці, пазбавіцца ад той млявасці, пра якую вы зараз кажаце?

– Калі б я быў Янам Паўлам ІІ, які ў Польшчы сказаў: “Не бойцеся!”… Шчыра кажучы, я не ведаю, кім павінен быць чалавек, якога паслухаюць беларусы… Калі б я быў такім чалавекам, я б паўтарыў гэтыя словы: “Людзі, не бойцеся!”

– Гэта Ваш галоўны прынцып?

– Адзін з галоўных – гэта дакладна.

Фота Караліны Паляковай для 34mag.net

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Казакоў
  • Рыгор Кійко
  • Уладзімер Кобец
  • Алег Волчак
  • Валеры Леванеўскі