Мікалай Аўтуховіч распавёў пра галоўнае

Падчас знаходжання ў мінскім шпіталі былы палітвязень у інтэрв’ю сайту Праваабарончага цэнтра “Вясна” распавёў пра сваё стаўленне да жыцця і здароўя, якія не раз апыналіся пад пагрозай у часы зняволення.

Мікалай, памятаеце, “самагубства”, “суіцыдтак многія СМІ пісалі, распавядаючы пра тое, што Вы парэзалі сабе вены ў івацэвіцкай калоніі, затым ускрылі жывот у гарадзенскай турме. “Актамі членашкодніцтва” гэта называла следства. Што для Вас азначалі гэтыя ўчынкі ва ўмовах турмы?

— Так, наколькі я чуў, некаторыя людзі казалі, нібыта я хацеў звесці рахункі з жыццём. Праўда, я пакуль не знайшоў, каб хто так казаў у Інтэрнэце… Дык вось – гэтага не было. Я заўсёды кантраляваў сітуацыю. Гэта не быў адчай. Гэта была акцыя пратэсту. Бо я добра разумеў, што ў калоніі ці ў турме нейкія там галадоўкі,скаргі нічога не вырашаюць. Пачынаецца ж з чаго – скардзішся вусна, пасля пішаш гэтую скаргу, і, калі не рэагуюць, пачынаеш галадоўку. Наконт галадоўкі ў калоніі – яшчэ магчыма, каб інфармацыя выйшла вонкі. Бо я так зрабіў, што як толькі штосьці здаралася ў калоніі, усе тэлефанавалі на Радыё Свабода, распавядалі, у чым справа, – адразу станавілася вядома, што там робіцца… А ў турме так зрабіць было цяжка, бо гэта поўная ізаляцыя. Ты не маеш ніякіх стасункаў з кімсьці, хто выходзіць на волю. Вакол адныя кантралёры, віртухаі адміністрацыі – ты ж не будзеш з імі вырашаць пытанні, каб яны там штосьці камусьці распавялі на волі. Таму застаецца толькі такая акцыя пратэсту як пашкоджанне венаў. Цябе вывозяць у бальніцу ці выклікаюць“хуткую дапамогу”, у цябе з’яўляецца магчымасць патэлефанаваць адвакату ці сказаць, каб адвакату перадалі інфармацыю. Там ты можаш не пагаджацца, каб цябе зашывалі, пакуль не дадуць паразмаўляць з адвакатам. Адміністрацыя гэтага вельмі баялася. Гэта для іх было ўжо апошняе, на што былі гатовыя пайсці асуджанныя. У калоніі быў выпадак, калі чалавек абліў сябе нечым і падпаліўся, абгарэў на восемдзесят працэнтаў. Але ён не хацеў скончыць жыццё самагубствам, не думаю. Гэта была акцыя пратэсту – бо па-іншаму яны не чуюць і не разумеюць. А калі я казаў ім, што яшчэ якая выхадка – і я сабе ўскрыю шыю, то яны зразумелі, што я іх не палохаю, а так яно і будзе, і ўжо апошнія месяцы я сядзеў больш-менш спакойна, без правакацый.

Вашыя сябры, паплечнікі не раз выказвалі ў СМІ сур’ёзную занепакоенасць з нагоды ўзнікнення пагрозаў вашаму жыццюі падчас галадовак, і падчас вашых актаў пратэсту. На гэты конт шмат хто казаў “такімі метадамі праўды не даможашся…”. Напэўна, вы і самі гэта разумелі. Чаму тады ішлі на такія крокі?

— Знаходзячыся ў такім эмацыйным стане, калі бачыш, што супраць цябе чыняць усялякае беззаконне, ты шукаеш, чым абараніцца. Калі я кажу, што я абвесціў галадоўку і буду галадаць да канца, то, калі я мужык, я і павінен так рабіць. Калі я гэта казаў, то, можа, да канца і не думаў, што давядзецца так доўга… Што яны там толькі не рабілі… Калі было вельмі кепска, я пагаджаўся на кропельніцы, але есці не еў, бо мне патрэбен быў якісь вынік. І яшчэ, давялося бшукаць пасля нейкія словы ў апраўданне таму, што я спыніў галадоўку — я так ніколі не зрабіў бы. Трэба было ісці да канца. А калі мяне “перакліньвае” – я не адступаюся, бо не трываю несправядлівасці.

Яшчэ паўстае пытанне пра страх як натуральнае, уласцівае кожнаму чалавеку пачуццё, як інстынкт да выжывання…
— Вось так гэта і назваецца — інстынкт самазахавання… Ты думаеш, глядзіш, слухаеш. Калі сядзіш у турме, прыслухоўваешся да кожнага гуку. Бо ведаеш, калі раней гэтага гуку не было і ён з’явіўся – нешта не так. Пачынаеш прыслухоўвацца: што яны там плануюць, што выдумляюць? (смяецца) Бо вельмі шмат было правакацый, і ты ўвесь час на пагатове. Увесь час думаеш, як ім перашкодзіць, перакрэсліць іх планы. Вось гэта – інстынкт самазахавання. А страх… Напэўна, прысутнічаў і страх. Але на маім твары яго не было бачна. Было шмат усялякіх выпадкаў, у якіх разумны чалавек не змог не забаяцца. Страх, ён такі, што ёсць і ёсць, ты ж не будзеш адразу падаць на калені, калі пачынаеш баяцца… Калі ты лічаш, што мацнейшы за іх, то не страшна. Я так пра гэта скажу. Калі ведаеш, што не зламаешся, што ім ад гэтага будзе горш, што яны будуць кусаць сабе локці – адчуваеш сябе пераможцам. Хоць ты і ў турме, зачынены ў камеры, але – пераможца. Напэўна, гэта трэба перажыць, каб зразумець…

З пункту гледжання самазахавання, для вязняў, супраць якіх арганізоўваюцца наўмысныя правакацыі, дзе больш бяспечна – у калоніі ці ў турме?

— Усё будзе залежаць ад таго, якія мэты ставяцца перад адміністрацыяй калоніі, турмы. У калоніі большая небяспека ў тым, што там вельмі шмат людзей. Калі патрэбна кагосьці зачапіць, справакаваць – там гэта вельмі лёгка робіцца. Там могуць проста ў бок торкнуць ці так піхнуць, каб галавой аб нары даўся. І ўсё нібыта выпадкова атрымліваецца… Калі шмат людзей, гэта лягчэй зрабіць.

Канешне, у турме ты знаходзішся ў ізаляцыі, але і там робяць правакацыі. І ў турме ты можаш памерці, напрыклад, ад “сардэчнага прыступу”. Калі мяне трымалі ў малых камерах, куды больш за два чалавекі не садзяць, там хіба што атруціць могуць. Праўда, былі выпадкі, калі да мяне падсаджвалі “гарачых” людзей, якіх вельмі проста завесці на бойку. Слова за слова – і пачалося. А калі бойка ў малой камеры, дзе паўсюль вуглы і жалязякі, то таксама можна зрабіць так, каб чалавек “выпадкова” даўся галавой. Вось і ўсё.
Паўтаруся, усё залежыць ад таго, якія мэты ставяць перад адміністрацыяй. Бо што б там ні казалі, кіруе ў такіх выпадках не адміністрацыя. Якія ўказанні ім будуць даваць з-за плоту — так яны будуць рабіць. Не ўсе супрацоўнікі турмы і калоніізгодны выконваць злачынныя загады, але заўсёды знойдуцца людзі, якія будуць гэта рабіць. Ведаю, што шмат людзей адмаўляліся мяне правакаваць, але і ахвочыя знаходзіліся.

Выудзельнік баявых дзеянняў, прайшлі праз калоніі і турмы – пабачылі вельмі змрочныя грані жыцця… У чым для вас заключаюцца асноўныя жыццёвыя каштоўнасці?

— Цікавае пытанне. Тут можна разважаць у некалькіх накірунках, нават не ведаю… Па-першае, як воін, як чалавек, які заўсёды змагаўся за справядлівасць, я лічу, што ўсё павінна рабіцца паводле сумлення. Калі не так — для мяне гэта ўжо не нармальна… Я разумею, што нейкія маленькія поскудзі заўсёды будуць, бо навокал вельмі шмат людзей, якія проста не разумеюць гэтага. Але калі так робяць людзі ад улады — я ўжо змірыцца не магу. Трэба перамагаць гэтае зло, якога, на жаль, яшчэ шмат у нашым грамадстве…

А калі казаць пра кошт самога чалавечага жыцця?

— Бываюць такія моманты, калі чалавек ужо не думае. Для мяне годнасць – тое, за што я магу аддаць жыццё. Калі я штосьці кажу, то ніколі не бяру свае словы назад. Бо перад тым як сказаць, стараюся ўсё добра ўзважыць. Па-мойму, годнасць – гэта галоўнае, што павінна быць у чалавеку. І мяркую, што ў кожнага чалавека ёсць пэўная мяжа, ёсць нешта, за што б ён аддаў жыццё. У кожнага гэтае нешта сваё. Для мяне гэта годнасць.

Працяг інтэрв’ю чытайце на сайце ПЦ “Вясна”

Іншыя палітычныя вязьні

  • Іван Шыла
  • Уладзімер Кобец
  • Аляксандар Францкевіч
  • Кацярына Садоўская
  • Юрый Бандажэўскі